Дзесяць спектакляў ад беларускіх тэатральных каманд будуць паказваць у варшаўскіх лакацыях. Можна выбраць спектакль з афішы, а можна набыць абанемент (за 350 злотых) і бонусам да яго атрымаць запрашальнікі на дзве летнія прэм’еры-неспадзяванкі.
«Спектаклі для меншых і большых гледачоў і глядачак. Спектаклі-сок, спектаклі-жар, спектаклі-навальніца! Вы толькі зірніце на расклад! Квіткі ўжо ў продажы«, — паведамляюць у сацсетках Inexkult.
Паказы будуць ісці ад чэрвеня да жніўня.
5 чэрвеня — «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча».
Рэжысёрка — Паліна Дабравольская (Беларусь).
Спектакль Паліны Дабравольскай (Chornabrova) паводле п’есы неназванага аўтара носіць назву “Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча”. Гэты міжнародны праект, які аб’яднаў актрыс з Беларусі, Польшчы і Украіны, якія ствараюць жаночы спеў з дапамогай маналогаў з жывой музыкай.
7 акторак і 16 маналогаў, якія аб’ядноўваюць жыццёвы вопыт жанчын ва ўсім свеце. Аб эміграцыі, пошуку бяспечнай прасторы. Пра жанчыну, яе прыроду, жаданне схавацца і быць адкрытым, пра важнасць быць разам.
Спектакль выконваецца на польскай мове ў перакладзе Малгажаты Бухалік.
12, 13 чэрвеня — «Шэпт».
Рэжысёр — Раман Падаляка (Беларусь).
Дзесяць гадоў таму фатограф-дакументаліст Сяргей Лескець задумаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Марай была серыя партрэтаў носьбітак самай закрытай і абароненай традыцыі – лекавання словам. Ад вёскі да вёскі ён шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.
Кніга “Шэпт” выйшла ў 2022 годзе, на яе старонках – унікальныя жыццёвыя споведзі і лекавыя практыкі пераплятаюцца з падарожнымі нататкамі.
Купалаўскі “Шэпт” (Купалаўцы) вырас з супольнага з беларуска-нямецкай асацыяцыяй KuB. Kulturverein Belarus e V праекта “Kuo Vadis?”. Гэта сцэнічнае падарожжа да людзей прасторы міфа, чула пракладзенае рэжысёрам Раманам Падалякам пры ўдзеле аўтара.
«Шэпт» пройдзе і ў іншых гарадах.
Спектакль ідзе на беларускай мове.
13, 14 ліпеня — «Камедыя Юдзіфі».
Рэжысёр — Павел Пасіні (Польшча).
Новая інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў. Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў, спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі.
28 ліпеня — «Мама Зоя, Беларусь».
Аксана Гайко (Беларусь), Фiя Адлер Сандблад (Швецыя), Петэр Элмерс (Швецыя) і ансамбль
У аснове спектакля ляжыць рэальная гісторыя мамы рэжысёркі і кіраўніцы тэатра «Крылы Халопа» — Аксаны Гайко. Зоя нарадзілася ў беднасці і страху праз сем гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Беларусі, якая стагоддзямі падвяргалася акупацыі і нападам. Праз асобу Зоі даследуюцца перажыванні жанчын у адным з самых дэспатычных грамадстваў Еўропы, імкненне людзей да свабоды, пяшчоты і, магчыма, да новай пары абутку.
29 ліпеня — «Беспрацоўнае дрэва».
Рэжысёрка — Святлана Бень (Беларусь)
Гісторыя дрэва, якое вымушанае пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, цудоўных, небяспечных, а часам абсалютна нечаканых. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагчы іншым, знайсці сяброў і сваю важную справу.
18, 19 жніўня — «Гусі-людзі-лебедзі».
Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў (Беларусь)
Гэта антыўтапічны і фантасмагарычны погляд на будучыню Беларусі на падставе фрагмента рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы».
19 жніўня — «рЭвалюцыя Зайца».
Рэжысёр — Юра Дзівакоў (Беларусь)
«рЭвалюцыя Зайца» — гэта інтэрактыўны тэатральны праект мастачкі, сцэнографкі і педагога Таццяны Дзіваковай, пастаўлены па матывах народнай казкі «Ліса і заяц».
25 жніўня — SarmaTY/JA.
Рэжысёрка — Паліна Дабравольская (Беларусь)
SarmaTY/JA — гэта музычная монадрама, якая спалучае народную музыку з хіп-хопам.
Яна распавядае трагічную гісторыю пра немагчымасць укараніцца на чужой зямлі. Гэта гісторыя кахання і смерці. Цёмная, пульсуючая рытмам, пачуццёвая. Спектакль быў заснаваны на паэме «Сарматыя» беларускай паэткі Марыі Мартысевіч, напісанай у 2018 годзе. Яго гераіня змагаецца за выжыванне ў выгнанні ў чужой краіне.
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца па адрасе: pr@inexkult.com.
Квіткі на ўсе мерапрыемствы можна набыць па спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram