«Разбітае сэрца пацана» выступяць на Сепультуры Alive. Але новы канцэрт праекта можа стаць апошнім

Культура

Аляксандр Чарнуха анансаваў новы канцэрт у межах праекта Сепультура Alive — «жывых» анлайн-выступленняў беларускіх выканаўцаў. 27 лістапада на YouTube можна будзе паслухаць адзін з самых разняволеных і вясёлых рок-поп-гуртоў беларускай індзі-сцэны — «Разбітае сэрца пацана».

Аднак другая канцэртная трансляцыя, зладжаная Сепультурай Alive, можа стаць і апошняй.

Кіраўнік праекта Аляксандр Чарнуха нагадаў, што ініцыятыва ствараецца ў амаль немагчымых умовах.

«Без падтрымкі бізнесу, рэкламных грошай і грантавых сродкаў, — падкрэслівае журналіст і культурніцкі менеджар, — толькі дзякуючы вашай падтрымцы і жаданню разам рабіць круты праект для беларусаў і беларусак па ўсім свеце».

Музыкальны крытык узгадвае лёс іншага праекта — музычнага партала Ultra-Music, які дзесяць гадоў асвятляў музычны ландшафт у Беларусі, але вымушаны быў закрыцца па прычыне адсутнасці падтрымкі.

«Пасля яго смерці мне пачалі пісаць бясконцыя маркетолагі і задаваць пытанні, ці не хочам мы адрадзіць рэсурс, бо ў іх там мэтавая аўдыторыя. Але ставіць банеры, купляць рэкламу, рабіць партнёрскія праекты яны па-ранейшаму былі не гатовыя», — узгадвае Аляксандр.

«Для мяне гэта пытанне персанальнай адказнасці: калі мне нешта падабаецца і я не хачу, каб яно памерла, я іду і падтрымліваю людзей, праекты, ініцыятывы. Бо гэтыя людзі, праекты і ініцыятывы дадаюць фарбы ў маё жыццё. Мне гэта падабаецца, я гатовы за гэта плаціць», — звярнуўся да аўдыторыі Сепультуры Alive творца.

Ён заклікаў гледача купляць квіткі на анлайн-канцэрты, бо гэта магчымасць застацца ў прафесіі і выжыць у эміграцыі не толькі для каманды Сепультуры Alive, але і для беларускіх выканаўцаў.

Сабекошт кожнага канцэрта — больш за 1000 еўра. Тое, што каманда атрымоўвае звыш гэтай сумы, яна дзеліць з музыкантамі — такая эканоміка праекта.

«А яшчэ мы даем магчымасць людзям у Беларусі трапіць на канцэрт любімага гурта. Хаця б так, у анлайне, але і гэта таксама шмат. І вы таксама можаце даць гэтую магчымасць людзям, калі будзеце падтрымліваць праект. Калі не верыце, вось вам статыстыка: 35 працэнтаў праглядаў першага канцэрту былі менавіта з Беларусі, гэта першае месца», — зазначыў ён.

Якім чынам можна дапамагчы?

  • Першая — набыць сімвалічны квіток на наступны канцэрт за кошт, які лічыце вартым.
  • Другая — падпісацца на мэмбершып. Гэта гарантуе разуменне бюджэту наступнага праекта і дае ўпэўненасць. Спецыяльна для гэтага ёсць бонусы, якія можна атрымаць.
  • Трэцяя — опцыя штомесячнай падтрымкі. Аляксандра Чарнуха называе гэта мецэнацтвам новай хвалі. Калі бізнес не хоча ці не гатовы падтрымліваць беларускія праекты, іх пачынаюць падтрымліваць персаналіі.

Наступны канцэрт Сепультуры Alive адбудзецца 27 лістапада ў 21:00 па Менску — разам з гуртом «Разбітае сэрца пацана».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости