Полк Каліноўскага павіншаваў беларусаў з Днём Волі і апублікаваў відэа, на якім байцы слухаюць гімн «Пагоня» ў выкананні Вольнага хору. Год таму, яшчэ будучы батальёнам, падраздзяленне прыняло свой першы зарок на вернасць Беларусі і беларускаму народу. Прыводзім тэкст віншавання:
«Вось ужо 105 год беларусы адзначаюць абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта вялікае свята для ўсіх беларусаў па ўсім свеце, а для нас яшчэ і знакавае. Менавіта 25 сакавіка ў Кіеве, пад кананаду расейскіх войскаў, тады яшчэ батальён Каліноўскага прыняў свой першы зарок на вернасць Беларусі і беларускаму народу. А праз год мы ўжо атрымалі ўзнагароды з рук Рады БНР – першыя баявыя ўзнагароды за стагоддзі! Мы з гонарам лічым сябе спадкаемцамі тых, хто больш за сто гадоў таму, пад акупацыяй, заявіў пра незалежную Беларусь. Заявіў аб тым, што беларусы могуць і павінны мець сваю дзяржаву.
Аднак не ўсе з гэтым згодны. Нас спрабавалі і спрабуюць сцерці з зямлі. Спрабуюць сцерці нашу беларускасць, спрабуюць сцерці нацыю, спрабуюць сцерці волю, спрабуюць сцерці гонар нашага народа. Спрабуюць гэта зараз. За стагоддзі мы праходзілі войны, катаванні, выгнанні, расстрэлы і голад. Але мы заўсёды працягваемся. Мы працягваемся ў песнях і творах нашых пісьменнікаў, у адкрыццях нашых навукоўцаў, у перамогах нашых спартсменаў, у працавітасці нашых людзей і ў мужнасці нашых ваяроў.
І што б ні было, мы ідзем да нашай свабоды! Так, часам кошт нашай свабоды — гэта жыццё. Але мы гатовыя плаціць гэты кошт. Пакуль мы жывем – Жыве Беларусь».