Праект MOST+ пашырае праграмы мабільнасці для беларускіх дзеячаў культуры
Праект MOST+ – гэта праграма стажыровак, якая спрыяе прафесійнаму абмену паміж беларусамі і іх калегамі з краін ЕС; фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Гётэ-Інстытутам.
Цяпер праграма MOST+ мае магчымасць падтрымаць вашы стажыроўкі ў краіны Еўрасаюза большай працягласцю – ажно да 90 дзён. Раней максімальная працягласць такой паездкі магла быць не большай за 30 дзён.
На мінулым тыдні была праведзена інфасесія па магчымасцях MOST+ для беларускіх дзеячаў культуры.
Па выніках інфасесіі на сайце праграмы былі выкладзены асноўныя тэзы і пытанні, якія гучалі, а таксама важныя спасылкі на больш дэтальную інфармацыю.
Прафесія заяўніка павінна мець дачыненне да аднаго з 6 сектараў: Культура, Грамадская дзейнасць, Бізнес, Адукацыя, Ахова Здароўя, Устойлівае развіццё. Пад культурніцкім сектарам разумеюцца таксама і творчыя індустрыі, такія як мода, рамесніцтва, кіна- відэавытворчасць і інш.
MOST+ падтрымлівае паездкі з мэтамі:
Наладзіць партнёрскія адносіны ў сваёй сферы.
Распрацаваць супольныя праекты.
Паўдзельнічаць у мерапрыемствах і прэзентацыях.
Працаваць над абменам досведу і навучальнай дзейнасцю.
Пашырыць прафесійныя сеткі.
Такім чынам, можна паехаць на: канферэнцыі і форумы, прафесійнае навучанне ў самых розных фарматах, платныя арт-рэзідэнцыі, стажыроўкі пры профільных установах і многае іншае. Таксама зараз праграма МОСТ+ можа падтрымаць і анлайн-мабільнасць, напрыклад, удзел у платных прафесійна-арыентаваных анлайн-канферэнцыях, курсах, рэзідэнцыях і інш.
Хто можа падацца:
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, 18+. Можна мець 2 грамадзянствы, адно з якіх — беларускае.
Вашай краінай пражывання можа быць Беларусь або любая іншая краіна. Краіна пражывання — гэта краіна, якую заяўнік лічыць краінай свайго сталага жыхарства.
Можна падаць заяўку індывідуальна ці ў складзе групы да 5 заяўнікоў.
Хто НЕ можа падацца:
фізічныя асобы і супрацоўнікі ўстановаў пад санкцыямі.
студэнты, якія яшчэ не скончылі навучанне і не атрымалі першы дыплом і прафесійны досвед. Пры гэтым можна падавацца, калі вы атрымліваеце другую ці наступную адукацыю. Агулам для студэнтаў і выкладчыкаў працуе адмысловая праграма падтрымкі ад ЕС — SALT-II.
Фінансавая падтрымка пакрывае:
праезд (у тым ліку перавозку багажу: карцін, абсталявання і інш.),
пражыванне,
страхоўку і інш.
Таксама аказваецца візавая падтрымка.
Што важна ўлічыць для падачы:
Заяўкі павінны прадугледжваць 2-3 месяцы для ацэнкі і падрыхтоўкі.
Мабільнасць павінна дадаць каштоўнасць як заяўніку, так і яго прафесійнай супольнасці.
Падрабязна апішыце свае мэты і план мабільнасці, а таксама — як яна паспрыяе развіццю вашай кар’еры.
Праграма была ініцыяваная найперш для спрыяння пашырэнню міжнародных сувязяў. У сённяшніх умовах можна падаць заяўку і для аднаўлення ўнутрыбеларускіх сувязяў, аднак усё ж варта прадугледзець міжнародную супрацу — пры роўных балах гэта надаць вашай заяўцы прыярытэт.
Часта вызначальная перавага — дакладнае бачанне спосабаў пашырыць ваш досвед паездкі сярод калег па прафсупольнасці. Ідэальна, калі можаце апісаць фарматы ці нават план дзеянняў (прэзентацыя, трэнінг, іншая адмысловая праграма для калег).