Аляксандр Чарнуха анансаваў новы канцэрт у межах праекта Сепультура Alive — «жывых» анлайн-выступленняў беларускіх выканаўцаў. 27 лістапада на YouTube можна будзе паслухаць адзін з самых разняволеных і вясёлых рок-поп-гуртоў беларускай індзі-сцэны — «Разбітае сэрца пацана».
Аднак другая канцэртная трансляцыя, зладжаная Сепультурай Alive, можа стаць і апошняй.
Кіраўнік праекта Аляксандр Чарнуха нагадаў, што ініцыятыва ствараецца ў амаль немагчымых умовах.
«Без падтрымкі бізнесу, рэкламных грошай і грантавых сродкаў, — падкрэслівае журналіст і культурніцкі менеджар, — толькі дзякуючы вашай падтрымцы і жаданню разам рабіць круты праект для беларусаў і беларусак па ўсім свеце».
Музыкальны крытык узгадвае лёс іншага праекта — музычнага партала Ultra-Music, які дзесяць гадоў асвятляў музычны ландшафт у Беларусі, але вымушаны быў закрыцца па прычыне адсутнасці падтрымкі.
«Пасля яго смерці мне пачалі пісаць бясконцыя маркетолагі і задаваць пытанні, ці не хочам мы адрадзіць рэсурс, бо ў іх там мэтавая аўдыторыя. Але ставіць банеры, купляць рэкламу, рабіць партнёрскія праекты яны па-ранейшаму былі не гатовыя», — узгадвае Аляксандр.
«Для мяне гэта пытанне персанальнай адказнасці: калі мне нешта падабаецца і я не хачу, каб яно памерла, я іду і падтрымліваю людзей, праекты, ініцыятывы. Бо гэтыя людзі, праекты і ініцыятывы дадаюць фарбы ў маё жыццё. Мне гэта падабаецца, я гатовы за гэта плаціць», — звярнуўся да аўдыторыі Сепультуры Alive творца.
Ён заклікаў гледача купляць квіткі на анлайн-канцэрты, бо гэта магчымасць застацца ў прафесіі і выжыць у эміграцыі не толькі для каманды Сепультуры Alive, але і для беларускіх выканаўцаў.
Сабекошт кожнага канцэрта — больш за 1000 еўра. Тое, што каманда атрымоўвае звыш гэтай сумы, яна дзеліць з музыкантамі — такая эканоміка праекта.
«А яшчэ мы даем магчымасць людзям у Беларусі трапіць на канцэрт любімага гурта. Хаця б так, у анлайне, але і гэта таксама шмат. І вы таксама можаце даць гэтую магчымасць людзям, калі будзеце падтрымліваць праект. Калі не верыце, вось вам статыстыка: 35 працэнтаў праглядаў першага канцэрту былі менавіта з Беларусі, гэта першае месца», — зазначыў ён.
Якім чынам можна дапамагчы?
Наступны канцэрт Сепультуры Alive адбудзецца 27 лістапада ў 21:00 па Менску — разам з гуртом «Разбітае сэрца пацана».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram