Падведзены вынікі другога кола Трэка 2 (Творчыя праекты) праграмы ArtPower Belarus.
На конкурс было пададзена 132 заяўкі (74 MINI і 58 MIDI), з якіх па выніках ацэнкі 16 незалежных экспертаў і рашэння адборачнай камісіі падтрыманыя 23 праекты — 13 MINI і 10 MIDI.
Запыт на фінансаванне склаў каля 2,8 мільёна еўра і значна перавысіў магчымасці гэтага конкурснага этапу.
З улікам папярэдняга кола па Трэку 2 у бягучай эдыцыі праграмы падтрымана ўжо 50 творчых праектаў. Разам з 8 праектамі Трэка 1 (Арганізацыйнае развіццё) і 21 праектам у асаблівых абставінах па Трэку 3 праграма ArtPower Belarus ад лета 2025 года ўжо падтрымала 79 ініцыятыў ва ўсіх сектарах беларускай культуры.
Актыўнасці ахопліваюць 10 сектараў беларускай культуры: перфарматыўныя мастацтвы; кіна- і тэлевізійнае мастацтва; музыка і аўдыёмастацтва; новыя медыя і прасоўванне культуры; візуальныя мастацтвы і дызайн; літаратура і выдавецкая справа; спадчына і традыцыйная культура; адукацыя, асвета і даследаванні ў культуры; менеджмент культурніцкіх падзей; супольнасці і прафесійныя аб’яднанні.
Якасць заявак у гэтым коле прыкметна вырасла. «Мы адзначаем прыкметнае павышэнне якасці заявак: яны сталі больш прафесійнымі, лагічна выбудаванымі і лепш прапрацаванымі з пункту гледжання праектнага менеджменту. Але хочацца звярнуць увагу на адзін момант: у шэрагу праектаў усё яшчэ недастаткова глыбока прапісваюцца рызыкі, бюджэтныя тлумачэнні і камунікацыйныя стратэгіі, а супрацоўніцтва паміж ініцыятывамі ў Беларусі і дыяспары часта носіць фармальны характар», — паведамляюць эксперты другога кола Трэка 2.
Каманда звяртае ўвагу на бліжэйшыя магчымасці:
- наступнае кола для Трэка 1 (Арганізацыйнае развіццё) распачнецца ў сакавіку 2026 года;
- наступнае кола для Трэка 2 (Творчыя праекты) распачнецца ў красавіку 2026 года;
ArtPower Belarus — гэта маштабная праграма, якая з 2022 года спрыяе развіццю незалежнай беларускай культуры як унутры краіны, так і за яе межамі. Ініцыятыва рэалізуецца Беларускай Радай культуры ў партнёрстве з Дацкім інстытутам культуры і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

