Беларускі паэт Змітрок Бядуля памёр у 1941 годзе ў эвакуацыі каля горада Уральска (Казахстан), дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках. Але ў 2020 годзе прах Змітрака Бядулі вярнулі на радзіму і перапахавалі на Усходніх могілках.
У той жа год Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пачаў збор сродкаў на помнік і аб’явіў конкурс сярод беларускіх скульптараў, па выніках якога перамог праект помніка скульптара Сяргея Гумілеўскага.

Сам ён таксама наведаў урачыстае адкрыццё і адзначыў, што ў аснову помніка пакладзены вобраз нівы, якая калыхаецца пад парывам ветру. «Сам помнік выкананы ў ломаных формах, яго падмурак сімвалізуе тыя шляхі, якія прайшлі паэты той эпохі. У цэлым ён адлюстроўвае шлях нашага класіка», — расказаў скульптар.

Госцем адкрыцця стаў і сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік, які падкрэсліў, што помнік зроблены па ўсіх канонах: «Ён такі, які павінен стаяць на могілках. Без усялякіх празмернасцей. Ён сціплы і ў той жа час велічны».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram