«Прапагандуецца мадэль фармальнага двухмоўя»: выйшаў агляд парушэнняў моўных правоў за першае паўгоддзе 2025-га

Главное
Твор Магдалены Абакановіч. Фота ілюстратыўнае: reform.news

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў працягвае маніторынг становішча беларускай мовы ў краіне і фіксуе ўсе выпадкі дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў для наступнай дакументаванай ацэнкі і міжнароднай абароны.

Чарговы агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі ахоплівае перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2025 года.

Даследчыкі адзначаюць узмацненне русіфікацыі ў краіне, дзе дзейнічаюць 27 арганізацыяў «суайчыннікаў», фінансаваных праз амбасаду РФ у Мінску, а таксама чатыры «Расійскія дамы» — у Мінску, Брэсце, Горадні і Гомелі, якія з’яўляюцца філіяламі федэральнага агенцтва «Россотрудничество» — інструмента «мяккай сілы» Крамля.

Паводле даследчыка Паўла Баркоўскага, каля 40% беларусаў знаходзяцца пад устойлівым інфармацыйным уплывам расійскіх СМІ, а расійскі культурны кантэнт дамінуе на беларускім рынку.

Беларуская мова маргіналізаваная ў сістэме адукацыі: менш за 10% школьнікаў вучацца па-беларуску, скарачаецца колькасць школ з беларускай мовай навучання, выціскаюцца беларускія падручнікі. Сфера вышэйшай адукацыі таксама адкрыта для расійскага ўплыву: у 2025 годзе Беларусь выдзеліла 1000 бюджэтных месцаў для расейскіх абітурыентаў, а таксама плануе абмен каля 50 прафесарамі паміж краінамі.

З’явіліся прыклады цэнзуры ў навучальных матэрыялах: згадкі пра бітву пад Воршай выдаляюцца, а постаць Кастуся Каліноўскага дыскрэдытуецца.

Змяняецца і стратэгія інфармацыйнай вайны: калі раней Расія дзейнічала праз мясцовыя эліты, то цяпер яна непасрэдна ўлівае фінансавыя і інфармацыйныя рэсурсы ў Беларусь. Паводле Аляксея Ластоўскага, такі падыход скіраваны на падрыў гістарычнай памяці і фарміраванне лаяльнасці да «русского мира», у тым ліку праз канцэпцыю «генацыду савецкага народа», якая замяняе беларускі нацыянальны наратыў.

За першае паўгоддзе 2025 году ў адкрытых крыніцах інфармацыі даследчыкі зафіксавалі каля трыццаці выпадкаў дыскрымінацыі.

Вольга Бондарава апублікавала ў сацыяльных сетках допіс, у якім раскрытыкавала беларускамоўную адукацыю ў сельскіх школах, у якасці аргумента спаслаўшыся на патрэбу падрыхтоўкі спецыялістаў для вытворчасці тавараў падвойнага прызначэння, адзначыўшы: «Вайна на парозе, а спецыялістаў няма». Таксама яна выступіла з крытыкай выкарыстання толькі беларускай мовы ў выбарчых бюлетэнях на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Яна назвала такую практыку «дыскрымінацыяй расійскай мовы» і падала адпаведную скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Прарасейскі палітолаг і заходнерусіст Усевалад Шымаў абурыўся тым, што персанал парку гісторыі «Сула» размаўляе выключна па-беларуску і адмаўляецца пераходзіць на расійскую мову. Ён наведаў парк разам з гасцямі з Масквы і адкрыта выказаў сваё незадавальненне такой мовай абслугоўвання.

Зафіксаваныя пакаранні палітвязняў за выкарыстанне беларускай мовы.

Сярод іншых выпадакаў дыскрымінацыі беларускай мовы: маркіроўка прадукцыі і выкарыстанне лагатыпаў, цалкам ігнаруючы беларускую мову; усталяванні мемарыяльных дошак і нават памятнага знаку класіку беларускай літаратуры Івану Мележу выконваюцца з рускімі надпісамі.

На асобных маршрутах грамадскага транспарту ў Мінску абвесткі пачалі гучаць на расійскай мове замест беларускай.

Падчас закупкі мастацкай літаратуры для Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча было запланавана набыць 3475 кніг на рускай мове. То-бок беларускія кнігі не закупляюцца нават для бібліятэкі, названай у гонар класіка беларускай літаратуры. Раённы бюджэт выкарыстоўваецца для камплектацыі пераважна рускамоўнымі дзіцячымі выданнямі, такімі як «Колобок», «Царевна-лягушка» і іншымі.

У Салігорску мігрантаў з Афрыкі навучаюць выключна рускай мове. Гэта прадстаўляецца як частка праграмы іх культурнай адаптацыі. Беларуская мова пры гэтым цалкам ігнаруецца, што сведчыць пра працяг русіфікацыйнай палітыкі нават у адносінах да новых жыхароў краіны.

9 красавіка 2025 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». Дакумент цалкам выкладзены на расійскай мове. У ім сцвярджаецца, што Беларусь атрымала незалежнасць толькі дзякуючы прэзідэнцкай форме кіравання, а таксама прапагандуецца мадэль фармальнага двухмоўя з фактычным дамінаваннем расейскай мовы.

Пра ўсе зафіксаваныя факты дыскрымінацыі беларускай мовы можна даведацца на сайце МІжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости