Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу мінулага года

Да 12 лютага 2025 года будуць збірацца заяўкі на прэмію імя Наталлі Арсенневай, паведамляе Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, адзін з арганізатараў прэміі.

Намінаваць могуць самі аўтары/аўтаркі паэтычных кніг, выдавецтвы, сябры журы, сябры аргкамітэта, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.

Паэтычная кніга мусіць быць выдадзена на беларускай мове ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года.

Кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой публікуецца ў кнізе ўпершыню).

Калі кніга, якая намінуецца на прэмію, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.

З гэтага года намінаваць на прэмію можна аўдыякнігі, якія выйшлі ўпершыню ў тэрмін паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года. Кнігі ў такім фармаце таксама мусяць выконваць патрабаванні ўдзелу ў прэміі. Сярод іншага гэта наяўнасць нумару ISBN. Калі аўдыякнігі маюць папяровыя выданні, якія выходзілі да года намінацыі, то-бок не з’яўляюцца новымі кнігамі, яны не прымаюцца да ўдзелу ў прэміі.

Каб падаць заяўку, трэба запоўніць спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод, электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў ludzislova@penbelarus.org. Трэба абавязкова пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі.

Канчатковы тэрмін падачы заявак – 23:59 12 лютага 2025 года.

Імёны публічных сябраў журы будуць абвешчаны неўзабаве.

Паэтычная прэмія імя Наталлі Арсенневай была заснавана ў гонар выдатнай паэткі і зоркі беларускай літаратуры, аўтаркі славутага верша «Малітва», які зрабіўся гімнам «Магутны Божа». Яе творчасць і дзейнасць на эміграцыі сталі важным унёскам у захаванне і развіццё беларускай культуры.

З 2021 года арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы». Папярэднія прэміі атрымалі Наста Кудасава за кнігу «Побач» (2022 год) і Ганна Шакель за кнігу «Цела мігдалу» (2023 год).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!