Андрэй Хадановіч параіў, што чытаць дзецям на роднай мове

Тэлеканал «Белсат» папрасіў паэта, перакладчыка і бацьку Андрэя Хадановіча падзяліцца парадамі, што чытаць дзецям па-беларуску.

Склалі спіс найцікавейшых кніг ад Андрэя Хадановіча.

Самыя маленькія слухачы (да 6 год)

Алег Мінкін «Добрыя вершы»

Паэт Алег Мінкін задумаў трохтомнік «Добрыя вершы», сабраўшы найлепшыя беларускія творы для дзетак. На жаль, ён на сёння паспеў зрабіць толькі вялікі том пра жывёлаў «Побач з намі на зямлі», але ўсё ж гэты том ёсць, — расказвае літаратар. — У ім шмат чаго цікавага я знайшоў, чытаючы дачцэ перад сном».

Дзіцячыя кніжкі Рыгора Барадуліна

Маленькім хлопчыкам і дзяўчаткам можна чытаць любую дзіцячую кніжку Рыгора Барадуліна, напрыклад, «Выпаў грук у грома з рук».

Дзіцячыя кніжкі Артура Вольскага

Таксама бясспрэчны класік дзіцячай літаратуры Артур Вольскі, сярэдні з трох культурных дзеячаў Вольскіх (сын Віталя Вольскага і бацька Лявона Вольскага), – акрамя ўсяго іншага, бліскучы дзіцячы паэт.

Вера Бурлак «Фантазюркі»

За яе аўтарка атрымала Прэмію Цёткі. Такіх вершаў – разняволена-іранічных – крышачку бракавала нашай занадта сур’ёзнай дзіцячай літаратуры. А тут цэлы каскад жартаўлівых эксперыментаў, у найлепшых традыцыях Данііла Хармса.

Верш «Без святла»

На лініі недзе аварыя,

Таму сядзім без святла.

Не бачу, дзе мая мама:

Напэўна, кудысьці сышла.

Сусед наш – прафесар стары –

Шукае свае акуляры.

Навошта яму акуляры?

Шукаў бы лепш ліхтары!

Усе на ўсё натыркаюцца.

Усе аб усё спатыкаюцца.

І потым з падлогі

Чуваць дыялогі:

– Што гэта?

– Ногі.

– А гэта?

– Таксама ногі.

– Твае?

– Не мае.

– А чые?

– Нічые.

– А можа, мы васьміногі?

А я, раз такое здарэнне,

Сцягнуў у бабулі варэнне,

Ды дзіўнае вельмі на смак.

І пахне неяк не так.

Што ў слоіку тым было?

Хутчэй бы далі святло!

«Кніжкі-малышкі» ад Аляксандра Ждановіча

Для зусім маленькіх хлопчыкаў і дзяўчатак пачаў пісаць кароткія казкі добра вядомы нам Маляваныч – Аляксандр Ждановіч. Яго «кніжкі-малышкі» ў выдавецтве «Славянка» выходзяць адна за адной.

Дзіцячыя кніжкі Андрэя Скурко

Андрэй Скурко, вядомы нам як публіцыст, аднак калі патрапіў у турму, пісаў для свайго маленькага сына Тамашыка. Так нарадзіліся першыя гарэзлівыя вершы, першыя пераклады. Вось, напрыклад, класіка ад Карнея Чукоўскага «Добрый доктор Айболит» – «Добры доктар Будзьдароў». «Глядзіце, які пазітыўны сам падыход: класік рускай літаратуры пазначае праблему праз негатыўную зʼяву «ай, баліць», якой хочацца пазбавіцца. А тут «будзь здароў» закладзенае ў назве – вельмі смела, адважна як на пераклад, і дужа пазітыўна!», — заўважае Андрэй Хадановіч.

Андрэй цяпер працягвае пісаць, выходзіць кніжка за кніжкай: «Стукі грукі, што за звукі», ці «Хто жыве ў гаражы», ці «Як завесці дыназаўра» – гэта я ўзгадаў некалькі апошніх кнігаў. Андрэй – яскравая падзея дзіцячай літаратуры».

Прэзентацыя кнігі Андрэя Скурко на Варшаўскім кніжным кірмашы. Фота: reform.news

Малодшыя школьнікі (7–11 год)

Алена Васілевіч «Расці, Ганька»

«З беларускіх класікаў мне згадваецца пісьменніца, якая шмат напісала для дзяцей, – Алена Васілевіч і яе аўтабіяграфічная проза «Расці, Ганька». Я на гэтым рос і, хоць я ніякая не Ганька і не вясковая дзяўчынка, а гарадскі хлапчук, мне падабалася цеплыня, далікатнасць галоўнай гераіні, я вельмі ёй спачуваў.

Павел Місько «Навасёлы» і «Прыгоды бульбобаў»

Андрэй Хадановіч згадвае, што ў дзяцінстве вельмі добра зайшлі аповесці «Навасёлы» і «Прыгоды бульбобаў» Паўла Місько».

Эльга Папова «Мора ў горадзе»

«Мора ў горадзе» ад першай да апошняй старонкі гарэзлівая, гульнёвая, іранічная, перакульвае свет з ног на галаву. Мора, якое не хацела развітвацца з дзіцём, перасяляецца ў ягонае вядзёрка, трапляе да яго дамоў, селіцца далёка ад вялікай вады, у ванне. І тут паўстаюць абсурдныя, забаўныя праблемы, пытанні: ці заўсёды свабода – гэта добра, ці свет мусіць мець правілы, паводле якіх існуе?

Сяргей Прылуцкі «Далоў дарослых»

Кніга для гарэзнікаў, вызначае «Далоў дарослых» Андрэй Хадановіч. Сяргей Прылуцкі – гэта беларускі паэт, што цяпер жыве ва Украіне.

Марыя Мартысевіч «Як пазбыцца маматута»

Маматут – гэта такая зʼява, калі дзіцёнак заўсёды пад кантролем.

Сусветная класіка

Хадановіч далучае ў гэты раздзел творы сусветнай класікі, бліскучыя пераклады якой ёсць і ў эмігранцкіх кнігарнях, і непасрэдна ў Беларусі. Гэта «Чарадзей з краіны Оз» Фрэнка Баўма, файна перакладзены Сяржам Мядзведзевым. Нядаўна выдадзеная ў перакладзе Уладзя Лянкевіча казка Джэймса Бары «Пітэр Пэн».

Шведская літаратура

Наогул нашая класічная літаратура занадта павучальная: вось тут гісторыя, тут мараль, тут – як трэба рабіць, а як не. А сучасная літаратура – усё-такі пра свабоду, якая даецца дзіцяці; яна без зададзенай іерархіі «разумных дарослых і слухмяных дзетак». Гэта спробы нейкіх амаль раўнапраўных адносінаў. У гэтым плане шведская літаратура нам шмат чаго дае. У нас ёсць «Карлсан», нават у двух розных перакладах – Лявона Баршеўскага і Алесі Башарымавай. Зʼявілася «Піпі Доўгаяпанчоха» ў перакладзе Дзмітрыя Плакса; серыя «Мама Му» Юі Вісландэр у перакладах Надзі Кандрусевіч. І, безумоўна, «Пэтсан і Фіндус» Свена Нурдквіста, таксама любімая беларускімі дзеткамі, выдатна самім аўтарам ілюстраваная серыя кніг.

Андрэй Хадановіч таксама перакладаў геніяльную шведскую літаратуру – «педагагічную» паэму Гунілы Бэргстрэм «Суперкніга пра Біла з Болаю» (Біл – разумны, а Бола – весёлая):

«Гэта спроба пісаць пра непростае, пра раней забароненае – скандынаўскія літаратары пашыраюць тэмы і не баяцца з дзецьмі размаўляць, напрыклад, пра смерць.

Аўтарка на падставе сваёй сямейнай біяграфіі – сваёй дачкі з асаблівасцямі развіцця – стварыла гісторыю пра старэйшага брата і асаблівую маленькую сястрычку, іх бацькоў і сітуацыі, як яны разам даюць рады вялікім праблемам, якія нібыта мусілі б прыносіць слёзы, роспач і адчай. А яны ў нейкім сяброўстве, даверы, партнёрстве знаходзяць узаемную падтрымку і адкрываюць радасць і аптымізм там, дзе, здавалася б, на першы позірк, толькі безнадзейнасць, дзе ўсё песімістычна і прыгнятальна. Гэта кніга, якая ў наш няпросты, цемнаваты час можа псіхалагічна падтрымаць. Урэшце, мы самі будуем сабе свята, ніхто нас не суцешыць, калі мы самі з сябе не выдабудзем святло», — расказвае літаратар.

Падлеткі (12-16 год)

Альгерд Бахарэвіч «Капітан Лятучая Рыба»

Гэта гісторыя пра дзяўчынку Алесю, якая жыве ў заходнім прыморскім горадзе. Тут і тэма выгнання, і тэма зняволення. Прачытваецца, што бацькі Алесі апынуліся за кратамі, а яна жыве са сваякамі ў эміграцыі, дапамагае ім у працы, размаўляе з морам, з караблямі. Яна прагна спазнае навакольны свет і бачыць у гэтым сваім лёсе не выгнанне, а нейкую вялікую сусветную прыгоду. Дзяўчынка сутыкаецца з незвычайнымі сябрамі – жывымі Файкай, Валізкай і Палітонам – і разам з імі яна падарожнічае, выконваючы таемную місію.

І мы вандруем з імі з краіны ў краіну, назіраем змаганне дабра і зла – і гэтае зло мае падазрона знаёмыя нам палітычныя абрысы, і дабро – тое самае, пра якое мы ўсе марым ужо каторы год.

Ева Вайтоўская «Гарэзлівы пацалунак»

Аўтарка, якая піша пад псеўданімам Ева Вайтоуская, карыстаючыся ўзорам усходняй мангі перанесла яе на беларускай матэрыял. Ева стварыла вобраз школьніцы Соні Сінічкі, піша пра яе сяброўства, праблемы ў школе, пра яе першае каханне, радасці і расчараванні. Падлеткі, ды нават і дарослыя не адарвуцца ад гэтай гісторыі.

Янка Маўр «Палескія рабінзоны»

У выдавецтве «Папуры» зʼявілася яскравае перавыданне «Палескіх рабінзонаў». Таму што класіку трэба выдаваць, па-новаму ілюструючы, набліжаючы да сучаснага чытача ці чытачкі.

***

«Сёння чытачам ёсць на што арыентавацца, бо зʼявіліся незалежная ўзнагарода за дзіцячую літаратуру. Калі не ведаеш, што добрага выйшла, можаш пагугліць вынікі Прэміі Цёткі, якая ўжо некалькі год уручаецца за найлепшую кнігу для дзяцей (і за найлепшыя ілюстрацыі), — дае параду Андрэй Хадановіч. — Гэта можа быць паэзія, проза, можа быць штосьці эсэістычнае, пазнавальнае – напрыклад, неяк перамагала дзіцячая кніга Уладзіміра Арлова па беларускай гісторыі. Альбо перамагалі кнігі Валера Гапеева, які, як на мяне, файна піша для падлеткаў. Нядаўняя яго вельмі добрая праца – цыкл «Вольнеры». Кнігі, створаныя з любоўю да Беларусі, да беларускай міфалогіі, якая як бы ажывае і пранікае ў сучаснае жыццё».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!