Сёння, 15 верасня, на сцэне лонданскага «Barbican» адбудзецца прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». Новая пастаноўка Беларускага Свабоднага тэатра створана па матывах аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча.
Спектакль ідзе на беларускай мове з англійскімі субтытрамі.
16 верасня там жа пройдуць два паказы з двума рознымі складамі акцёраў і адбудзецца трансляцыя оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» на тэлеканале «Белсат». Глядзець можна праз спадарожнік, а таксама на YT-канале «Белсат Life» і ў аплікацыі «Belsat Smart».
Пачатак трансляцыі на «Белсаце»па мінскім часе ў 20.40. Варшава — 19.40.
Па словах рэжысёра і арт-дырэктара Беларускага Свабоднага тэатра Мікалая Халезіна, тэатру важна, каб пастаноўку пабачылі не толькі ў Лондане, але і ў Беларусі.
Непасрэдна перад сусветнай прэм’ерай апошняй пастаноўкі Беларускага Свабоднага тэатра «Дзікае паляванне караля Стаха» адбудзецца дыскусія пад назвай «Лісты надзеі» пра ўплыў вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі. Мадэраваць яе будзе акцёрка Кейт Бланшэт.
«Дзікае паляванне караля Стаха» – сінтэз оперы, драматычнага тэатра, мультымедыя і жывой музыкі, пазначаны жанрам «гатычны нуар». У спектаклі прымаюць удзел артысты з Беларусі і Украіны.
Музыку напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч, рэжысёры — Мікалай Халезін і Наталля Каляда, дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.
На жаль, беларускі спявак Ілля Сільчукоў не здолее выступіць на прэм’ерным паказе, але, магчыма, далучыцца да праекта пазней.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: