Праект «Плэйліст экстрэміста». Кацярына Ваданосава: «Мне трэба заўсёды гарэць»

Reform.news працягвае спецпраект «Плэйліст экстрэміста: права на гучанне ў Беларусі» гісторыяй музыкі, паэткі, вядоўцы і рэканструктаркі гістарычных касцюмаў Кацярыны Ваданосавай.

Кацярына Ваданосава нарадзілася ў Мінску, у 2007 скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Гісторыя. Рэлігіязнаўства».

Грае на некалькіх музычных інструментах. Аўтар паэтычнага зборніка «Міфатворчасць» (2015) і музычнага альбома з аднайменнай назвай (2016).

З 2018 па 2020 на канале «Беларусь 3» вяла праграму «Жывая культура». Падтрымала пратэсты ў жніўні 2020-га, удзельнічала ў дваровых канцэртах. Да пачатку паўнамаштабных ваенных дзеянняў у 2022 годзе з сям’ёй жыла ва Украіне, цяпер — у Беластоку, вяла на «Белсаце» праграмы «Хай Так TV» і «Нітка Зорка», цяпер — «Каса на камень». Таксама вядзе праграму «Трызуб і Пагоня» кампаніі «Будзьма беларусамі».

У пачатку года ёю зацікавіўся следчы камітэт Беларусі, які абвінаваціў яе ў «гераізацыі нацысцкіх злачынцаў» пасля гістарычнай праграмы пра міфы Вялікай айчыннай вайны.

Паразмаўлялі з Кацярынай Ваданосавай пра творчасць, захапленне гісторыяй і недатыкальныя для ўлады тэмы.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін

Самавызначэнне

— У вас сёння так шмат творчых актыўнасцяў, што толькі падрабязны пералік іх зойме некалькі радкоў. Музыка, літаратура, папулярызацыя гісторыі праз падкасты і адмысловыя праграмы, гістарычныя рэканструкцыі. Хіба што кніжкі ў вас не выходзяць апошнім часам. Чаму вы так ахвотна ўпісваецеся ў новыя праекты? Ці хапае вам часу і сілаў? Бо ўсе гэтыя актыўнасці можна раскідаць на некалькіх чалавек…

— Гэтае пытанне мне задаюць вельмі часта: як я ўсё паспяваю і навошта мне гэта трэба. Па вялікім рахунку я нічога не паспяваю. На свеце існуе вельмі шмат рэчаў, паўз якіх я не магу проста так прайсці. Бо многае цікава, многаму хочацца вучыцца, і я пастаянна вучуся.

Можа быць, на мяне нейкім чынам паўплывала хвароба, калі я зразумела канчатковасць жыцця, яго імклівасць і хуткаплыннасць. Аднак у гэтай сітуацыі ёсць людзі, якія ідуць шляхам самашкадавання і самазахавання. У мяне гэты шлях, як ні старалася, не працуе. А працуе самазапаленне. Мне трэба заўсёды гарэць. Калі я правяду хоць адзін дзень без нейкай актыўнасці, то адчуваю, што жыццё праходзіць міма.

Стараюся напоўніцу выкарыстоўваць кожную секунду свайго жыцця, пакуль яно ў мяне ёсць. Але насамрэч няшмат паспяваю. Сёння, напрыклад, музыку я граю толькі на нейкіх выступах. Мы з пачатку вясны не збіраліся на рэпетыцыі. Я не займаюся гуказапісам. Гэтае абсалютнае задавальненне мне зараз недаступнае.

Усё, што раблю цяпер, нейкім чынам звязанае з гістарычнай навукай. Гэта рэканструкцыя тэхнік працы з тэкстылем, рэканструкцыі строю і звязаныя з гэтым даследаванні. Гістарычнае фехтаванне, праграмы на «Белсаце», на «Будзьме». Гісторыя — і ёсць тое ядро, якое ўсё лучыць.

— Як гэта ўсё з’явілася ў вашым жыцці? Вы гарадскі чалавек без вясковага бэкграўнду. Любоў да традыцыйнага строю ідзе ад гістарычнай адукацыі, а не ад аповедаў бабулі?

— Мая любоў да традыцыйных строяў прачнулася тады, калі я зразумела, што мне цікава іх рэканструяваць. І што гэта класны інструмент дзеля спасціжэння гісторыі. То-бок я не падзяляю любоў да традыцыйных строяў і любоў да гістарычных строяў на нейкія часткі. Гэта ўсё гісторыя моды.

Я сапраўды гарадскі чалавек, і маё першае наведванне вёскі, калі я паехала ў госці да бабулі маёй аднакласніцы, суправаджалася шокам. Шокам была лазня. Шокам была хата з калодзежам на падворку.

І цяпер мне здаецца, што ў першую чаргу я спрабую данесці да людзей тое, што традыцыйная культура — гэта акурат не тая вёска, якую мы ўсе ўяўляем пры слове «вёска», не тыя нямытыя падлогі, а найперш гісторыя, багатыя традыцыі. Гэта агромністае багацце строяў. Бо на адну кашулю, якой сёння могуць затыкаць шчыліны ў бярвёнах, у майстрыхі сыходзіў год працы. Для мяне важная тая эстэтыка, якую пасля столькіх год «саўка» начыста выпалілі…

Я спрабую яе ўзнаўляць — гэтую эстэтыку і гэтую рамантыку, калі можна так сказаць. І з аднолькавым задавальненнем шыю ці вышываю і шляхецкі строй ХVІІ стагоддзя, і сялянскі ХІХ.

І ніколі не займалася тым, чым займаюцца, напрыклад, этнаграфічныя суполкі. Я не ўмею спяваць у народнай манеры, мне гэта не вельмі цікава. Я не вельмі люблю аўтэнтычную традыцыйную музыку. У мяне ёсць гіперфіксацыя: я як засяродзілася на строях, так і нясу гэтую любоў у сваім сэрцы.

— Вернемся да адукацыі. Вы выбралі гістарычную адукацыю і чамусьці з ухілам у рэлігію…

— З ранняга дзяцінства ў мяне было дзве мары. Я хацела стаць альбо актрысай, альбо археолагам. У тэатральны мяне не ўзялі, я правалілася на ўступных іспытах.

Тады я пайшла ў педагагічны на гісторыю і рэлігіязнаўства. Не магу сказаць, што нам заўсёды вельмі добра выкладалі, але я ўдзячная педуніверсітэту за тое, што ён не здолеў забіць маю любоў да гісторыі.

Выдатна, што сёння магу спалучаць дзве гэтыя любові: да грання, да сцэны, да тэатра і да гісторыі.

Кацярына Ваданосава на фэсце «Тутака». Фота: Аляксандр Валодзін

Музыка

— Фольк-рок гурт «Alte Mente», заснаваны ў 2007 годзе, — таксама своеасаблівая гістарычная рэканструкцыя? Ці гэта была толькі гульня з гісторыяй – са стылістыкай сярэднявечча, Рэнесансу, барока, такі «менестрэль-рок»?

— Увогуле мой першы гурт з’явіўся яшчэ ва ўніверсітэце, і ён быў без назвы. Што да «менестрэль-рок», то гэту плынь мы самі прыдумалі, хоць насамрэч я ніколі не замарочвалася, як назваць той накірунак, у якім мне хочацца граць. Я вельмі люблю акустычныя інструменты, рокавае гучанне, у маім сардэчку эталоннымі з’яўляюцца акустычныя творы гурта Led Zeppelin — жывыя інструменты ў вельмі фолькавым гучанні.

Некаторыя да гэтага часу лічаць мяне бардам. Я сапраўды вельмі вялікую ўвагу надаю словам і не магу слухаць музыку, у якой мне не падабаецца тэкст.

Адначасова для мяне важна тое, каб музыка была цікавай. Што я маю на ўвазе? Музыкі, якія прыходзяць са мной граць, часта стогнуць і просяць, каб я напісала мелодыю, якую можна ля вогнішча праспяваць, на чатыры акорды расклаўшы.

А мне не хочацца гэтага рабіць, бо я вырасла на арт-року. З іншага боку, я разумею, што мая аўдыторыя вельмі вузкая. Вось, напрыклад, зараз у нас ёсць праграма сярэднявечна-барочная, музыку для якой я бяру пераважна з «Полацкага сшытка» XVII стагоддзя і адаптую для свайго гурта, а словы пішу па-беларуску і па-польску адначасова, перакладаючы тэкст у межах песень.

Зразумела, што такая творчасць будзе цікавая ў першую чаргу аматарам гісторыі, бо гэта не поп, не рок і не электронная музыка.

— Што з гуртом стала пасля эміграцыі?

— Таго гурта даўно няма. Склад людзей, якія са мной граюць, шмат разоў мяняўся. Пасля быў яшчэ гурт Fantasy Orchestra, які распаўся ў 2020-м, таму што частка людзей выступала са мной на дваровых канцэртах, а частка адмовілася. І зараз я выступаю толькі пад сваім іменем, але з музыкамі. Мы доўга думалі, як нам можна было б называцца. Але так і не прыдумалі.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра дваровыя канцэрты.

— У жніўні 2020-га пасадзілі маю цымбалістку Ганну. Акурат на другі дзень пратэстаў. Яна прайшла Акрэсціна, я звольнілася з тэлебачання, і было зразумела, што выступаць ужо нідзе не атрымаецца.

І адзіны шлях, якім нам заставаўся, — дваровыя канцэрты. Акрамя таго, гэта вельмі добры спосаб падняць маральны дух людзей. Ніхто мяне тады не падтрымаў у маім памкненні, акрамя Ганны. На гэтых канцэртах я выступала і адна з гітарай, і з дачкой Стэфачкай, яна на скрыпачцы грала. Часам далучаліся Ганна і гітарыст Васіль Ярмоленка, з якім мы да 2020 года ніколі не супрацоўнічалі.

Потым Васіля пасадзілі, а Ганна з’ехала. Праз нейкі час выехалі і мы, гралі таксама ўдваіх з дачкой Стэфай ужо ў Кіеве, дуэтам гралі і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, ужо ў Польшчы.

— У вас быў такі перыяд, калі вы жылі на дзве краіны…

— Так, у Літве і Украіне, але гэты перыяд доўжыўся ўсяго два месяцы, калі я на самалёце лётала на працу ва Украіну, а потым вярталася ў Літву. Але праз два месяцы я проста перацягнула сям’ю ў Кіеў, і мы там пяць месяцаў жылі. Дзеці ва ўкраінскую школу пайшлі. То бок яны цягам аднаго году ў літоўскай школе павучыліся па-польску, дзве чвэрці ва ўкраінскай па-ўкраінску, а скончылі той год ужо ў польскай школе па-польску.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін.

Рэканструкцыі гістарычных строяў

— Мне ўяўляецца, што вашы рэканструкцыі касцюма – гэта такія своеасаблівыя матэрыялізацыі ці, можа, калі больш пафасна сказаць, — пераканальнае сведчанне багацця нашай гісторыі, што ў нас была шляхта, магнатэрыя, што былі багатыя тканіны, складаны крой і тонкія ўпрыгожанні. То-бок гэта нейкая рэч, якую ты трымаеш і адчуваеш яе моцны гістарычны бэкграўнд.

— Гісторыя строю непарыўна звязаная з гісторыяй як такой. Таму што дзякуючы таму, як мы выглядаем, як зроблена нейкая рэч, мы транслюем пэўны пасыл, тое, кім мы з’яўляемся ці кім хочам быць. І так было заўсёды.

Чамусьці людзі думаюць, што мода ўзнікла ў ХХ стагоддзі, аднак мода была заўсёды. Проста дзесьці яна закапсулявалася з-за пэўных чыннікаў, а дзесьці была вельмі імклівай.

Калі мы гаворым пра касцюм шляхецкі, асабліва жаночы, то там мода была імклівая, а ў сялянскім касцюме мода была вельмі маруднай, павольнай. Але гэта не значыць, што сялянскі касцюм менш цікавы, чым шляхецкі. Проста там іншымі спосабамі дасягаюцца тыя ж самыя мэты. Шляхецкі касцюм гэта пра шыкоўнасць тканін, матэрыялаў, а сялянскі строй — пра разнастайнасць тэхнік і багацце працы.

І мая найвышэйшая радасць гэта даследаваць, мяне хлебам не кармі, дай павывучаць нейкую мярэжку, якую мы сустракаем і на фартуху ХІХ стагоддзя, і на шляхецкай кашулі стагоддзя ХVІ ці ХVІІ. Ці вось, напрыклад, крызы — каўняры, падобныя да жорнаў млына, якія я таксама рэканструюю. Гэта даволі працаёмкі працэс, вельмі цяжкі і складаны. Там нельга памыліцца, бо давядзецца ўсё наноў рабіць, усе гэтыя складачкі. Але пры гэтым у калінкавіцкім традыцыйным строі ёсць кашуля з такім жа самым каўняром, як вось гэтыя крызы магнатэрыі ХVІ-ХVІІ стагоддзяў, і называліся гэтыя каўняры ў калінкавіцкіх кашулях крызы альбо крэзы. Таму, што гэты элемент строю прыйшоў напрамкі са строю шляхецкага. І даследаванне падобных рэчаў мяне вельмі захапляе.

Мне падабаецца прасочваць дынаміку ў часе і розных сацыяльных пластах. Чаму, напрыклад, у нас традыцыйная спадніца называецца андарак? Ад слова «unterrock», так называлася ніжняя сукня спачатку ў нямецкай, потым у польскай і літоўскай шляхты.

У нас вельмі мала даследавалі такія тэмы. Я не сустрэла ніводнай навуковай працы, прысвечанай менавіта гэтым запазычанням у розных сацыяльных слаях.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін

— То бок вы даследуеце сацыяльныя сувязі ў гісторыі?

— Я даследую свядомасць людзей. Зразумела, што я не магу ўлезці ў іх скуру, але магу хоць трошкі зразумець іх, нацягнуўшы іх як бы дадатковую скуру, то-бок адзенне.

Усё гэта, па сутнасці, даследаванне ментальнасці, светапогляду, звычак, функцыянавання, нават нейкіх цялесных практык. Прывяду такі прыклад. Калі я апранаюся ў чорны жалобны касцюм эпохі паўстання Каліноўскага, там ёсць гарсэт. А акурат у гэтыя часы гарсэты сталі зацягваць, бо дагэтуль гарсэт быў спосабам падтрымання фігуры. І ў мяне людзі, калі я праводжу лекцыі, заўсёды пытаюцца, ці не цяжка дыхаць. Да дыхання ў гарсэце чалавек прызвычайваецца і даволі хутка, а вось да чаго я не магу прывыкнуць дагэтуль, дык гэта да таго, што мая фігура заўсёды выпрастаная. Яна ніколі не згінаецца. У гарсэце немагчыма нагнуцца ці схіліцца.

І гэта таксама дае нам разуменне таго, як функцыянавала чалавечае цела.

— Ці таго, як чалавечае цела падначальвалі сацыяльным нормам…

— Так, гэта тое ж самае, калі мы абуваем ці абцасы, ці красоўкі. Я адчуваю сябе двума рознымі асобамі.

Гэта, напэўна, для мяне самае цікавае. Вось гляджу я на якую-небудзь дэтальку і думаю «О які цуд! Як яна зроблена?» І буду цэлы дзень сядзець, калупацца, і ў рэшце рэшт зразумею, як яна зроблена. І буду самая шчаслівая на свеце.

І выдатна, калі ёсць магчымасць вучыць гэтаму людзей. Я не вельмі люблю быць настаўніцай, але мне падабаецца раскрываць гэтыя маленькія таямніцы. Людзі зараз часам не могуць нават уявіць, як гэта ўсё было зроблена, колькі працы ў гэта ўкладзена!
Яшчэ я вельмі люблю ствараць. Не было нічога, а потым штосьці з’явілася. Гэта тычыцца і песняў, і якіх-небудзь фартушкоў…

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін

Ад БТ-3 да пагрозы «крыміналкі»

— У Беларусі на дзяржаўным тэлебачанні вы вялі культурніцкую праграму? Што гэта была за праграма? Ці былі там нейкія цэнзурныя абмежаванні?

— Праграма называлася «Жывая культура», мы расказвалі пра рэчы са спісу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Адна серыя была прысвечаная якому-небудзь аб’екту ці з’яве. Там не было чаго цэнзураваць, але адзінае, што памятаю, нам не дазвалялі здымаць закінутыя хаты. Па дарозе нам сустракаліся вельмі маляўнічыя хаты, вакол якіх маглі цвісці, напрыклад, здзічэлыя вішні. І нам гэта не дазвалялі здымаць.

— Пасля звальнення вас запрасілі на «Белсат». І вы да гэтага часу там працуеце.

— Так, спачатку была сатырычная праграма «Хай Так TV», пасля «Нітка зорка», а цяпер — гістарычны праект па гендарнай гісторыі «Каса на камень». У нас вельмі мала даследаванняў, якія б разглядалі гісторыю з гендарнага пункту гледжання. Не, не таго, як жанчыны гатавалі ежу, а мужчыны ваявалі, а як жанчыны і мужчыны глядзелі на адныя і тыя ж з’явы, як адны і тыя ж з’явы ўплывалі на тых і на другіх. Вось мы спрабуем гэта высветліць з Васілём Калачом і Алесем Кіркевічам.

— Відэапраект «Трызуб і Пагоня», які выходзіць на канале «Будзьма беларусамі», прапануе альтэрнатыўны погляд на сумесную гісторыю Беларусі і Украіны. Мы ў эміграцыі адарваныя ад архіваў. Як ствараюцца гэтыя выпускі — іх даследчая частка, як яна робіцца?

— Наш мегамозг і чалавек, якім я шчыра захапляюся, гэта Алесь Кіркевіч. Ён з’яўляецца каталізатарам ідэяў, прапаноўвае і часцей за ўсё менавіта ў яго ёсць база, дастатковая для падрыхтоўкі выпускаў. Гэта чалавек энцыклапедычных ведаў, ён мае агромністы запас навуковай літаратуры. Мне падаецца, што ў яго, як у скупога рыцара, дзесьці ёсць спецыяльнае сутарэнне, у якое ўціснутыя ўсе кніжкі і навуковыя артыкулы на свеце. То-бок галоўная заслуга належыць Алесю.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін

— Выпуск пра галоўны міф Другой сусветнай вайны – забойства ў Мінску гаўляйтара Вільгельма Кубэ — быў прысвечаны крытычнаму аналізу савецкіх міфаў вакол гэтай гістарычнай падзеі. У відэа вы выкладаеце толькі факты, якія лёгка спраўдзіць. І амаль што без ацэнак. Ну хіба крыху эмацыянальных нюансаў, якія не змяняюць факталогію. І думаю, што рэч, якая па сапраўднаму палохае Следчы камітэт, гэта тэма нацыянальнага беларускага руху ў гады вайны… Паводле іх, вы гераізавалі «нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключаючы прадстаўнікоў нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фарміраванняў, наўмысна ўслаўлялі іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР».

А на вашу думку, якая прычына таго, што вас абвінавацілі ў «рэалізацыі ідэалагічнай дыверсіі, замаскаванай пад «асветніцкія лекцыі»?

То-бок гэта нават крымінальны артыкул, фармальна гэта выхад за межы стандартнага антыэкстрэмісцкага заканадаўства.

— Магу памыляцца, але мне падаецца, што Следчы камітэт палохаецца ў першую чаргу тады, калі хтосьці ступае на тую дзялянку, якую ён і праўладныя гісторыкі лічаць цалкам і поўнасцю сваёй, бо на ёй грунтуецца ідэалагічны падмурак дзяржавы. Гэта той кіт, тая чарапаха, на якой трымаецца сёння беларуская ідэалогія. Калі хтосьці, не дай Божа, са сваімі лапамі без манікюру, такімі, як у мяне, лезе на дзялянку Вялікай Айчыннай вайны, то трэба быць гатовымі да таго, што наступствы будуць.

Таму мне падаецца, што тут справа не толькі ў беларускім нацыянальным руху. Справа ў тым, што Вялікая Айчынная вайна — гэта тая свяшчэнная карова, якую дояць зараз усе прапагандысты, усе ідэолагі.

— А якія менавіта ідэалагічныя асновы вы падтачылі пад гэтай свяшчэннай каровай?

— Нават не ведаю. Бо ўспаміны Алены Мазанік, на якіх пабудавана праграма, ёсць у адкрытым доступе. Мяркую, што ўсё, што нейкім чынам не карэлюецца са статусам Адама і Евы, Першага партызана і Першай партызанкі, падпадае пад расстрэльны артыкул. Напэўна, так.

У праграме я не даю ніякіх ацэнак дзейнасці Вільгельма Кубэ, але самая згадка яго ўжо непрымальная, як і згадка Наталлі Арсенневай, калі я расказваю пра гібель яе сына.

Насамрэч я вельмі моцна пераймалася на гэты конт, калі даведалася пра абвінавачванні, але потым супакоілася, бо ў мяне такая добрая кампанія – Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Алесь Пушкін.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін

— А як экстрэмісцкі статус змяніў ваша жыццё?

— Ведаеце, наконт экстрэмісцкага статусу, па шчырасці прызнацца, я не магу сябе знайсці ў спісе «экстрэмістаў». Майго прозвішча там няма. Генпракурор Швед выступіў з тым, што яны будуць даваць прававую ацэнку маім дзеянням, але яшчэ не далі.

Экстрэмісцкімі прызнаны мае Instagram, TikTok, а таксама каналы «Будзьмы» і «Белсата», дзе я працую.

Калі я была чаліняй Каардынацыйнай рады, то да маёй маці прыходзілі з вобшукам. І тады ўсіх удзельнікаў запісалі ў экстрэмісты.

Што я там ёсць у тых спісах, што мяне там няма, мне па вялікім рахунку зараз фіялетава, таму што гэта ні на што не ўплывае ў маім асабістым жыцці.

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін

— То-бок у вас у Беларусі нічога не засталося. Ці вы вернецеся, калі ўсё зменіцца?

— Не ведаю. Таму што ў мяне дачка ідзе ў ліцэй. Зараз я разумею, што яе жыццё будзе звязанае, хутчэй за ўсё, ужо не з Беларуссю.

Нягледзячы на тое, што яна па-беларуску цудоўна размаўляе і са мной выступае, і беларуская тэма для яе абсалютна не чужая. Але ці будзе яна, напрыклад, працягваць адукацыю ў Беларусі?

Я б насамрэч не хацела. Таму што я як педагог разумею, наколькі там кепская сітуацыя з сістэмай адукацыі.

У сына — лёгкая форма аўтызму, тое, што раней называлася сіндромам Аспергера. І калі ў Беларусі яго называлі «ненармальным», то тут ён вучыцца ў звычайнай школе па звычайнай праграме. У яго шмат сяброў. Ён не атрымлівае, канечне, граматы за алімпіяды, як Стэфа, але дае рады. І я разумею, што гэта заслуга ў першую чаргу сістэмы адукацыі, якая не ламае чалавека, а спрыяе ягонаму развіццю. Якім бы ён ні быў.

А ў Беларусі я не магу гарантаваць, што змагу забяспечыць яму такую ж адукацыю.

І яшчэ адна прычына, па якой я кажу, што я не ведаю, як вярнуся і калі вярнуся, я прывязаная да анкалагічнага шпіталя. І вельмі задаволеная той дапамогай і тым лекаваннем, якое атрымліваю тут. І не ведаю, наколькі лекаванне ў Беларусі, у тых жа Бараўлянах будзе дзейсным і будзе карэлявацца з тым, што я ўжо атрымала, таму што ў кожнага пацыента ёсць свой пратакол лячэння і з яго лепей не сыходзіць.

Яшчэ адзін чыннік: у майго мужа дыябет першага тыпу, і ў Беларусі ён калоў сабе інсулін, які ў Еўропе ўжо даўным-даўно не выпускаецца. А тут ёсць нармальныя сучасныя інсуліны, а яшчэ ў яго стаіць спецыяльны чуйнік з мікраіголкай у руцэ, які бесперарыўна мерае ўзровень цукру і дасылае дадзеныя праз аплікацыю ў выглядзе графіка на тэлефон, і ён пастаянна можа маніторыць яго, а не браць кроў з пальца па 10 разоў на дзень. У Беларусі гэта была проста неверагодная раскоша, штосьці з шэрагу фантастыкі.

— Калі вы нават не вернецеся, вы ж усё роўна будзеце працаваць на беларускія праекты? Бо цяпер вы, напрыклад, прымаеце ўдзел у польскім спектаклі.

— Я без ружовых акуляраў гляджу на сваю будучыню, і я не магу сказаць, што калі-небудзь надыдзе такі момант, што я буду настолькі інтэграваная ў польскую прастору, што там мяне будуць браць нароўні з тымі, хто тут нарадзіўся. Мы заўсёды будзем тут беларусамі.

Тое, што я граю ў Тыкоцінскім аматарскім тэатры, тое, што я часта камунікую з палякамі, якія таксама займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй, гэта абсалютна натуральны стан рэчаў. Бо я адмыслова ніколі не шукаю беларусаў ці палякаў. Справы і людзі знаходзяць мяне самі.

Я ніколі не вучыла польскую мову адмыслова, але ўжо магу спакойна размаўляць, смяяцца з жартаў і расказваць свае гісторыі.

А што будзе далей? Я не загадваю. Мяркую, што хутчэй за ўсё, будзе беларуская справа.

Таксама не магу сказаць, што я пра штосьці шкадую. Аднак часта накатвае настальгія і сніцца дом.

***

Каментар юрыста Рыгора Дбайнага

У інтэрв’ю закранаецца цікавая тэма традыцыйнага строю і гісторыі моды. Адзенне – гэта не проста кавалак тканіны, сшыты пэўным чынам, і не звычайны спажывецкі тавар. Як трапна заўважае Кацярына Ваданосава, праз наш выгляд і зробленыя намі рэчы мы транслюем свету, кім мы ёсць або кім хочам быць. Беларуская кашуля, створаная паводле традыцыйнага крою, не заклікае да гвалту і не пагражае грамадскай бяспецы. Але яна сведчыць пра існаванне іншай Беларусі – краіны з уласнай гісторыяй, эстэтыкай і сістэмай сімвалаў, якія не супадаюць з дзяржаўнай ідэалогіяй. Гістарычны строй робіць мінулае матэрыяльным, а нацыянальныя матывы робяць ідэнтычнасць бачнай. Такую культуру можна не толькі паглядзець у музеі, яе можна паспрабаваць вырабіць, надзець, перадаць дзецям і, што самае важнае, вынесці ў публічную прастору. Менавіта таму кантроль над адзеннем і гістарычнай эстэтыкай робіцца для аўтарытарнага апарату формай кантролю над калектыўнай памяццю.

