Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх народных традыцый працягвае збор сродкаў на набыццё каштоўнага абраза. Наверша Царскай брамы з іканастаса Стараабрадніцкай Царквы з’яўляецца ўнікальным помнікам веткаўскага іканапісу канца XVIII стагоддзя. На дадзены момант на набыццё артэфакту сабрана 3800 рублёў. Але, каб выкупіць абраз, неабходна сабраць 8500 рублёў.
Гісторыя знойдзенага артэфакту такая.
Год таму Веткаўскі музей з дапамогай ахвярадаўцаў змог набыць шыкоўны экспанат, прыклад веткаўскай іканапіснай школы. Гэта ікона з выявай Божай Маці, якая з’яўлялася часткай Царскай брамы XIX стагоддзя, а дакладней створкай з наверша брамы.
«Царская брама — важны элемент іканастаса ў царкве — вельмі рэдкі і амаль невядомы помнік стараабрадніцкага мастацтва Веткі. Бо, на жаль, стараабрадніцкія храмы ў розныя перыяды разараліся ды знішчаліся, — адзначае каманда ўстановы.
Вядома, што на другой створцы, побач з выявай Божай Маці, была выява Архангела Гаўрыіла. Мы разумелі, што шанец знайсці другую створку з той брамы, ці іншы фрагмент — амаль нулявы. Таму, каб у экспазіцыі адрадзіць вобраз Царскай брамы крыху больш поўна — побач з абразом Божай Маці адлюстравалі прыблізны прорыс фрагмента створкі з Архангелам Гаўрыілам», — дадаюць знаўцы.
Але здарыўся цуд — выпадкова праз год працоўнікам музея ўдалося знайсці больш ранняе і поўнае наверша з Царскай брамы.
«Дзве створкі брамы — дзве іконы з выявамі Божай Маці і Архангела Гаўрыіла! Гэта веткаўскі іканапіс канца XVIII стагоддзя!», — абрадавалася знаходцы каманда.
Каб набыць артэфакт у прыватнага калекцыянера, установе неабходныя 8500 рублёў. Але на дадзены момант сабрана, паўторымся, толькі 40% ад сумы — 3800 рублёў.
Каманда музея зноў звяртаецца па дапамогу.
«Элементы Царскай брамы — рэдкі і ўнікальны помнік Веткаўскай школы іканапісу, які вельмі не хацелася б упусціць. Хочацца, каб нашы культурныя і гістарычныя помнікі мы і нашы дзеці маглі бачыць, і бачыць дома, а не ў музеях іншых краін», — звяртаюцца яны да ўсіх неабыякавых справе.
Рэквізіты спонсарскага рахунку можна знайсці тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: