Культурны духоўна-асветніцкі цэнтр «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску анансаваў фестываль «Шукшынскія дні», які будзе прысвечаны 100-годдзю беларускага кінематографа і 95-годдзю з дня нараджэння савецкага рэжысёра, актора і пісьменніка Васіля Шукшына. У арганізатарах падзеі, якая адбудзецца 26-29 кастрычніка, значыцца Саюз кінематаграфістаў Беларусі, Міністэрства культуры, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі і агенцтва «Рассупрацоўніцтва». Пры тым, што ў савецкія часы на кінастудыі «Беларусьфільм» быў створаны фільм-альманах па творах Шукшына «В профиль и анфас», чамусьці сёлета ў Саюза кінематаграфістаў Беларусі не з’явілася ідэя правесці кінафестываль у гонар Васіля Быкава, стогадовы юбілей якога адзначала грамадства.
У рамках «Шукшынскіх дзён» плануецца адкрыццё выставы фотапрац вядомага кінааператара і сябра Васіля Шукшына Анатоля Забалоцкага. Забалоцкі быў аператарам на слынных карцінах «Печки-лавочки» (1972) і «Калина Красная» (1974) савецкага расійскага кінарэжысёра, а гэтаксама 9 гадоў працаваў на «Беларусьфільме». У прыватнасці, расійскі аператар спрычыніўся да стварэння такіх важных для беларускага кіно стужак як «Альпійская балада» (па творы Васіля Быкава), «Цераз могілкі» — гэта выбітны майстар, які між тым стаіць сёння на жорсткіх прарасійскіх пазіцыях.
У праграме фэсту заяўлены паказ лепшых фільмаў Васілія Шукшына, а таксама творчая сустрэча з беларускім рэжысёрам і народным артыстам Беларусі Аляксандрам Яфрэмавым, рэжысёрам, сцэнарыстам Сяргеем Кацьерам, выступленне расійскага гурта «Белое Злато».
Адзначаецца, што асноўныя мэты фестывалю — «трансляцыя традыцыйных каштоўнасцей, захаванне і папулярызацыя Вялікага рускага слова, агульнанацыянальнай савецкай культурнай, творчай спадчыны пісьменніка, акцёра і кінарэжысёра В. М. Шукшына з дапамогай фотавыставы, прагляду фільмаў і сцэнічнага мастацтва».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram