Рэжысёр Андрэй Саўчанка стварыў відэаспектакль па «Дзядах» Міцкевіча, уключыўшы ў яго гісторыі актораў
Reform.news · 2 ноября 2026, 22:32
https://reform.news/rezhysyor-andrej-sa-chanka-stvary-videaspektakl-pa-dzyadah-miczkevicha-praz-gistoryi-aktora/Беларускі рэжысёр Андрэй Саўчанка прэзентаваў відэаспектакль «Дзяды». Натхнёны Міцкевічам, спектакль і пра нашых сучаснікаў таксама: акторы ў ім граюць саміх сабе.
Андрэй Саўчанка, Святлана Анікей, Аляксей Любчанка, Святлана Цімохіна, Юра Дзівакоў, Надзея Шэйбак, Яўгенія Анікей і Кірыл Машэка згадваюць продкаў.
У кожнага — свае дзяды
У кожнага – свая гісторыя роду, кожны з іх нешта шукае. Хтосьці ў продкаў пытаецца пра выбар шляху, хтосьці нарэшце знаходзіць магілу бацькі і са здзіўленнем углядаецца ў здымак зусім маладога юнака, хтосьці пра продкаў ведае няшмат, але адчувае з імі сувязь, а хтосьці здзяйсняе мару сваёй бабулі.
Пад уражаннем «Дзядоў» усплываюць сямейныя гісторыі, якія мусіш разблытваць, мусіш з імі жыць, нібы са сном, што аднойчы прысніўшыся, назаўсёды застаецца з табой.

Шукаюць сувязь з продкамі ў творы Міцкевіча ўсе героі спектакля, і што незвычайна – для ўсіх гэтых гісторый знаходзяцца радкі ў паэме. А напрыканцы, здзейсніўшы сумесны рытуал, Саўчанка згадвае, як трапіў на Дзяды ў беларускую вёску і смяяўся ўсю ноч. Вяскоўцы расказвалі смешныя гісторыі пра дзядоў і нібыта разам з дзядамі. Акторы таксама смяюцца, згадваючы рознае, а ў іхных руках – белыя фігуркі.

«Калі чытаеш паэму «Дзяды», – піша Андрэй Саўчанка ў анатацыі, – першы раз, прасякаешся рытмам і мелодыкай, знакамітае «Цёмна людзі, глуха людзі, штосьці будзе, штосьці будзе» паўтараеш як спрадвечна вядомую малітву, якая абуджае ў табе шматлікія пачуцці і бадай, самае моцнае з іх – надзея. Калі паглыбляешся, вывучаеш, паўтараеш, з кожным прачытаннем знаходзіш новыя пласты, якія калыхаюць, абараняюць, узбагачаюць, натхняюць, задаюць табе пытанні, на якія хочацца шукаць адказы, і падгружаюць твае асабістыя гісторыі, успаміны, мары.
У відэаспекталі мы паспрабавалі злучыць асабістае з аўтарскім, тэксты Адама Міцкевіча з персанальнымі наратывамі актораў. Адназначна аўтар запускае ў табе працэсы пазнання сябе, гісторыі твайго роду, твайго народу. Адчыняюцца новыя шляхі грунтоўнага погляду на мінулае, цяперашняе, будучыню. Шчыра запрашаем да прагляду і перажывання неўміручага твора сусветнай літаратуры разам з намі».

Натхненнем да стварэння відэаспектакля стала польская акцыя «Нацыянальнае чытанне», творам якой былі ўласна «Дзяды» Адама Міцкевіча.
«Супраца з «Нацыянальным чытаннем» і «Прасторай польскай культуры» — шматгадовае узаемадзеянне «Тутэйшага тэатра», — патлумачыў нашаму выданню Андрэй Саўчанка. — У Менску ладзілі разам праекты «Вяселле» Станіслава Выспянскага, «Пан Тадэўш» Адама Міцкевіча, «Класіка польскай навэлы» і «Баладына» Юліюша Славацкага. У Варшаве ў мінулым годзе разам стварылі фільм «Jan» (па фрашках, песьнях і трэнах Яна Каханоўскага). Пазнанне агульных культурніцкіх рысаў і сцежак, вядомых і малавядомых беларускаму гледачу і чытачу аўтараў, магчымасць наноў адчыняць класічныя творы, ствараць разам адно творчае поле, у якім могуць гучаць, сплятацца, спрачацца, праяўляцца беларускія і польскія кантэксты — вось крыніцы натхнення для ўзаемадзеяння».
Таксама партнёрам праекту з’яўляецца BYteatr.

Тры акторы для магчымай экранізацыі
Крытык Дзяніс Марціновіч паразважаў пра поўную экранізацыю паэмы з удзелам некаторых актораў відэаспектакля.
«Вельмі стыльна і вельмі прыгожа знята, цудоўная аператарская праца (Ryncyk Vystarobski). Натхніла музыка Эрыка Арлова-Шымкуса. І вельмі парадавалі тры акцёры – калі глядзіш сцэны з іх удзелам (лепшыя ў “Дзядах”), думаеш, якой бы цікавай магла бы быць поўная экранізацыя паэмы з іх удзелам.
Гэта Юра Дзівакоў – насамрэч, гэта надзвычай рэдкі выпадак, калі круты рэжысёр яшчэ і таленавіты акцёр. У пачатку дзясятых бачыў яго ў трагіфаршы «Гамлет», што ставіў Ігар Казакоў у Магілёўскім тэатры лялек. Потым было нядоўгае, але плённае супрацоўніцтва са Свабодным. І вось цяпер роля пана, які не дапамог людзям і цяпер пакутуе – паўсюль Юра пераканаўчы.

Гэта Святлана Цімохіна – яе роля (яна ўвасабляе сталую жанчыну, якая шмат усяго пабачыла) пераконвае, наколькі шырокі яе патэнцыял. Па шчырасці па-за межамі Тэатра лялек, дзе яна гадамі грала, я бачыў яе хіба толькі ў спектаклі «М», які ставіўся напрыканцы дзясятых. Яна можа і павінна граць у спектаклях драмтэатра – хочацца, каб знайшоўся рэжысёр, які тое ацэніць.
І гэта Святлана Анікей. Скажу шчыра, у мяне наогул алергія на ўсе гэтыя пафасныя характарыстыкі: вялікі, геніяльны і г.д. Імі відавочна злоўжываюць, людзі даўно перасталі ім верыць. Але гэта той выпадак, калі трэба, як кажуць, расставіць кропкі над «і»… Анікей – вялікая беларуская актрыса, і ніхто не пераканае мяне ў адваротным. Для такой характарыстыкі трэба адна «дробязь»: у кожнай ролі быць рознай. У Святланы гэта атрымліваецца заўжды, калі я яе бачу на сцэне».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
