«Працягнуць ідэалагічны складнік чырвонай нітачкай» і прадаць: на дзяржаўным тэлебачанні абмеркавалі, як «рэанімаваць беларускі кінематограф»

Культура
Скрын відэа

На дзяржаўным канале канале CTV падчас ток-шоу «По существу» запрошаныя эксперты абмяркоўвалі, як «рэанімаваць беларускі кінематограф».

Напачатку згадалі «разнос» Аляксандра Лукашэнкі на кінастудыі, які сказаў, што «ні дзяржава, ні глядач вынікаў не бачаць». Міністр культуры Руслан Чарнецкі сказаў, што да 1 верасня стаіць задача разабрацца з кадрамі і матбазай, а вось вырашыць пытанне пра тое, што «ўся краіна чакае харошых кінапраектаў» — не такі хуткі працэс, але праца ўжо вядзецца.

Напрыклад, 18 верасня выйдзе на экраны фільм «Класная». «Якасна новы крок, гэта вартаснае ўжо кіно», — сказаў Чарнецкі.

Таксама Чарнецкі расказаў пра засваенне новага кірунку працы: стварэнне сваіх серыялаў для сваіх тэлеканалаў.

Тэлеканалы таксама гатовыя супрацоўнічаць з «Беларусьфільмам» і з Міністэрствам культуры. Таму здымкі гэтых серыялаў можна паставіць на пастаянную аснову.

А яшчэ бізнес можна маштабіраваць і прадаваць беларусія стужкі і серыялы на рынкі постсавецкай рускамоўнай прасторы.

«Рускамоўная культурная прастора дастаткова вялікая. Проста гэтым трэба заняцца: увайсці і засвоіць новыя правілы гульні, — патлумачыў Чарнецкі. — Але гэта абсалютна магчыма. Проста калі ты здымаеш серыял ці фільм, зусім не трэба закрывацца ў рамках менавіта нашых, беларускіх. Так, мы здымаем кіно пра Беларусь, але яно павінна быць аднолькава цікава як беларусам, у першую чаргу, так і расіянам, казахам, узбекам – усёй постсавецкай прасторы. У амерыканцаў гэта атрымалася ў свой час, чаму ў нас не можа атрымацца?».

Далей дыскусія пайшла паміж двума паралельнымі берагамі.

З аднаго боку, суразмоўцы разумелі, што трэба рабіць кіно, на якое пойдзе глядач…

Генеральны дырэктар «Мінаблкінавідэапраката» Таццяна Дарашкевіч расклала сакрэт поспеху: «Кіно павінна падымаць тэмы, што выклікаюць перажыванне таго, што адбываецца тут і цяпер. Тое, чым жывуць гледачы. Кіно павінна выклікаць давер. Мець цікавыя павароты ў сюжэце і мець высокатэхналагічныя візуальныя рашэнні і адпаведны фармат паказу фільма ў кінатэатры. Выпадзенне хоць аднаго элементу ўплывае на наведвальнасць».

Але з іншага боку, рэфрэнам гучала фраза, што «кіно — гэта ідэалагічная праца».

Згадаўшы «На другім беразе», якое ўбачылі 42 тысячы гледачоў (нагадаем, што былі арганізаваны прымусовыя прагляды), вядучыя ток-шоу зацікавіліся сапраўды прыцягальнымі тэмамі і спыталі ў рэктара Універсітэта культуры і мастацтва, ці трэба здымаць фільм пра 2020 год?

Наталля Карчэўская патлумачыла, што рухавіком любога фільма зяўляецца канфлікт, а падчас 2020-га было дастаткова шмат драматургічных канфліктаў і сюжэтных паваротаў, каб зрабіць цікавы твор: «Тэма даволі перспектыўная, але важна, хто замоўца»…

У прыклад прывялі рускіх кінематаграфістаў, якія выклікаюць захапленне ў суразмоўцаў сваім аператыўным рэагаваннем на важныя грамадскія падзеі. Напрыклад, выйшаў на экраны расійскі серыял «Ландышы», ён і «пра любоў і пра СВО». Аператыўна знялі кіно і «засталбілі» свой пункт погляду».

«Каб мы засталбілі свой пункт погляду, над стужкай павінны працаваць людзі, якія разумеюць, на якую дзяржаву яны працуюць, — не хавала сваіх эмоцый вядучая Алёна Сырова. — А праблема такая у нас да гэтага часу ёсць… Не ўсе ў нас вялікія патрыёты і не ўсе ў нас разумеюць, што ёсць ідэалагічны складнік, які трэба абавязкова працягваць гэтай чырвонай нітачкай па той карціне, якую вы робіце і здымаеце».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости