20 кастрычніка пайшоў з жыцця беларускі рэжысёр-дакументаліст Міхаіл Жданоўскі. Аўтар адной з найважнейшых стужак беларускага кіно — «Дарога на Курапаты». Сцэнарый да карціны Міхаіл Жданоўскі пісаў разам з Аляксандрам Лукашуком. У стварэнні фільма прымаў удзел Зянон Пазняк. Аператар — Сяргей Пятроўскі. Кіно, якое была знятае ў 1990 годзе на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», з’яўляецца дакументальным сведчаннем злачынстваў бальшавісцкага рэжыму супраць людзей.
У даробку Міхаіла Жданоўскага, выпускніка ВГІКа — не толькі гэта карціна. За стварэнне цыкла «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Міколу Равенскага» ў 1990-я кінематаграфіст атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У 2000-я Міхаіл Жданоўскі, сыходзячы з патрабаваннямі часу, здымаў дакументальныя карціны больш камернага тыпу — прысвечаныя беларускім постацям культуры, цікавым асобам — «Ва ўсе дні», «Семдзесят пятая восень Андрэя Мдзівані», «Маэстра Анісімаў» ды іншыя. У цэлым, ён быў інтэлігентным, пранікнёным аўтарам, які намагаўся праз кіно раскрыць асобу і час. Але яго вяршыняй сталася менавіта «Дарога на Курапаты» — кіно, якое захавала ўнікальныя сведчанні, захавала пералом часу, захавала Курапаты як месца злачынства і памяці.
Складана не ўзгадаць яшчэ такі момант у біяграфіі майстра, як выкладанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Міхаіл Жданоўскі вёў курс маладых дакументалістаў у 2010-я, але ў выніку інтрыг і паклёпаў быў «звольнены» з інстытуцыі. На сёння ў Байнэце няма старонкі, прысвечанай беларускаму рэжысёру.
Беларуская дакументальная школа, якая складае гонар беларускаму кіно, страціла яшчэ аднаго аўтара, які зрабіў унёсак у яе станаўленне.
Развітанне з Міхаілам Жданоўскім адбудзецца 23 кастрычніка па адрасе Кульман, 33A з 12.00 па 12.45.