Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі адкрыў «сезон сэнсаў» спектаклем «Памінальная малітва»

20 жніўня прэм’ерным спектаклем мінулага тэатральнага сезона «Памінальнай малітвай» Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пачаў XXXIV тэатральны сезон. Прэм’ера твора рускага пісьменніка-сатырыка, драматурга, сцэнарыста Рыгора Горына адбылася ў тэатры 4 і 5 чэрвеня. Рэжысёр-пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў.

Сёння – 21 жніўня – будуць граць «Заручыны», спектакль, што перадае атмасферу Менска канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Першай прэм’ерай новага сезона стане пастаноўка Святланы Навуменка «Ладдзя Роспачы» па аднайменнай навеле класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёрка разам з акцёрамі тэатра раскажуць моцную гісторую пра лёс чалавека, унутраную барацьбу і сілу духу. Прэм’ера запланавана на снежань 2025 года.

Новы сезон атрымаў адмысловую назву – «сезон сэнсаў». «Тэатр прапануе гледачам не проста бачыць і чуць гісторыі, якія будуць расказаны са сцэны, а шукаць свае сэнсы, асэнсоўваць перажыванні і знаходзіць адказы на важныя пытанні», — пішуць на сайце тэатра.

30 жніўня на сцэну вернецца спектакль «Вар’ятка» – пранізлівая гісторыя, якая дапамагае задумацца аб межах асабістай рэальнасці, чалавечай апантанасці і далікатнасці ўнутранага свету.

А таксама гледачоў РТБД чакаюць спецыяльныя праекты, цікавыя формы ўзаемадзеяння, тэатралізаваныя чытанні п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі.

Аснову рэпертуару РТБД – больш за 70% пастановак – складаюць творы беларускіх аўтараў. Усе спектаклі тэатра ідуць на беларускай мове.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!