31 траўня ў Бруселі адбудзецца праект пра беларускіх палітзняволеных пад назвай «Беларускі Мартыралог». Ён будзе ўключаць у сябе выставу малюнкаў беларускай мастачкі Ксішы Анёлавай і імпрэзу-перформанс ад гісторыка Наталлі Гарковіч.
Мартыралог — такім тэрмінам у царкоўнай традыцыі называюць спіс пакутнікаў, святых і блажэнных, якія пацярпелі за сваю веру.
Так назвала ў свой час серыю малюнкаў беларускіх палітвязняў мастачка Ксіша Анёлава. Аўтарка з 2020 года стварае партрэты беларусаў, якіх затрымлівалі на працягу апошніх гадоў.
“Мне важна пабачыць чалавека, яго непаўторнае аблічча. Намаляваць яго — гэта магчымасць трохі пабыць з ім”, — кажа пра сваю творчасць мастачка.
Першая выстава малюнкаў Ксішы Анёлавай адбылася ў Берліне ў 2022 годзе, цяпер жа збор твораў аўтаркі будзе экспанавацца ў Бруселі — у доме Беларускай дэмакратычнай місіі па адрасе rue d’Arenberg, 1b.
«Высокая канцэнтраванасць партрэтаў у прасторы яскрава ілюструе маштабы трагедыі, якая адбываецца ў лёсах людзей і Беларусі ў цэлым», — адзначаецца ў апісанні праекта.
Падтрымае пасланне Ксішы Анёлавай перфоманс гісторыка Наталлі Гарковіч. Наталля прачытае тэксты тых людзей, якія знаходзяцца за кратамі — дазволіць наведвальнікам пачуць іх галасы.
Пачнецца імпрэза ў доме Беларускай дэмакратычнай місіі 31 траўня а 18:00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram