Парэшткі чэшска-французскага пісьменніка Мілана Кундэры і яго жонкі Веры Кундэравай рэпатрыяваны ў родны горад творцы — чэшскі Брно. «Вера і Мілан Кундэры, якія з 1975 года жылі ва Францыі, сімвалічна вярнуліся ў Брно», — паведамляе Мараўская дзяржаўная бібліятэка, дзе на дадзены момант знаходзяцца урны з прахам сужэнцаў. Пазней яны будуць пахаваныя ў коле гонару на Цэнтральных могілках горада.
Аўтар «Вальсу на развітанне», «Кнігі смерці і забвення», «Невыноснай лёгкасці быцця», «Бясмерцця» ды іншых твораў памёр 11 ліпеня 2023 года ў Парыжы на 94-м годзе жыцця. Жонка Мілана Кундэры — Вера — вырашыла захаваць прах мужа і звярнулася да горада Брно, дзе нарадзіўся пісьменнік, з просьбай забяспечыць месца апошняга спачыну для творцы.
Вера Кундэрава памерла 13 верасня 2024 года, праз 14 месяцаў пасля смерці мужа.
Выдавец Антуан Галімар, які з’яўляецца выканаўцам апошняй волі Кундэраў, і былы амбасадар Чэхіі ў Парыжы Міхал Флейшман прывезлі прах сужэнцаў з Францыі ў Чэхію і перадалі мэру Брно Маркеце Ваньковай і генеральнаму дырэктару Мараўскай дзяржаўнай бібліятэцы Томашу Кубічэку 17 студзеня гэтага года.
«Мы з Міхалам Флейшманам паабяцалі, што пасля смерці спадарыні Кундэравай паклапоцімся, каб абедзве урны трапілі на могілкі ў Брно, — распавёў спадар Томаш. — Французскай часткай гэтага абяцання кіраваў Міхал Флейшман, а чэшскай — я. На дадзены момант абедзве урны знаходзяцца ў Брно і будуць перанесены ў магілу, калі яна будзе гатовая. Пакуль гэтага не адбудзецца, яны будуць заставацца ў бяспецы ў Мараўскай бібліятэцы», — патлумачыў ён.

Па папярэдняй дамоўленасці парэшткі мужа і жонкі Кундэраў мусяць быць пахаваныя ў апошняй пустой магіле ў коле гонару на Цэнтральных могілках горада. У сярэдзіне 2025 года на месцы спачыну Кундэраў плануецца ўстаноўка надмагільнага помніка, конкурс на які ўжо аб’яўлены.
У 2020 годзе чэшска-французскі пісьменнік, паэт, драматург і перакладчык перадаў у дар Мараўскай бібліятэцы свой бібліятэчны збор з яго вялікім архівам. 1 красавіка 2023 года тут афіцыйна была адкрыта Бібліятэка Мілана Кундэры, у якой захоўваецца больш чым 3000 аўтарскіх публікацый, партрэтныя фотаздымкі і ўзнагароды творцы.
Мілан Кундэра эміграваў з савецкай Чэхаславакіі ва Францыю ў 1975 годзе па прычыне забароны публікацыі. Пасля аперацыі «Дунай» у жніўні 1968 года Кундэра браў удзел у шэрагу дэманстрацый і сходаў пратэсту, за што быў пазбаўлены магчымасці выкладаць. З крытыкі камунізму яго кнігі былі выключаныя з усіх бібліятэк Чэхаславакіі. А ў 1970 годзе па абвінавачанні ў саўдзеле ў рэвалюцыйных падзеях ён быў паўторна выключаны з партыі, яму было забаронена публікавацца. За «Кнігу смеху і забыцця», выдадзеную ў 1978 годзе, чэхаславацкі ўрад пазбавіў пісьменніка грамадзянства.
Спадару Мілану, які з 1981 года быў грамадзянінам Францыі, вярнулі чэшскае грамадзянства толькі ў 2019 годзе.
З 1990 года аўтар твораў, якія былі перакладзеныя на дзясяткі моў свету, пісаў на французскай мове.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.