У сваіх сацсетках мастачка Святлана Жыгімонт напісала пра адкрыццё сваёй выставы ў галоўным мастацкім музеі краіны. Праўда, ні на сайце, ні ў сацсетках Нацыянальнага мастацкага музея ніякіх анонсаў мы не знайшлі. Рубрыка «Будучыя выставы» ўвогуле знікла з сайта інстытуцыі.
Паспрабуем патлумачыць, чаму гэта непрымальна для мастацкага музея і чаму добраахвотна ніякая прыстойная мастацкая ўстанова Жыгімонт ніколі не выставіць.
«Канешне, не таму, што яна праўладная, — патлумачыў наш эксперт, які пажадаў застацца ананімным. — Пакінем за рамкамі і яе канцэпты «ў лоб», хаця гэта таксама прычына ігнараваць гэтыя творы сапраўднымі прафесіяналамі. Таму што шматпластовасць твора, яго не адразу відавочны сэнсы, інтуітыўныя аўтарскія знаходкі – важныя якасці карціны, а магчымасць «прачытаць» такі твор – адна з прычынаў таго, чаму людзі ходзяць на выставы».
Але галоўная прычына нізкай якасці гэтай мастацкай прадукцыі – бездапаможнасць яе жывапісу, мяркуе адмыслоўца: «Чаму гэта не прафесійна. Любы твор Святланы Жыгімонт – даволі яркі, і кожны прадмет у ім «крычыць» на свой лад. Як бывае ў выявах, згенераваных штучным інтэлектам, тут кожны фрагмент існуе сам па сабе. У карцінах Жыгімонт людзі і прадметы прапісаны без уяўлення пра каларыт і колеравую гармонію.
Калі даць сціслае вызначэнне прафесійнага мастацкага твора, то гэта аб’яднанне элементаў у адзіную гарманічную структуру, дзе кожная дэталь мае сваё месца і значэнне. Каларыт важны і для абстракцыі, і для фігуратыўнага твора, а Жыгімонт — мастачка фігуратыўная, для яе важна, каб усё, што яна стварае, было «як у жыцці» — фатаграфічна-рамантычна. Кампазіцыі і каларыту нібы вучаць у мастацкай вучэльні, якую наведвала Святлана Жыгімонт, але, відаць, не ў каня быў корм.
Прафесійныя мастакі маюць уяўленне пра сілавыя лініі карціны – пра значэнне дыяганалі, пра разуменне таго, як рухаецца вока. Мы «ўваходзім» у карціну з левага яе боку, бо мы чытаем тэксты злева направа. І такога няведання ў гэтых творах вельмі шмат.
Асабліва дзіўна скампанаваныя групавыя партрэты – кожны твар у сваім стылі. Атрымліваецца візуальная какафонія, відавочная, здаецца, для ўсіх нагледжаных гледачоў, але некаторым яе творы падабаюцца: у каментах ідэйныя паплечнікі пішуць пра таленавітасць аўтаркі, відаць, таму, што творы эмацыйныя і з прамым плакатным пасылам.

І яшчэ адзін момант, на якім спатыкаюцца дылетанты, – цені не шэрыя, яны маюць свае колеры, больш глыбокія і складаныя, чым светлыя часткі прадметаў. Гэтая азбука дзіўным чынам аказалася не засвоенай аўтаркай у мастацкай вучэльні».
Мастацкі музей выстаўляе Святлану Жыгімонт, відавочна, не па сваёй волі. Спецкар АНТ у Маскве Святлана Карульская пакінула ў сваім тэлеграм-канале допіс, падкрэсліўшы, што гэты «вернісаж» ніякага дачынення да новага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея не мае: «Гэта якраз паскрэбыш нядаўна звольненай Ганны Конанавай. Яе, так бы мовіць, развітальная гастроль». Журналістка выказвае спадзеў, што новая дырэктарка, у адрозненне ад папярэдняй, будзе працаваць прафесійна, на адпаведным для галоўнага музея ўзроўні.
«Ад яе выставы ў Маскве людзі ў шоку былі. Чытала многа водгукаў, што ў Беларусі такая кепская школа мастацкая, што нікога лепш не было, каб выставіць», — пішуць у адным з каментароў да допісу Карульскай.
«Яна выставіць цяпер сваю ганебную мазню з прэтэнзіяй на жывапіс у Мінску. Бацюшкі, вось гэта паварот», — абураецца іншы каментатар.
У сваім допісе ў Фэйсбуку Святлана Жыгімонт адзначае, што да апошняга моманту не было вядома, ці адбудзецца выстава, таму пра адкрыццё яна апавяшчае ўсяго за пяць дзён.
Гэта не першая спроба Жыгімонт «націснуць» на кіраўніцтва арт-інстытуцый, каб правесці сваю персанальную выставу. І не першая спроба арт-інстытуцыі супрацьстаяць гэтаму па прычыне нізкага мастацкага ўзроўню твораў Жыгамонт. «У 2019 годзе, калі мы рабілі персанальную выставу ў Палацы мастацтва, саюз мастакоў на сваім афіцыйным сайце размясціў «анафему» мастаку Святлане Жыгімонт, дзе было заяўлена, каб ніхто нічога не падумаў бы, — дзеліцца інфармацыяй у каментарах да допісу мастачкі Павел Жыгімонт. — Што саюз мастакоў толькі здаў залу ў арэнду, а да выставы яны ніякага дачынення не маюць і ўсяляк асуджаюць…
У 2021-м выставу проста паспрабавалі не даць правесці, але знайшліся сілы і людзі, за што ім нізкі паклон…
І вось 2025. Ніколі не было — і вось зноў…»
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
То бок, эксперт не лічыць праблемай, што яна — крыважэрная рашыстка. Праблема — “нізкі художэствены уравень” яе твораў? Іскуства ўне палітыкі…