Аўтарка праекта «Палітвязынка», журналістка Яўгенія Доўгая анансавала ў сацсетках запуск калекцыі ўпрыгожанняў. Усе сродкі ад іх продажу пойдуць на падтрымку палітзняволеных беларусак.
Натхненнем для стварэння ўбрання стаў прыклад салідарнасці людзей у час і пасля паўстання Кастуся Каліноўскага.
«Падчас паўстання Каліноўскага падрымка палітзняволеных выяўлялася і ў модзе. Жанчыны ў падтрымку палітвязняў насілі жалобныя ўборы, а яшчэ з’явілася цэлая лінія ўпрыгожанняў: бранзалеты з сэрцам і якарам, завушніцы, каралі, пярсцёнкі, брошкі», — адзначаецца на старонцы праекта.
У калекцыі ўпрыгожанняў, запушчанай «Палітвязынкай», — завушніцы, каралі і бранзалеты, які «абыгрываюць» тэму зняволення. Выглядаюць рэчы даволі лаканічна і стрымана, не кітчава.
Кошты на ўпрыгожанні — ад 10 да 20 еўра. Усе сродкі, выручаныя з продажу, пойдуць на падтрымку палітзняволеных беларусак, падкрэсліваюць актывісткі.
Замовіць убранне можна з любой кропкі свету тут.
Праект «Палітвязынка» ў падтрымку беларускіх палітзняволеных жанчын быў заснаваны журналісткай Яўгеніяй Доўгай і мастачкай Ганнай Татур у 2022 годзе. Ініцыятыва дапамагае жанчынам за кратамі, былым палітвязынкам — штомесяц праект адсылае перадачы і бандэролі ў месцы зняволення, збірае ахвяраванні на патрэбы беларусак, якія пацярпелі ад рэжыму.