Міжнароднае права глядзіць на культуру шырока. Артыкул 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах гарантуе кожнаму права ўдзельнічаць у культурным жыцці і свабоду, неабходную для творчай і даследчай дзейнасці. Культура ў гэтым сэнсе не выключны набор афіцыйна зацверджаных помнікаў ці твораў або высокае мастацтва, а жывы працэс, які ўключае мову, музыку, абрады, адзенне, рамёствы, звычаі і традыцыі. Дзейнасць Кацярыны аб’ядноўвае некалькі абароненых міжнародным правам элементаў: даследаванне гісторыі моды, аднаўленне працэсаў стварэння строяў, перадачу ведаў і доступ да спадчыны. Яе рэканструкцыі – не проста дэкаратыўнае хобі, гэта вывучэнне ментальнасці, сацыяльных сувязяў, інструмент аднаўлення эстэтыкі, знішчанай яшчэ савецкай культурнай палітыкай.

Сёння сацыяльныя сеткі творцаў сталі адначасова публічнай майстэрняй, выставачнай залай, школай і архівам. Таму абвяшчэнне акаўнтаў Кацярыны «экстрэмісцкімі» – гэта акт ускоснай цэнзуры дзяржавы, якая парушае культурныя правы і самой аўтаркі, і людзей, якія ёй цікавяцца. Улада імкнецца зрабіць небяспечнай саму камунікацыю вакол культуры, каб не даць голасу альтэрнатыўным ідэям і гісторыі.

Таму чарговым лагічным, але трагічным крокам у гэтым ланцугу стала прыпыненне працы ў ліпені 2026 года вядомых праектаў LSTR Adzieńnie, Honar і этна-крамы Ragna, якія гадамі звярталі ўвагу на нацыянальныя сімвалы, традыцыі і папулярызавалі беларускую ідэнтычнасць. Такія ініцыятывы – гэта не проста камерцыйныя арганізацыі, яны стваралі вакол сябе шырокую супольнасць, забяспечвалі прысутнасць візуальнай культуры ў штодзённым побыце.

Камітэт ААН і Канвенцыя ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення падкрэсліваюць: культурныя тавары маюць падвойную прыроду. Яны нясуць у сабе сэнсы і каштоўнасці, таму не могуць разглядацца выключна як прадукты гандлю.

Паводле міжнародных стандартаў, якія прыняла на сябе Беларусь, дзяржава мае абавязкі ў сферы культурных правоў: паважаць, абараняць і забяспечваць. Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта наўмыснае парушэнне нормаў і ігнараванне сваіх абавязкаў. Кантэкст рэпрэсій пасля 2020 года паказвае, што зачыстка культурнага поля – частка сістэмнага працэсу. Як мы бачылі на прыкладзе гісторый нашых папярэдніх суразмоўцаў, такія метады распаўсюджваюцца на ўсе сферы, дзе ствараюцца вольныя сэнсы, якія перашкаджаюць дзяржаўнай манаполіі на культуру, у тым ліку ў кнігавыданні, тэатры, кіно.

Разлом паміж рэпрэсіўнай палітыкай дзяржавы і рэальнымі культурнымі патрэбамі грамадства выразна бачны ў тым, як ацэньваецца праца творцаў. У той час, як улады выціскаюць дзейнасць Кацярыны ў небяспечнае поле, незалежная інтэлектуальная супольнасць прызнае яе значнасць. Праект Кацярыны «Нітка Зорка» ў 2025 годзе быў уганараваны прэміяй імя Францішка Багушэвіча ад Беларускага ПЭНа – узнагародай, якая традыцыйна ўручаецца за выдатныя творы, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і глыбокаму асэнсаванню нацыянальнага мінулага.

Аднаўленне нацыянальных і гістарычных строяў, папулярызацыя беларускіх сімвалаў і гісторыі небяспечныя менавіта для аўтарытарнай, а не дэмакратычнай дзяржавы, бо вяртаюць чалавеку права самастойна вызначаць, хто ён такі. Папулярызацыя гістарычных сімвалаў дазваляе бачыць і «насіць» сваю культуру літаральна штодня, робячы яе жывой, насуперак стэрыльнай атмасферы, створанай пад наглядам ідэолагаў у дзяржаўным музеі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!