«Простыя сюжэты. Частка 3» — у галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць рэдкая выстава класіка беларускай фатаграфіі Віктара Бутры.
«Рэпартажнасць, спачуванне да персанажаў, філасофскае і псіхалагічнае напаўненне, метафарычнасць, шматзначнасць, гумар і дакументальнасць», — гэтымі словамі апісваюць работы майстра фатографы і фотакрытыкі. Віктар Бутра — аўтар такія культавых для беларускай фатаграфіі твораў як: «Натхненне дантыста», «Неспрыяльны зыход», «Букавы лес», «Да Калядаў», «Індывідуальнасць» ды іншых.
«Простыя сюжэты. Частка 3» – трэцяя аднайменная персанальная выстаўка мастака – першыя былі адкрыты ў 2004-м («Простыя сюжэты») і 2021 гадах («Простыя сюжэты. Частка 2»). У галерэі прадстаўлены работы, выкананыя цягам 1960–2010 гадоў — многія з іх экспануюцца ўпершыню.
У фатаграфію Віктар Бутра прыйшоў у гады юнацтва. Творца вырас у Рызе і прыехаў у Беларусь працягнуць вучобу ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце, дзе і адбылася яго першая выстава. (Па асноўнай спецыяльнасці Віктар Бутра — урач-паталагаанатам, з 1989 года па 2017-ты працаваў у анкамарфалогіі). «У медыцыне шукаеш тое, што не ўкладваецца ў паняцце нормы, і потым імкнешся патлумачыць, чаму гэта такім стала. А ў фатаграфіі гэта хутчэй можна апісаць словамі: калі заўважаеш тое, што не бачылі іншыя», – тлумачыць фатограф спалучэнне дзвюх справаў жыцця ў «Гісторыі беларускай фатаграфіі».
У 1960-я гады ў Савецкім Саюзе назіраўся ўсплёск аматарскага фотаруху. І фатограф далучыўся да фотаклубу «Мінск» у 1970-я, праўда, не з першага разу. Яго работы былі адметнымі, вострымі, і не адразу былі прыняты многімі сябрамі аб’яднання. Але Віктар Бутра знайшоў у фотаклубе «Мінск» блізкіх па духу людзей.
«Мне было не так істотна, хто і што кажа. Мне было важна ведаць: я здолеў ці не здолеў тое зрабіць. Для сябе […] Я ведаў, што трэба трымацца свайго бачання», – дзяліўся ён сваім стаўленнем да таго, што не ўсе тады прымалі яго фатаграфію.
Пра фатаграфію Віктар Бутра, які сёлета адсвяткаваў свае 80-годдзе, кажа так: «Гэта магчымасць захаваць памяць пра людзей і падзеі, падзяліцца ўбачаным ці тым, што перажыў, ды праз здымкі выказаць свае стаўленне да чалавека ці таго, што адбываецца».
Мастак заўжды звяртаў увагу пры стварэнні фотаздымкаў на кампазіцыйнае рашэнне, узаемадзеянне блізкага і дальняга планаў, натуральнае святло, інфармацыйную насычанасць, аднак што вызначае ўнутранае напаўненне яго работ — гэта эмацыйная далучанасць, смеласць сапраўднага мастака зрабіць той фотаздымак, які пераадкрывае свет.
На жаль, майстар, які з’яўляецца сябрам Беларускага грамадскага аб’ядання фатаграфаў, да гэтай пары не мае персанальных фотаальбомаў.
Фотавыстава Віктара Бутры будзе працаваць у галерэі «Лабірынт» да 15 студзеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram