«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно

Главное
Кадр з фільма "Чорны замак".

«Дык а што будзе далей з беларускім кіно?». «Ды анічога не будзе!» — так на пытанне аглядальніка Reform.news у адным інтэрв’ю адказаў кіраўнік фестываля Bulbamovie Януш Гаўрылюк. Спадар Януш потым крыху падумаў і дадаў «Хаця, можа, і будзе…». Гэтым невялікім дыялогам можна апісаць стан беларускага кіно ў 2024 годзе, і, у прынцыпе, прагноз на 2025-ты. У нашым апошнім аглядзе напрамкаў у культуры за мінулы год спрабуем зафіксаваць кропкі зруху ў беларускім кіно: тэндэнцыі, фільмы, працэсы. А таксама крыху заглядваем наперад — чаго чакаць у новым годзе.

Кінапрацэсы ў Беларусі

Літаральна напрыканцы 2024 года Аляксандр Лукашэнка, змяніўшы ў чарговы раз міністра культуры — Анатоля Маркевіча на Руслана Чарнецкага — гучна канстатаваў: «Сітуацыя ў нашым кінематографе — проста ганьба» («Ситуацыя в нашым кінематографе — проста позорище»). Сказаў — і перакрэсліў усе тыя дасягненні, якімі на працягу года хвалілася ведамства і «Беларусьфільм».

А, нагадаем, што ў мінулым годзе Нацыянальная кінастудыі выдала і «Час вярнуцца» — ваенны экшн пра «невядомыя старонкі» аперыцыі «Баграціён», і дакументальныя карціны пра генацыд беларускага народа, і «Чорны замак» па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча, і нават «Культурны код» — прапагандысцкую дакументальна-ігравую стужку пра дзяржаўныя сімвалы краіны. Прэс-служба міністэрства культуры дзяліліся захопленымі водгукамі сагнаных гледачоў наконт «Часа вярнуцца» Івана Паўлава, «Культурнага кода» Кірыла Халецкага, а вось яно як — «сітуацыя ў беларускім кіно недапушчальная», кажа Аляксандр Лукашэнка. І ведамства і кінастудыя зноў пачынаюць «новы адлік».

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Фрагмент афішы новай ігравой карціны кінастудыі «Беларусьфільм». Фота: сайт кінастудыі.

І ўжо хутка пасля назначэння новы міністр культуры Руслан Чарнецкі дзеліцца, што ў будучыні чакаецца «прарыўное» кіно.

«Давайце без спойлераў. Але тым не менш такія намёткі ўжо ёсць. Вядзецца праца, ужо ёсць у распрацоўцы праект, які сапраўды прагрыміць», — заявіў актор і чыноўнік на нядаўнай сустрэчы. А таксама пазначае дзве важныя тэмы для беларускага кінематографа — вайна і жыццё простых людзей. «Я заўсёды з вялікай пашанай, павагай і падзякай ставіўся да нашых працаўнікоў: сялян, рабочых на заводах, простых работнікаў… Вельмі хацелася б расказаць пра працу гэтых людзей», — прамаўляе міністр культуры, насамрэч, трапляючы на тыя самыя рэйкі, па якіх ужо колькі год «ездзіць» «Беларусьфільм» — ваеннае кіно, карціны пра простых людзей, і крыху спробаў нацыяльнага.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Кадр з фільма «Культурны код». Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры.

Што ж насамрэч адбываецца ў сферы?

А тое, што ў астаніх напрамках культуры: рэпрэсіі, дэпрафесіяналізацыя і экспансія рускай культуры на прыкладзе запрашэння расійскіх адмыслоўцаў на пасады звольненых беларусаў.

На галоўнай кінафабрыцы краіны сёлета моцна страціла ў кадрах студыя анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма». З легендарнага падраздзялення дакументальнага кіно «Летапіс» «сышлі» знакавых кінарэжысёраў і дырэктараў — Галіну Адамовіч, Юрыя Цімафеева, Аксану Эйхард. Вядомыя кінематаграфісты звольніліся па сваёй ініцыятыве, аднак, мяркуем, былі пастаўлены ў такія ўмовы, што не сысці было немагчыма.

На трэцім падраздзяленні кінастудыі — ігравога кіно — даюць здымаць толькі «правераным людзям». У пазамінулым годзе да гэтай кагорты радасна далучылі маладога рэжысёра Кірыла Халецкага, але факт застаецца фактам — конкурса сярод беларускіх рэжысёраў на «прарыўное кіно» не назіраецца, а значыць — здымаць будуць расійскія спецыялісты сярэдняга ўзроўню, якія пагодзяцца на прапанаваныя бюджэты.

Плён гэтай культурнай палітыкі ўжо сёння можна бачыць на прыкладзе такіх стужак як «На іншым беразе» і «Чорны замак» — два фільмы пра беларускую гісторыю, па сутнасці, зроблены расійскімі рэжысёрамі. Пра «На іншым беразе» Андрэя Хрулёва, прысвечаны міжваеннаму часу ў Беларусі, чацвёрты найпапулярнейшы фільм у 2023 годзе паводле мінскага «Кінавідэапракату», падаецца, ужо забылі. Надта ж ён быў палітычна ангажаваны.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Кадр з фільма «На іншым беразе»; Фота: vitbichi.by.

З «Чорным замкам» сітуацыя іншая — рэжысёр «Самого лучшего фильма» Кірыл Кузін зняў кіно па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча, якое можна глядзець. Пакінуўшы ад беларускага класіка галаваломкі і таямніцы a la Дэн Браўн, Кузін прапанаваў усярэдненае (тэле) відовішча, дзе Беларусь выступае краінай з гісторыяй, даўнейшай за ХХ стагоддзе, краінай са спадчынай ВКЛ і Рэчы Паспалітай, хоць і паказанай у прыгодніцкім ключы. Зараз вакол стужкі ідуць гарачыя спрэчкі, але нават пры ўсіх вартасцях фільма усё ж маем справу з «каланіяльным кіно» — калі на Беларусь глядзяць вачыма расійскіх ці прарасійскіх аўтараў.

Сыходзячы з рэалій, падобнае будзе працягвацца, прычым не выключаем, што цяпер у новым кіно пра Другую сусветную і працаўнікоў сяла будзе граць сам міністр культуры — Руслан Чарнецкі.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Кадр з фільма «Чорны замак».

Не выпадковым падаецца і з’яўленне летась у аргкамітэце фестывалю «Лістапад» першага намесніка Генеральнага сакратара СНД Леаніда Анфімава, а таксама гендырэктара «Военфильма» Ігара Угольнікава, якіх раней не было ў складзе. Усё гэта прыкметы ўплыву расійскага боку на беларускую культурную палітыку.

Заўважым, што акрамя кадравага дэфіцыту ў галіне ёсць праблемы і з уласна дэфіцытам сродкаў. Сёлета для падтрымкі правядзення кінафестывалю «Лістапад» у Мінску быў адкрыты адмысловы рахунак «па просьбах прыхільнікаў». Начальніца аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга рэгулярна ездзіць у Расію, каб здабыць грошы на кіно. Нядаўна і дырэктар кінастудыі Юрый Аляксей папрасіў расійскі Фонд кіно прафінансаваць дваццаць фільмаў «Беларусьфільма». Не дзіва, што пры такім супрацоўніцтве рэй весці будуць расійскія адмыслоўцы.

У цэлым, што было заўважна ў мінулым годзе, дык гэта арганізацыйная праца кіраўніка беларускай кінафабрыкі: Юрый Аляксей няспынна ладзіў сустрэчы з міжнароднымі дэлегацыямі, даваў прэс-канферэнцыі і здзяйсняў пракат усяго таго, што маецца. Да 100-годдзя беларускага кінематографа былі арганізаваныя паказы савецкага ваеннага кіно ў кінатэатрах, на дзяржмерапрыемствах працавалі «палявыя кінатэатры», пасля парламенцкіх выбараў людзей заклікалі на бясплатныя паказы «Белых росаў», і гэтак далей і да таго падобнае. І варта адзначыць, што ў стогадовую гісторыю беларускага кіно, якое святкавалася ў 2024-м, былі акуратна ўпісаны апошнія ідэалагічныя навінкі — і вышэйзгаданы «На іншым беразе», сацыяльная драма пра дактараў «Ліст чакання» ды іншае кіно.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Палявы кінатэатр у Александрыі. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры

Ці адбылося штосьці добрае ў краіне за апошні год?

Так, адбылося. Фестываль нямога кіно «Кінемо» правёў чарговую эдыцыю пасля перапынку. Запрацавала кінашкола «Кінакалайдар», дзе курс рэжысуры вядзе беларускі фільммейкер, аўтар фільмаў «Акупацыі.Містэрыі», «Масакра» Андрэй Кудзіненка.

Ды, вядома, не варта спісваць з рахунку кінематаграфістаў, якія здымаюць у краіне: нягледзячы на ўсе складанасці, такія людзі ёсць.

Кінапрацэсы ў замежжы

У замежжы незалежныя кінаінстытуцыі, якія ўзніклі пазалетась, спрабуюць замацаваць свае пазіцыі і намацаць далейшую глебу для з’яўлення іншага белкіно. Гаворка — пра Беларускую сетку фільммейкераў (BFN) і Беларускую незалежную кінаакадэмію (BIFA) — два аб’яднання незалежных кінематаграфістаў, якія — кожны ў сваім напрамку — прасоўваюць інтарэсы незалежных беларускіх фільммейкераў, увогуле робяць іх бачнымі на еўрапейскай мапе кіно.

У 2024 годзе BFN зладзіў Другі антыз’езд беларускіх кінематаграфістаў пад Берлінам, а таксама запусціў ужо Другую эдыцыю Інкубатара мікрабюджэтнага кіно. Гэта значыць, што ў гэтым годзе будзе весціся праца над двума новымі ігравымі праектамі, а таксама да гледача мусіць дайсці дзве стужкі Інкубатара 1.0 — «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі і «Раны і ўпрыгожанні» ананімнай аўтаркі.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Бэкстэйдж з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Крыніца фота: сацсеткі Юрыя Сямашкі.

Што тычыцца Беларускай незалежнай кінаакадэміі, то ў 2024-м пад яе патранатам адбыўся пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў на Еўрапейскім кінарынку Berlinale. Гэта падзея пройдзе і сёлета — ужо ў 2025 годзе. Да ўдзелу ў пітчынгу ў межах Еўрапейскага рынку 75-га Берлінскага кінафестывалю былі адабраныя дзевяць праектаў ігравых фільмаў і адзін праект дакументальнага кіно.

BIFA летась таксама здзейсніла паспяховую кампанію ў падтрымку рэжысёра Андрэя Гнёта, якому пагражала дэпартацыя ў Беларусь з Сербіі. Ліст беларускай кінаінстытуцыі ў абарону актывіста падтрымала Еўрапейская кінаакадэмія, іншыя кінаінстытуцыі і дзясяткі выбітных кінематаграфістаў і людзей культуры свету: ад Святланы Алексіевіч — да Пэдра Альмадовара. Як адзначыў потым на цырымоніі ўзнагароджання Еўрапейскай кінапрэміі Андэй Гнёт (рэжысёр быў запрошаны ўручыць узнагароду за найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм): «Вы выратавалі маё жыццё».

Таксама супольнасць беларускіх кінематаграфістаў ў асобе BIFA імкнулася звярнуць увагу і на сітуацыю з каналам «Белсат» — як пляцоўкі не толькі інфармацыйных праграм, але важнай платформы для беларускага дакументальнага кіно. Сказаць, што гэта прастора, дзе раней маглі выказвацца беларускія рэжысёры-дакументалісты, зараз знаходзіцца ў падвешаным стане — не сказаць нічога. А гэта значыць, што магчымасцей для з’яўлення кіно становіцца ўсё меней.

Тут можна заўважыць, што ў сітуацыі абмежаванага поля (магчымасцей) многія кінематаграфісты з цікавасцю спрабуюць сябе як аўтараў YouTube-праектаў. Так, Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй, шоу-ранеры нашумелага серыяла «Працэсы» (акурат створанага на «Белсаце» яшчэ пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай), у 2024 годзе выдалі YouTube міні-серыял «БелГосПсиХоз».

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Фрагмент партрэта Зоі Белахвосцік, зроблены Яўгенам Канаплёвым і Юліяй Лейдзік. Скрыншот з рэаліці-шоу «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы».

Улюбёным для шматлікіх гледчоў стаўся праект «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы» — у лістападзе быў прэзентаваны другі сезон рэаліці-шоу, зрэжысіраванага Аляксандрам Гарадко.

Reform.news летась таксама спрычыніўся да стварэння YouTube-праекта — наша медыя стала платформай для з’яўлення серыі рэпартажаў «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра-дакументаліста Максіма Шведа. І што казаць, мы лічым гэты досвед бясцэнным — пяць фільмаў, якія распавядаюць гісторыі легендарных беларусаў праз экспанаты ў Музей Вольнай Беларусі — сабралі агулам каля 190 тысяч праглядаў.

Можна разважаць наконт таго, ці з’яўляюцца YouTube-праекты — кіно (і гэта дыскусія падымаецца ў кінаколах), але відавочна адно, што падобныя шоу — прадукт са сваімі патрабаваннямі і вартасцямі. І для шматлікіх кінематаграфістаў гэта шлях заставацца ў прафесіі. Хтосьці такім чынам знаходзіць менавіта сваю нішу, якая таксама мае права на развіццё і ўдасканаленне. І, бадай, у мінулым годзе ў гэтым напрамку нараджалася, як і памірала прыстойная колькасць шоу — што сведчыць пра канкурэнцыю і хоць павольнае, але развіццё медыясферы.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Папа Бо. Бэкстэйдж праекта «Артэфакты». Фота: Аліса Ганчар.

Кінапрацэсы летась у беларускім кіно адзначыліся таксама трыма незалежнымі беларускімі кінафестывалямі. Фестываль Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззяне» на чале з Воляй Чайкоўскай адбыўся ў анлайн і афлайн-фарматах у Вільні,Таліне і Варшаве. Bulbamovie, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Януш Гаўрылюк, тры дні віраваў у варшаўскім кінатэатры «Ілюзіён». Гэтаксама ў замежжы прайшлі паказы праграмаў апальнага ў Беларусі «Нефільтраванага кіно» — у Берліне і Вільні. Што адметна, сёлета Bulbamovie і «Паўночнае ззянне» прыпалі на адзін месяц — лістапад — і гэта надта моцная канцэнтрацыя кінафорумаў, наш погляд, як для беларускага гледача, так і кінасупольнасці. Было б здорава «развесці» падзеі па розныя месяцы.

На пачатку мінулага года правяла сваю другую эдыцыю Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Гэтым разам узнагароды ў трынаццаці намінацыях ад беларускіх кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў уручыліся кінематаграфістам за іх стужкі, створаныя ў 2021-2022 гадах, на ўрачыстай цырымоніі падчас Берлінале.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Андрэй Гнёт на цырымоніі Еўрапейскай кінаапрэміі. Фота: сацсеткі прэміі.

Можна парадавацца поспеху актора-купалаўца Алега Гарбуза, які ў 2024 годзе зняўся ў польскім шпіёнскім серыяле «Перашыяк». Таксама ў гэтым фільме былі задзейнічаны актор і рэжысёр Аляксандр Гарцуеў і іншыя беларускія акторы.

Па сутнасці, аглядаючы падзеі і актыўнасці года, можна канстатаваць, што ўсе яны паўставалі практычна цудам — праз няспынную працу рупліўцаў і іх падтрымку ад замежных фондаў.

У гэтым сэнсе цуд — і галоўны фільм 2024 года — «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч. Карціна, створаная за 15 дзён і знятая за грошы Польскага кінаінстытута, распавядае пра беларускую аўтакратыю версіі 2020-2023 гадоў на прыкладзе асабістай гісторыі беларускіх журналістаў. Гэта стужка «стрыманага гневу», годнасці і надзеі невыпадкова атрымала ўзнагароду «Найлепшы дэбют» на Гданьскім фестывалі польскіх ігравых фільмаў (а таксама іншыя прызы) — у ёй шмат праўды і аўтарскай упартасці. Менавіта такім шляхам нараджаецца зараз беларускае кіно.

100-годдзе беларускага кінематографа ў незалежнай кінасупольнасці прайшло пад знакам трох ініцыятываў: YouTube-праекта «Сто год беларускаму кіно» Максіма Жбанкова і Арцёма Лобача, выхадам кнігі «Другая история советского белорусского кино. Исследовательские сюжеты» Вольгі Раманавай і спісам «50 найлепшых беларускіх фільмаў» ад Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Вакол спіса найлепшых фільмаў беларускага кіно па версіі незалежных беларускіх кінематаграфістаў і кінакрытыкаў зараз вядуцца палкія дыскусіі, аднак тут важна іншае: цяпер гісторыя пішацца не толькі афіцыйнымі дзяржструктурамі. І падобны рэйтынг таксама існуе для таго, каб кожны з нас спытаў сябе — а што я/мы сапраўды ведаем пра свой кінематограф?

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Кадр з фільма «Пад шэрым небам».

***

Напрыканцы пазначым пункцірам будучыя праекты 2025 года.

Сёлета мусіць адбыцца прэм’ера поўнаметражнай дакументальнай карціны Ксеніі Галубовіч «Я зрабіў памылку, што сюды прыехаў». Месца прэм’еры — фестывальная пляцоўка. Фільм распавядае пра тое, як мігранты з Усходу трапілі ў краіну, з якой бягуць свае ж жыхары.

Беларускі дакументаліст Андрэй Куціла («Стрыптыз і вайна», «Сумма», «Калі кветкі не маўчаць») працягвае працу над сваім фільмам «Лісты».

Увосень 2025-га ці ўвесну 2026-га запланаваны здымкі дэбютнай поўнаметражнай ігравой стужкі Аляксея Палуяна «Спадчына». Аўтар працуе над сцэнаром з 2020-га года. У прадзюсарах маштабнага праекта  — еўрапейскія кінакампаніі: нямецкая Tamtam Film, якая была супрадзюсерам карціны Альберта Сера Pacification, удзельніцай Канаў-2022, а таксама польская Lava Film, вядомая, у прыватнасці, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна, які летась удзельнічаў у галоўным конкурсе Канаў, трапіў у шортліст «Оскара-2025», і быў намінаваны на «Залаты глобус-2025» у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове».

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Аляксей Палуян падчас TorinoLab. Фота: сацсеткі рэжысёра.

Новая стужка аўтара «Смеласці» распавядае сямейную драму і даследуе аўтарытарную спадчыну Беларусі. Галоўны герой карціны — 30-гадовы Павел — прымае ўдзел у пратэстах 2020 года, але высвятляецца, што ягоны бацька, які працуе ў сістэме, у свой час прайграў сваю бітву з аўтарытарызмам у 1990-я. «Ці будзеце вы змагацца з несправядлівасцю, у якой удзельнічае ваша сям’я, нават калі гэта можа прывесці да страты сям’і?» — галоўнае пытанне, якое задае кіно. Праект летась атрымаў фінансаванне на развіццё ад нямецкіх кінафондаў Hessen Film und Medien, MOIN, а таксама ад Media Creative Europe у памеры 120 тысяч еўра. «Спадчына» таксама была адабраная на прэстыжную праграму развіцця праектаў TorinoLab, і ў лістападзе 2024-га на пітчынгу атрымала адну з узнагародаў. Зараз прадзюсары падаюць далей фільм на фінансаванне вытворчасці.

Аўтарка «Крышталя» Дар’я Жук у мінулым годзе атрымала грант ад Hubert Balls Fund на развіццё свайго праекта «Менавіта тое, чым здаецца» (Exactly What It Seems) паводле аднайменнага апавядання Таццяны Заміроўскай. Антыўтапічная навукова-фантастычная драма, сярод прадзюсараў якой Воля Чайкоўская, мае на мэце даследаваць аўтакратычны рэжым будучыні. Па сюжэце ў фільме героі — пара Надзя і Фёдар — просяць палітычнага прытулку ў ЗША. Але нечакана аказваюцца тэлепартаванымі назад у Беларусь з дапамогай таямнічай квантавай тэхналогіі, створанай навукоўцамі пры дыктатарскім рэжыме. Аказаўшыся пад пераследам як злачынцы ў лясах сваёй радзімы, маладыя людзі павінны наладзіць свае няшчасныя адносіны, каб забяспечыць сабе бяспечнае вяртанне. Дар’я Жук, якая сёлета будзе працаваць далей над кіно, лічыць жанр змрочнай навуковай фантастыкі вельмі перспектыўным, каб паглядзець на падзеі сучаснай гісторыі з пэўнай дыстанцыі.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Промакадр з фільма Exactly What It Seems. Фота: сацсеткі Волі Чайкоўскай.

У Аляксандра Міхалковіча, аднога з аўтараў нашумелай «Радзімы», ёсць праект у працы, пра які ён пакуль аддае перавагу не распавядаць.

Улада Сянькова, рэжысёрка карціны «II», шукае фінансаванне на свой новы фільм разам з польскім прадзюсарам.

Летась на чэшскім фестывалі Ji.hlava адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі беларускага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага «Уліс», якая доўжыцца дзесяць гадзін. Спадзяемся, што гэты кінараман, заснаваны на матэрыяле, знятым Руслана Зголічам — аўтарам карціны «Эскіз на маніторы» і гарадскім вар’ятам, глядач здолее ўбачыць на кіна- і арт-пляцоўках і сёлета.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Рэжысёр карціны «Уліс“ Мікіта Лаўрэцкі (сядзіць на сцэне ў цэнтры) разам з гледачамі пасля паказу стужкі на чэшскім фестывалі Ji.hlava . Фота: сацсеткі Мікіты Лаўрэцкага

З навін ад аўтара «Спаткання ў Мінску» — яго удзел як акцёра ў аўстрыйскай камедыі рэжысёра Аляксея Лапіна «Іканаў», у цэнтры якой — падарожжа з адной краіны ў іншую праз экран кінатэатра.

«Ёсць супермегакруты, але доўгатэрміновы праект, за які пакуль не магу ўзяцца. У ім падымаюцца далікатныя тэмы смерці і жыцця — не ведаю, як падступіцца, дзе нельга заблытацца, — распавёў пра свае планы Reform.news і рэжысёр-дакументаліст Максім Швед. — Ізноў Беларусь, але яшчэ і Амерыка, і ўсё — сапраўдны док. Усё здарылася са мною ў кінарэзідэнцыі ў ЗША, але гэта і частка праблемы, і частка гісторыі. Адсюль і пытанне, як падступіцца».

«У цэлым 2024-ты прайшоў актыўна. Шмат у якіх працах, дзе я ўдзельнічаў, галоўным лейтматывам было «мы ёсць, і мы не губляем надзеі». З такім настроем я і сустракаў 2025 год, — дадаў аўтар фільмаў «Чыстае мастацтва», «Маршрут перабудаваны» і праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». — Але з іншага боку, у новым годзе хацелася б ставіць над сабою менш эксперыментаў і мець больш апораў і ўнутранага спакою. Калі застануся ў прафесіі дакументаліста, працягну працаваць над малымі формамі відэа, тэлівізійнымі і рэпартажнымі фарматамі. Маю некалькі як канцэпт і працую над пілотам. Задумак шмат, але не хапае энергіі ды іншых рэсурсаў, таму часам думаю змяніць прафесію і эксперыментую ў гэтым кірунку, працуючы, напрыклад, кухарам», — апісаў няўстойлівае палажэнне беларускіх фільммейкераў творца.

«Позорище», Караткевіч і «Пад шэрым небам»: вынікі 2024-га і прагнозы на 2025-ты ў беларускім кіно
Постар да праекта «Суд мёртвых». Фота: сацсеткі Андрэя Кашперскага.

Ёсць пэўныя мэты ў новым годзе і ў аўтара серыяла «Працэсы» Андрэя Кашперскага — разам з партнёрамі ён зараз працуе над прасоўваннем фільма жахаў «Суд мёртвых». Па звестках «Свяшчэннага Белавуда», фільм распавядае пра беларускую суддзю (яе грае Зоя Белахвосцік), якую пачынаюць пераследаваць асуджаныя памерлыя пратэстоўцы, у якіх адабралі маёмасць праз палітыку.

Што датычыцца анонсаў ад «Беларусьфільма», то кіраўнік студыі Юрый Аляксей літаральна напрыканцы 2024-га ўзгадваў пра сумесныя праекты з Кітаем і Расіяй. Пра намер працягнуць працу над ігравой стужкай пра сяброўства дзвюх краін «На вякі вечныя» з кітайскімі кінематаграфістамі. Ды над пошукам лакацый для карціны «Бацька Мінай. Партызанская легенда», якая робіцца сумесна з расійскім «Военфильмам». Таксама ў планах кінафабрыкі фільм пра лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіту Куканенку, якія разбіліся ў 2021 годзе.

***

Пачытаць іншыя культурныя агляды па напрамках можна тут (тэатр), тут (літаратура), тут (візульнае мастацтва) і тут (музыка).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: