Выстава беларускага мастака Рамана Камінскага пад назвай «Past Garden» працуе ў варшаўскай HOSgallery.
20 мая адбылася сустрэча з аўтарам твораў і куратаркай праекта Вольгай Мжэльскай.
![Рэха старых камянёў. У варшаўскай галерэі адбылася сустрэча з Раманам Камінскім](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/05/img_1944-all.jpg)
Няпростыя падзеі апошняга часу вызначылі змест карцін Рамана Камінскага. Гэта пастаянныя пераезды — з Кіева ў Грузію, з Грузіі ў французскую рэзідэнцыю, страта маці, на пахаванне якой ён не змог прыехаць у Беларусь.
Творы, прадстаўленыя ў галерэі, маюць шмат агульнага — і гэта не стыль, а час і патэрн.
![Рэха старых камянёў. У варшаўскай галерэі адбылася сустрэча з Раманам Камінскім](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/05/img_1995-all.jpg)
Падчас французскай рэзідэнцыі Раман працаваў у сярэднявечным касцёле ў Фантэўро, прымацаваўшы творы да сцен. Пісаў ён іх адначасова, вёў няспынны дыялог з усімі сваімі вобразамі і нечакана заўважыў, як пэндзаль праяўляе фактуру старой каменнай муроўкі. Варта адзначыць, што на стылі Рамана гэта ніяк не адбілася, аднак творам дадало містычнай ауры і складанай глыбіні.
![Рэха старых камянёў. У варшаўскай галерэі адбылася сустрэча з Раманам Камінскім](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/05/img_1979-all-1.jpg)
Поўны трагізму краявід пахавання, дзе адбітак сцяны дэматэрыялізуе зямлю на палатне, а мастак узмацняе матэрыяльнасць, насыпаўшы жменю рэальнай зямлі перад карцінай.
Неба і трава на іншых палотнах, нягледзячы на прапісаныя дэталі і на яўную пазнавальнасць, таксама губляюць сваю матэрыяльнасць і набываюць метафарычныя ўласцівасці. Нездарма карціны суправаджаюць аб’екты. Размешчаныя перад і збоку ад палотнаў, яны становяцца тым, што канцэнтруе ўвасобленую гісторыю і выводзіць яе ў матэрыяльны план. Тым больш прырода і героі ў творах мастака перацякаюць адно ў адно і пачынаюць нагадваць сны, злавіць якія аўтар імкнецца, зладзіўшы канструкцыі з галінак і паклаўшы ўнутр камяні з французскага касцёла, з таго месца, дзе ён нарэшце змог адчуць спакой.
![Рэха старых камянёў. У варшаўскай галерэі адбылася сустрэча з Раманам Камінскім](https://reform.news/wp-content/uploads/2023/05/img_1954-all.jpg)
На сустрэчы Раман Камінскі растлумачыў паходжанне назвы выставы: гэта і сад побач з касцёлам, і яго аўтарскі музычны праект. І яшчэ — гэта глыбокі і прыгожы сімвал мары, што выразна прачытваецца гледачамі і яднае праект — як штосьці самотнае і недасяжнае.
Выстава «Past Garden» Рамана Камінскага будзе працаваць да 10 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: