Праваенная мастачка Святлана Жыгімонт паведаміла, што выставіцца ў Нацыянальным мастацкім ёй дапамог Бог

Праваенная мастачка Святлана Жыгімонт, персальная Z-выстава якой нядаўна прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, адказала на тое, хто ёй дапамог паказаць яе працы ў адным з найгалоўных музеяў краіны.

Раней паведамлялася, што выстава, на якой экспанаваліся жывапісныя партрэты байцоў так званай СВА, сталася магчымай, дзякуючы дапамозе былой дырэктаркі Мастацкага Ганны Конанавай.

Святлана Жыгімонт паведаміла, што не знаёмая ні з былой дырэктаркай музея Ганнай Конанавай, ні з першай намесніцай па навуковай, міжнароднай і асветніцкай працы ўстановы Вікторыяй Кузьміных.

«Таму тут не тое, што карупцыйнага складніка вы не знойдзіце, але нават і простым савецкім блатам не пахне», — заявіла яна ў сацсетках.

«Дапамог мне Гасподзь і наш Іісус Хрыстос, — дала «вычэрпальны» адказ аўтарка. — Так, рукамі людзей, якія прынялі гэта рашэнне без якогасьці знешняга ціску».

Таксама Святлана Жыгімонт паскардзілася, што выстава ў Мастацкім была ўрэзана па колькасці прац і часе, ды ўвогуле аўтарка знаходзіцца ў беларускім выставачным «чорным» лісце.

Праца Святланы Жыгімонт пад назвай «Русский крест» падчас выставы ў Нацыяльным мастацкім. Фота: сацсеткі ruslan_mizula.

«Пры ўсёй ненавісці да мяне сістэмных нацыяналістаў, пры ўсім цкаванні, пры ўсёй забароне згадкі майго імя ў беларускіх СМІ і ўнясенні мяне ў беларускі выставычны блэкліст, [выстава] адбылася ў Нацыянальным мастакім музеі. Проста немагчыма і ўсё тут. Я сама ў шоку», — рэзюміравала мастачка.

Выстава Святланы Жыгімонт «Когда пойду долиной смертной тени» прайшла ў Нацыяльным мастацкім музеі з 20 лістапала па 4 снежня. На ёй былі прадстаўлены партрэты байцоў так званай СВА, карціны адпаведнай тэматыкі побач з палотнамі на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!