Праект музея цара ў Магілёве прынялі да рэалізацыі па выніках грамадскага абмеркавання

Праект музейнага комплексу ў гонар царскай сям’і, які прывядзе да знішчэння ў Магілёве Замкавай гары і паловы найстарэйшага парку горада, рэкамендавалі прыняць да рэалізацыі па выніках грамадскага абмеркавання. Прычым з 143-х галасоў, сабраных пад петыцыяй супраць будаўніцтва музея, архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры Магілёўскім гарвыканкаме залічыла толькі 5, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

«У ходзе грамадскага абмеркавання паступіла 503 заўвагі і прапановы ад удзельнікаў грамадскага абмеркавання (498 — за рэалізацыю праекта, і 5 — супраць)», — адзначаецца ў пратаколе пасяджэння. З улікам невядомых галасоў падтрымкі рада рэкамендавала прыняць да рэалізацыі праект, які ў беларускай культурнай супольнасці выклікаў адно абурэнне.

Нагадаем, што пра праект музейнага комплексу ў гонар рускага цара Мікалая ІІ, які мусіць паўстаць на месцы былога Магілёўскага замка — у Парку Горкага, найстарэйшым парку горада, стала вядома на пачатку ліпеня. Паведамлялася, што музей будзе распавядаць пра падзеі ХХ стагоддзя — Першую сусветную вайну, Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, сям’ю Мікалая II, Георгіеўскіх кавалераў, Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года, і будзе ўзведзены вакол царквы ў гонар Царскіх Пакутнікаў. Заказчыкам праекта выступае «Кіраванне капітальным будаўніцтвам горада Магілёва».

Праектнае рашэнне музейнага комплексу. Крыніца: сайт Магілёўскага гарвыканкама

Пунктам абурэння беларускай супольнасці стала месца будаўніцтва комплексу — чамусьці прарасійскі праект запланаваны менавіта на месцы старажытнага Магілёва. А гэта значыць, што ў выніку ўзвядзення музея будзе знішчаны важны архелагічны пласт замчышча. Акрамя таго, паўстанне навабуда на азначанай тэрыторыі не адпавядае нарматыўным дакументам. Каб прадухіліць гэта, скажам прама, злачынства супраць горада, і была створаны петыцыя «Супраць знішчэння парку і замчышча ў Магілёве пад музей цара». Яе, паўторымся, падпісалі 143 чалавекі.

Аднак на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічай рады гэтыя галасы не залічыліся, а былі згаданыя невядомыя 498 галасоў за рэалізацыю праекта.

«Гэта, вядома, мёртвыя душы з епархіі ці ад бюджэтнікаў па разнарадцы. Тое ж самае бачылі па выніках грамадскіх абмеркаванняў і ў іншых гарадах», — падзялілася сваім меркаваннем наконт колькасці прыхільнікаў комплексу «Спадчына».

Цяпер жа па выніках пасяджэння рэкамендавана прыняць архітэктурна-планавальную канцэпцыю праекта да далейшага праходжання экспертызаў і ўзгадненняў, а таксама «прадугледзець у межах добраўпарадкавання тэрыторыі наяўнасць архітэктурных элементаў, якія знаходзяцца ў кампазіцыйным узаемадзеянні з аб’ектам, які рэканструюецца».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!