У вёсцы Зябкі Глыбоцкага раёна вядомы клоун Мікалай Чаўнакоў рамантуе стары млын. Зараз яму патрэбна дапамога па перабудове і рэстаўрацыі стогадовага будынка. Сам будынак цагляны, але драўляная страха амаль згніла, яе трэба замяніць да наступлення зімы. Акрамя таго важна захаваць старыя архітэктурныя элементы млына.
Млын — самае вялікае збудаванне Зябак. Ён быў узведзены ў самым пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя па нямецкім праекце, пад кіраўніцтвам двух інжынераў з Германіі. Будынак млына — чатырохпавярховы дом са сховішчам і кузняй.
Рамонт стогадовага млына вядомы цыркач робіць сваімі рукамі. Для рамонту яму неабходная дапамога валанцёраў. Пра тое, як ён разабраў дах і спрабуе яго аднавіць да зімы, распавядае ў сваім рэпартажы гаспадар мясцовай аграсядзібы «Запаведны востраў».

Мікалай Чаўнакоў — заслужаны артыст Расіі, лаўрэат міжнародных фестываляў, дацэнт кафедры рэжысуры цырка ГІТІСа, у мінулым паветраны гімнаст знакамітага цырка «Дзю Салей».
Ён выкупіў будынак школы і млына ў вёсцы Зябкі Глыбоцкага раёна ў 2021 годзе. Тут ён плануе зрабіць арт-цэнтр з клаунарыумам «Аранжавы млын».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram