Серж Харытонаў сустрэўся з чалавекам з Гародні, які ходзіць да касцёла, ведае свае карані да XIV стагоддзя, можа займацца сэксам з трыма дзяўчатамі адначасова і адкажа навошта ксянзу патрэбны айфон, але не Мэрсэдэс S-Klasse.
Даведка #RFRM: Пётр Клюеў — музыка з Гародні, удзельнік гурта ЛСП.
— Пачнем з размовы аб прыемным: які твой галоўны бес?
— Дзяўчаты. Я за плоцкія ўцехі! Я вельмі заганны чалавек, я люблю дзяўчат, алкаголь, але не крывадушнічаю і кажу гэта шчыра, не прыкідваюся для СМІ, каб паказацца такім прыгожым, такім файным. Але я хаджу ў касцёл, я малюся, я змагаюся са сваімі бесамі.
— Тым больш, што ты зараз нежанаты?
— Ужо не, цяжка. Музыку майго статусу цяжка быць жанатым… Бо што я? Гастролі-канцэрты… Я жанаты на кар’еры. Я мару пра манагамныя стасункі, але гэта настолькі unreal!.. Ну паддаюся спакусе. Ну люблю я дзяўчат! Калі бачу – у мяне страсць… аж не магу. Я, канешне, змагаюся з гэтым і ўва мне ідзе сапраўдная філасофская вайна.
Я пытаю вышэйшыя сілы: заганнасць гэта ці не? А што, калі гэта не заганнасць, а проста такая пассыя? Нібы ў мяне спрэчка з Богам: чаму ты, Божа, даў мне гэтае жаданне? Я рэальна не хачу, каб так было, але я такі… Ува мне ёсць два Пятра: Пётр Клюеў, які вывучыў філасофію ў Аўстрыі, а міжнародныя стасункі ў Папскім ўніверсітэце ў Рыме. Ён выкладаў у Коласаўскім ліцэі, ён чалавек маральны, ведае філасофію, адукаваны, мае дзіцё… Я тата, я добры тата, я выхоўваю сваю дачку і бачуся з ёй кожны дзень, калі я ў Мінску.
— У нас учора нават не атрымалася інтэрв’ю, бо ты павёз дзіця да лагапеда.
Менавіта так. І вось побач з беларускамоўным адукаваным Пецем існуе другі – гэта заганны рок-н-рольшчык, які за ноч можа выпіць бутэльку віскі, займацца сэксам з трыма дзяўчатамі адначасова і разбіць на сцэне калонку. Вось гэтыя два «Я» сплеценыя ўва мне: яны нібы і канфліктуюць, і сябруюць. І гэты сяброўскі канфлікт параджае маю асобу. Таму што той Пеця-батанік не дазваляе Пецю «рок-н-рольшчыку» многія рэчы.
— А якую ролю сорам грае ў тваім жыцці?
— Я выдаю за праўду ўсе свае заганнасці, пра якія публічна кажу. Мне не будзе сорамна, калі з’явяцца нейкія відэа, дзе я за 5 секунд выпіваю бакал піва – бо гэта рок-н-рол. А сорам… Я дакладна хачу, каб праз 15 год мне не было сорамна за тое, што я раблю зараз. Хачу быць чалавекам, хачу проста не быць скотам… Ведаеш, мне цяжка на гэта пытанне адказаць.
— Ты нядаўна сказаў, што маладым беларусам, што з’язжаюць за мяжу, няма да каго вяртацца. Чаму так?
Я меў на ўвазе сям’ю. У кагосці «баця бухае» ці «мама з хаты выкінула». Дзяўчыны знаходзяць сабе італьянца і пасля не хочуць і чуць пра гэтую Беларусь. Таму што ніхто іх не чакае, няма сям’і, няма, куды вяртацца, няма любові ў доме. Я на іх не крыўдую, бо гэта савецкая спадчына пакінула тое, што развал, адсутнасць каштоўнасцей. Кто ты? Советский человек. Никто. Я не ведаю сваіх каранёў, я не ведаю, хто мой прадзед, я не ведаю, хто я. Людзі маюць беларускі пашпарт, размаўляць па-расейску, у касцёле — па-польску – бардак! Поўны бардак у душы.
— А ты чаму вяртаўся ў Беларусь?
— Я вяртаўся таму, што мяне любіла мама. Мама з татай мяне сустракалі ў аэрапорце. Гэта было свята, калі я вяртаўся з Рыма, дзе +20, і прыязджаў у заснежаны Менск 20 снежня. Праз тры дні каталіцкае Раство, бацькі чакаюць, сустракаюць, заводзяць у рэстарацыю, любяць… У Беларусь вяртаюцца толькі тыя, у каго ёсць нешта. А ў каго нічога няма – спальваюць масты. У нас дома было каталіцкае Раство, традыцыі, сена пад абрус, першая зорка, 12 страваў, Калядаванне… Для мяне Раство – містычны дзень, каштоўнасць, вартасць. Таму я і вярнуўся.
— Пры гэтым ты казаў, што беларус – гэта ідэальны эмігрант.
— Так.
— Ты сябе зараз не адчуваеш эмігрантам?
— Абсалютна не. Я паўсюль кажу, што я беларус, я ганаруся сваімі каранямі, хоць этнічна ў мяне шмат небеларускіх каранёў. На маім месцы 99,8% людзей адмовіліся б ад беларускасці, кажучы, што яны палякі. Я прынцыпова не маю «карты паляка» і ніколі не буду яе рабіць — я лічу, што нават калі казаць пра паходжанне, nie potrzebuję papierki, aby potwierdzić swoje pochodzenie polskie («мне не патрэбная паперка, каб пацвердзiць сваё польскае паходжанне» – #RFRM).
Я не бачу сэнсу рабіць «карту паляка» бо, напрыклад, у Фінляндыі кожны нармальны чалавек нефінскага паходжання, які жыве ў гэтай краіне і пры гэтым ведае сваю гістарычную мову, усё роўна будзе любіць Фінляндыю. Такі чалавек будзе паважаць яе мову, культуру, гісторыю і нікуды не з’едзе — як тыя самыя палякі ў ЗША. Яны ведаюць польскую мову і свае карані, але пры гэтым яны патрыёты ЗША. Я не бачыў ніводнага паляка ў Амерыцы, каб ён ненавідзеў гэтую краіну.
— Ты закрануў вельмі цікавую тэму. Я чытаў, што, на тваю думку, польскі нацыяналізм у Беларусі за савецкім часам быў абаронаю ад савецкага ціску.
— Абсалютна.
— А што здарылася з беларускім нацыяналізмам?
— У нас столькі пабілі і расстралялі інтэлігенцыі, што беларускі нацыяналізм проста не выжыў… Але ёсць і рэлігійны аспект. Я паважаю ўсе рэлігійныя плыні і вельмі люблю візантыйскі абрад, але я чалавек рымскай культуры. Так атрымоўваецца, што каталіцкая культура дае прывязку да сваёй нацыянальнасці, часам, можа быць, нават троху імперыялістычную. Яна дае табе асэнсаванне, што ты любіш сваю краіну і ты належыш да яе. Але ў апошнія 200 год на гэтых землях дамінуе візантыйская культура – а гэта, прабачце, хадзіць у царкву два-тры разы ў год. Усе праваслаўныя радыкалы, усе гэтыя сабленосцы і «НОДаўцы» у нашых усходніх суседзяў з’явіліся толькі дзякуючы расейскім СМІ. Зараз я шмат бываю ў Расеі і бачу багата рускага імперыялізму і нацыяналізму, звязаных з РПЦ — але людзі не ходзяць у царкву.
— У каталіцызме інакш?
— Калі ты ходзіш у каталіцкі касцёл штонядзелі, табе з амбоны (спецыяльнае збудаванне ў хрысціянскім храме, прызначанае для чытання Святога Пісання – #RFRM) кажуць: ты беларус, сцяг твой вось такі. Таму калі б Беларусь была рыма-каталіцкая, мы б былі – як і Польшча – краем з моцнаю моваю і ідэнтычнасцю. Беларусь каталіцкая дзесьці на чвэрць, але каталіцызм у нас быў і знаходзіцца пад моцным засіллем польскай культуры з-за працяглай паланізацыі.
У маёй бабулі, што жыве пад польскай мяжой, нават зараз гадзіннік ідзе па польскім часе! Я не крытыкую такіх людзей, у адрозненне ад беларускіх фэйсбук-нацыяналістаў, што зраўніваюць іх з зямлёй. Беларускія нацыяналісты не разумеюць сітуацыі, яны не разумеюць, што да маёй бабулі не прыйшла іншая ідэалогія. Да яе не прыйшоў беларускамоўны каталіцкі святар — бо іх растралялі ці вывезлі — прычым не толькі саветы да гэтага спрычынілся, але і палякі. Тым не менш, польскі нацыяналізм для многіх быў выратавальным канатам, каб не патануць у «саветчыне».
— Адкуль тваё каталіцкае выхаванне?
— Я быў патаемна хрышчаны ў рыма-каталіцкім касцёле ў Сапоцкіне ў 1989 годзе. Мой бацька працаваў у гімназіі і яго маглі звольніць з працы толькі за гэта. Ужо была перабудова, але заставаліся яшчэ партсупрацоўнікі, якія маглі гэтае пытанне вынесці на калоквіум: «вот как аморально поступил Дмитрий Клюев, что крестил своего ребенка в КА-ТО-ЛИИИЧЕСКОЙ церкви!».
Але бачыце, я цалкам адкрыты сусвету і па-беларуску размаўляю. Тым не менш, я супраць таго, каб размаўляць па хардкору «толькі па-беларуску!». Зразумела, што такія людзі, як, напрыклад, спадар Гэнік Лойка, павінны быць, яны ствараюць патрэбны баланс у грамадстве. У метро аднойчы іду… іду… і чую нейкі знаёмы тэмбр «мы ж адна нацыя!». Стаяць пяць супрацоўнікаў міліцыі і спадар Лойка іх выхоўвае — нібы той ксёндз! Гэта прыкольна! Гэта крута! Такія людзі мусяць быць! Але я такім быць не магу, хаця ў Беларусі я большасць часу карыстаюся беларускаю моваю. Асабліва гэта неспадзявана зараз для слухачоў ЛСП. Я спяваю ў такім папсовым рускамоўным гурце, а сам беларускамоўны — для людзей гэта шок!
— Ты сказаў, што ўпершыню адчуў сябе беларусам у 14 год, а калі ты пачаў гаварыць па-беларуску кожны дзень?
— Калі жыў у Аўстрыі з украінскімі студэнтамі. Я пабачыў, што на кампусе шведы па-швецку між сабой, нарвежцы па-нарвежску, фіны па-фінску. І я сябе адчуў такім зрусіфікаваным элементам, што перажыў у сабе сапраўдую хвалю нацыяналізму. Калі я прыязджаў на вакацыі ў Беларусь — ужо прынцыпова гаварыў па-беларуску.
Зараз, калі я зразумею шчыра, што чалавек праз сваю неадукаванасць не ведае мовы – я перайду на расейскую, але я зраблю так, што гэты чалавек задумаецца, што было б добра ведаць, што значыць слова «кава». Але я гэта раблю культурна, я не хачу прынізіць чалавека нават калі ў аптэцы мне прадавачка скажа «Ооой, нет!!! Я с вами разговаривать не буду, мужчи-и-ина, на этом вашем языке, латинском, беларусском. Я с Бреста, я дочь военного, я приехала в Беларусь в 79-ом году, я не знаю языка». Ааааа!!! Часам, канешне, калі гэта банк, табе патрэбна напісаць паперу, каб яны зрабілі сэрвіс па-беларуску — бо не мець такой паслугі проста сорамна. Але не трэба браць прыклад з нашых беларускамоўных радыкалаў з ці то гетта, ці то аазісу, якія пачынаюць скандаліць і толькі адварочваюць ад мовы.
— Што для цябе больш важна: быць беларусам ці быць гарадзенцам? Задаю пытанне, як гарадзенец.
— Я разумею гэта!!! Вельмі цікавае, дарэчы, пытанне. Беларус я «штучна». Майго таты мама – беларуска, а бацька — расеец. Мамы тата, дзед мой, — летувіс. Бурбас прозвішча, па-летувіску размаўляў. А бабуля, жонка ягоная, была полька. Дарэчы, у міжваенныя часы яна была ў «міліцыі незаганнага зачацця». У мяне ёсць польскія карані з Кракава, з Заходняй Польшчы і польская мова мне таксама родная, ale Polacy nie mają wiele wiary, że nie jestem Polakiem (але палякі не вераць, што я не паляк — #RFRM).
— Oczywiście (канешне — #RFRM).
— Па-польску я размаўляю гэтак жа добра, як і па-беларуску. Але я беларус толькі таму, што я чалавек адукаваны. Я ведаю свае карані да ХІV стагоддзя. Тым не менш, я сябе прымусіў быць беларусам бо зразумеў, што я – грамадзянін гэтай краіны. А вось быць гарадзенцам – гэта нешта іншае. Мы ўсе ў Горадні полімоўныя, у нас тры родныя мовы – польская, беларуская і расійская, але мы ў пэўным сэнсе не беларусы, не палякі, і, тым больш, не расейцы. Быць гарадзенцам – гэта быць астэроідным поясам між Марсам і Юпітэрам. Там самы вялікі метэор – Цэрэра, што мае 900 км у дыяметры і вельмі шмат аскепкаў. Для мяне Горадня гэта такая самая незразумелая тэрыторыя. Да вайны там дамінавалі ідзіш і польская мова, расійскаю карысталіся толькі чыноўнікі, а беларуская была, ў асноўным, за горадам.
Самыя цікавыя людзі гарадзенскага рэгіёну – беларусы, якія былі паланізаваныя ў міжваенны час. У весцы пад Горадняй зараз існуе настолькі меганацыяналістычная польская свядомасць, якой не сустракаў нідзе ў Польшчы! Ні дай бог я перад бабуляю ў Сапоцкіне скажу слова па-расейску – гэта стыд нейкі, гэта як грэх! А па-беларуску — калі ласка! Там людзі вітаюцца на польска-беларускай трасянцы, і размаўляюць сваёй польска-беларускай мовай.
— А як ты лічыш, Гародня можа быць беларускай сталіцай?
— Безумоўна! Ёсць жа ў латышэй Рыга, заснаваная немцамі ў 1201 годзе, а ў эстаў заснаваны датчанамі Талін. Горадня – безумоўна, беларуская зямля, але Горадню хто праславіў? Іштван Штэфан Баторы. Венгр, які не размаўляў ні па-старабеларуску, ні па-польску, і карыстаўся лацінай, каб яму прынеслі вады. Ён зрабіў Горадню, фактычна, другой сталіцай Рэчы Паспалітай. І таму, канешне, гістарычна так.
— Ты даволі незвычайны прыклад чалавека з шоўбізу, з якім можна гаварыць на такія тэмы. Як так?
— Мне было вельмі сорамна, што ў 15 год я не ведаў ангельскай мовы і я паставіў перад сабою мэту – паглядзець свет, набрацца досведу і вывучыць ангельскую. Так атрымалася, што зараз я таксама вольна размаўляю яшчэ і па-італьянску. Са сваёй дачуркай я да 3-х год размаўляў толькі in English. Яна ўжо практыкавалася па-ангельску гаварыць за мяжой і, я ўпэўнены, што ў школе Шэкспіра будзе чытаць у арыгінале. А пакуль яна ходзіць у беларускамоўную групу садка і мы з ёю зараз размаўляем і па-беларуску, і па-ангельску.
— І колькі такіх бацькоў, як ты?
— У нашай групе адзінаццаць. А ўвогуле ў сталіцы Беларусі толькі 2 беларускамоўных садка, недзе 8 груп. Затое там інтэлігентныя бацькі, архітэктары, культурныя людзі. У нашай групе няма мацюкоў.
— Твая дачка ведае, чым ты займаешся?
— Яна ведае, што тата спявак.
— І яна бачыла твае кліпы?
— Так, канешне.
— І што яна думае пра тваю творчасць?
— Яна маленькая яшчэ, ёй шосты годзік. Але яна вельмі задаволеная і спявае…спявае, канешне, больш мае беларускамоўныя песні. ЛСПшныя песні для яе занадта цяжкія, там занадта шмат слоў. Дзеці слухаюць ЛСП з 12 год.
— А як ты прыйшоў да музыкі?
— Яшчэ ў школе я зразумеў, што музыка гэта тваё пакліканне. Тым не менш, я не бачу сэнсу ў музычнай адукацыі. Я ніколі не хадзіў у музычную школу і вучыўся музыцы сам і праз прыватныя заняткі. Музыка не патрабуе паперкі. Эканаміст прыходзіць у фірму – паказвае паперку, што ён эканаміст. А я магу за 5 секунд даказаць, што я прафесійны музыка — з раялем ці без. Камунікуючы з нашымі музыкамі, я бачу, што я больш ведаю па тэорыі музыкі, чым людзі, якія скончылі музычныя вучылішчы. Я граю Ліста, странспанірую з любой танальнасці, я пішу партыі, я пішу музыку ў галаве, я ведаю нотную грамату лепш, чым выпускнікі некаторых кансерваторый. Бывае сустрэнеш чалавека «я музыкант, я закончил училище». Просіш адказаць на простае пытанне кшталту «якая двайная дамінанта танальнасці сі-бемоль?». І застаешся без адказаў.
— Пеця, дзе скончваецца твая маска і пачынаецца рэальны чалавек?
— У мяне няма маскі: які я на сцэне, такі я ў жыцці. Няма ніякага падману, таму я і шакую грамадства тым, што я, быццам, адукаваны чалавек, а ў мяне соткі каханак.
— I што?
— А вось і што! Грамадства запытвае: а, як жа так, Пеця?
— А сапраўдны чалавек дзе?
Вось ён мой сапраўдны чалавек: з праблемамі, заганнасцямі, які любіць выпіць. У многіх ёсць вобразы. У мяне ёсць знаёмыя-артысты: вось ён у жыцці адзін, на сцэне іншы. А я не збіраюся гэтымі справамі займацца.
— Я бачыў відэа з твайго выступу ў пераходзе ў 16-ым годзе. Прыемна ўразіла, калi ты і гітарыст працягвалі выступ нават калі АМАПаўцы загадалі вам спыніцца. «Я даспяваю песню»,- сказаў ты і працягнуў.
— Я люблю такія скандальчыкі. Люблю шакаваць людзей. Я граў яшчэ ў гандлёвых цэнтрах і на Камароўцы… Некаторыя спыняюцца: прыходзіць пафасна апранутая дзяўчына, сядае і плача. Закранула яе, паслухала і кінула мне 50 баксаў. А некаторыя падыходзяць, глядзяць: «О, а эта ж вы! Такой ізвестный, а у вас нет денег на жізнь».
— Ёсць штосьці, аб чым ты больш за ўсё сумуеш зараз?
— Так. Былі ў жыцці сітуацыі, калі я хлусіў сваёй жонцы, хацеў паказацца лепшым на людзях. Бывалі сітуацыі, калі мая маці сумавала, бо я нешта рабіў дрэнна. Але з іншага боку – я не шкадую. Пазнаўшы злое, я зразумеў, што мне гэта непатрэбна. Я шмат п’ю, але ў мяне няма залежнасці, я не напіваюся, я ніколі не ператвараюся ў жывёліну. Алкаголь я магу кантраляваць. Бывае нехта вып’е – вылазяць усе бесы і комплексы. У мяне няма такіх комплексаў, я па п’яні ніколі не буду рабіць бруд, не буду прыніжаць некага. Ёсць у мяне шматлікія сябры: сярод іх выдатныя музыкі, інтэлігентныя, разумныя… а як выпіваюць паўбутэлькі гарэлкі – ператвараюцца проста ў жывёлаў. Я сабе катэгарычна кажу: табе, Пеця, нельга піць.
— Ты ўжываў наркотыкі?
— Я катэгарычна супраць наркотыкаў. Вось мой адказ.
— Нават не паліш ганжу?
— Я катэгарычна супраць наркотыкаў. Я па алкашцы. Па сіньцы, калі пажадаеш.
— У 2012-ым годзе ты падпісваў сімвалічныя пашпарты БНР у вобразе Антона Луцкевіча. Што для цябе значыць БНР?
— Для мяне БНР — гэта абсалютная праява дзяржаўнасці, гэта першае з’яўленне Беларусі. Калі б не БНР — не было б ні ССРБ, ні Белліт, ні БССР. Ідэалы БНР мусяць быць канстантай і асновай нашай супольнасці. Таму я таксама думаю, што ў будучым на нашых банкнотах — талерах, а не рублях — мусіць быць менавіта ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР Антон Луцкевіч. Некаторыя кажуць, што ідэя БНР дрэнная, бо незалежнасць аб’яўлялася ва ўмовах акупацыі кайзераўскай Нямеччынай — ну што ж, аб’яўленне незалежнасці па-рознаму атрымоўваецца ў розных краінах… І ў нашым выпадку менавіта БНР была вызначэннем беларускага народу. Прабачце, спадарства, на Усебеларускім з’ездзе было больш дэлегатаў, чым пры абвяшчэнні СССР.
Я думаю, што дамінантай у мінулым беларускай дзяржаўнасці трэба лічыць менавіта БНР, а не ВКЛ. Бо многім нашым людзям праз саветызацыю цяжка зразумець, што мы, а не жамойты-летувісы, гэта гістарычная Літва. Пры ўсёй павазе да летувісаў, іхны герб — мядзведзь, іх было 2% у ВКЛ, а іх мова ў той краіне ніколі не была дзяржаўнаю. Нават калі князь Вітаўт камунікаваў з папскімі легатамі, то каб мову апошніх ў прыватных размовах ніхто з прысутных не разумеў, легаты пераходзілі на незразумелую ў княжацкім асяродку мову — жамойцкую, з якой утварылася сённяшняя дзяржаўная мова Літоўскай Рэспублікі…
Але запытайся на вуліцы «калі з’явілася Беларусь?». 95 адсоткаў не знайдуць што адказаць. Таму трэба займацца гістарычнай адукацыяй, людзі павінныя ведаць, што адбылося 25 сакавіка 1918 года. Для мяне гэта важна, бо мой жыццёвы прынцып beate vita est gaudium de veritate — любое жыццё ёсць асалода праўды. Гэта Святы Аўгусцін, я вельмі люблю Аўгусціна.
— Пеця, я вось слухаю ўсё, што ты распавядаеш у апошнія 15 хвілін і задаю сам сабе пытанне: а ці з сапраўдным ўдзельнікам гурта ЛСП я тут размаўляю?
— Я вам скажу адну штуку… Мой сябра Алег ЛСП — адукаванейшы, культурнейшы чалавек. У творчасці ЛСП, калі ўслухацца ў словы, мы крытыкуем культ наркотыкаў і алкаголю, мы выносім бруд з соцыума. Бо ў наш час дабро не рэзануе, зараз рэзануе бруд. Мы крытыкуем гэта і, напрыклад, выкарыстоўваем недзе слова «сучка». А людзі кажуць «ЛСП — это быдланы, они там у себя в треках про сучек поют» — і не хочуць слухаць аб чым далей вядзецца ў песні. Быдла такога кантэнту, як ЛСП, не створыць, быдла не здольнае на гэта — бо нават мацюкамі трэба ўмець карыстацца, каб зрабіць добрую алегорыю. Без мацюкоў зараз цяжка, такая рэальнасць.
— Маю да цябе пытанне, якое папрасіў перадаць блогер Эдуард Пальчыс: «якія тры выканаўцы ў Беларусі былі найбольш недаацэненыя?»
— Дзякуй Эдуарду, ён добры хлопец. Я адкажу вось як – усе беларускія артысты недаацэненыя. Я думаю, што, напрыклад, спадар Лявон Вольскі вельмі задаволены сваім жыццём, але ён годны таго, каб быць нашмат-шмат-шмат багацейшым чалавекам. Замест гэтага Лявон выступае ў Вільні, выжымае максімум са сваёй цытрыны і працуе ў іншых праектах… Ён бы зараз сказаў (у гэтым месцы Пётр прамаўляе з інтанацыяй Лявона Вольскага — #RFRM): «Пятро, не кажы так, усё добра, я ўсім задаволены, мне не трэба шмат грошаў».
Я разумею Вольскага, вельмі веру яму і люблю, але я ведаю, што ён годны быць мільянерам. Я не хачу лезці ў ягоную кішэню – гэта асабістая справа Вольскага. Але, прабачце, мы ўсе хочам годна жыць, мы ўсе хочам добра зарабляць. І часам бывае цяжка: бо беларускі музыка можа годна жыць толькі калі ён выходзіць на рынак Украіны і Расеі. Няма прарокаў у сваёй айчыне. «А, так это ж наши» – кажуць у Беларусі пра сваіх музыкаў з пагардай. Таму гурт ЛСП ні разу не клікалі на беларускае тэлебачанне, а вось на расійскае і ўкраінскае клічуць.
— А як змянілася стаўленне да цябе ў Беларусі пасля выступу ў Урганта?
— Адсодкаў восемьдзесят кажуць пра мяне «о, маладзец», а ёсць і «некалі ты быў маім добрым сябрам, але пасля гэтага — бывай!». Пласт беларускай інтэлігенцыі, які не хадзіў на мае канцэрты і раней, у асноўным кажа нешта накштал «буууу, быў такі ідэйны, а зараз пайшоў у рускую папсу і па ОРТ яго паказваюць». Я з усмешкай гляджу на тое, як яны мяне лінчуюць, бо маю сваю пазіцыю: у мяне няма часу на абмеркаванне сваёй творчасці і на меркаванні іншых людзей аб ёй.
— Ты вывучаў міжнародныя адносіны ў Рыме. Чаму ты не дыпламат ці палітык?
— Я наогул некалі думаў быць святаром, але пацалаваўся з дзяўчынай ў 15 год і зразумеў, што я цэлібат не вытрымаў бы. Не стаў падманваць сябе, бо адчуваў, што маё пакліканне — гэта музыка, што я магу зрабіць так, каб тысячы людзей слухалі мяне. У музыцы ўсё шчыра, ты выварочваеш душу – людзі табе вераць, і ты застаешся героем. У палітыцы ты нясеш слова і абяцаеш нешта… а ў музыцы ты нічога не абяцаеш. У адрозненне ад палітыкі, у музыцы ты нясеш адказнасць за тое, што робіш. Я перадаю тое, што адчуваю – і ты можаш гэта адчуваць альбо не. На гэтым адказнасць музыкі скончваецца.
Я шчыра люблю палітычныя баталіі: дыпламатыю, прэзідэнцтва, міністры, фуршэты, але, ведаеш, я ніколі не быў палітычным чалавекам. Я люблю вялікі тэніс, прафесійна граў у шахматы і не люблю камандны спорт: люблю быць адзін. Гэта мяне і стрымоўвае ў далучэнні да розных суполак — будзь то партыі, масонства ці яшчэ штосьці. Я ніколі не быў ні ў адной партыі — і не буду. Прынцыповая пазіцыя. А зараз я цалкам расчараваны ў палітыцы і стаў абсалютным палітычным нігілістам. У Беларусі дэмаралізаваныя ўсе палітычныя структуры, усё гэта страціла сэнс. Сяргей Міхалок выступае ў Беларусі, Лявону Вольскаму дазваляюць канцэрты, а ў мяне наступіў нейкі палітычны крызіс і я нават не ведаю, ці буду прымаць удзел у наступных выбарах.
— Ты галасаваў на выбарах?
— Галасаваў, канешне.
— За каго?
— Зараз узгадаю. Мне магчыма будзе сорамна, але чамусьці ў 2010 годзе я галасаваў за БНФ.
— Кастусёў альбо смерць? Не можа быць!
— Ха-ха, здаецца, што за яго! Розныя людзі робяць памылкі ў жыцці. Я нікому не жадаю дрэннага, але лічу, што ўлада зменіцца толькі калі фізічна не стане сучаснага кіраўніка нашай краіны. Прабачце. Я іншых варыянтаў не бачу. Давайце будзем рэалістамі… Таму зараз я займаюся толькі музыкай. Канешне, у такім выпадку палітыка займаецца табой, а не ты палітыкай. Але я зараз не бачу сэнсу выконваць нейкія палітычныя пракламацыі. Я ведаю, што праз музло я магу зрабіць нашмат больш для людзей, чым у палітыцы… Зараз там усё не мае сэнсу. Я быў наіўным, але я страціў і наіўнасць, і надзею. Можа, у будучым надзея да мяне вернецца.
— Калі гэта адбылося?
— Вайна ва Украіне вельмі паўплывала. Калі я пабачыў ператварэнне Данбасу ў буферную зону і вечнае Прыднястроўе. Гэты канфлікт не скончыцца, бо сцяна паміж Украінай і Расеяй ужо пабудаваная на 50 год наперад. Я зараз паездзіў па Расеі. Расійскія СМІ – гэта, канешне, зомбі, жах. Але там шмат людзей — вы ўжо прабачце за гэтае слова — афігенных. Калі я ехаў у Сібір, то чакаў сустрэчы з мільёнамі ватнікаў. Але нецікавая жыхарам Сібіры Украіна — побач Казахстан, Манголія, Японія. Расейцы за Уралам — адэкватныя людзі, ніякіх імперскіх нотак. Ды там кожны другі мае беларускія ці украінскія карані — настолькі шмат былых ссыльных. І я не стану казаць зараз, што ў Расеі ўсё грамадства хворае, хоць мяне на гэтым тыдні ў «фэйсбуку» цкуюць, што я ператварыўся ў папсню, што быць на Урганце няма гонару, што пагана выступаць на імперскай пляцоўцы. А я разумею, што трэба ісці наперад і спяваць. І я ведаю, што ў мяне будзе беларускамоўны альбом і яго будуць слухаць, як слухаюць Океан Ельзи.
Праблема 18-гадовых з Іркуцка, Томска, Омска, Краснаярска — па адукацыі гэта проста зеро, між намі гіганцкі прабел. Але ёсць пазітыў — яны ўспрымаюць Беларусь як Нямеччыну, Фінляндыю ці Польшчу. Яны нават не ведаюць, што мы і Расея з канца 1990-х існуем у нейкай там Саюзнай дзяржаве. Яны ўпэўненыя, што беларусы для Расеі замежнікі — пытаюцца, ці патрэбная віза. Для гэтых людзей тое, што мы беларускамоўныя – цалкам нармальна, яны цераз сваю неадукаванасць не ведаюць, што беларусы гэта русіфікаваны народ.
Я многае для сябе таксама пераглядзеў. Раней думаў, што калі беларус не размаўляе па-беларуску, ён апошні чалавек. Зараз я лічу, што калі ты жывеш у Беларусі, ты мусіш разумець мову. Размаўляй сабе па-расейску, але беларускую разумей. Бо, ведаеце, бывае так, што і чалавек, які размаўляе па-беларуску, можа апынуцца гнідаю. А ў Беларусі зараз дробная інтэлігенцыя, што далёкая ад праблем рэальных людзей і жыве ў гэткім жа гета, у якім існуюць неадукаваныя расейцы, фіксуецца на мове, як на фетышы.
Вы зразумейце, цяжка людзям думаць пра духоўнасць, калі Савецкі Саюз пакінуў цалкам бездухоўную спадчыну. Народ думае, як пракарміць сябе і на рыбалку зганяць. У іх каштоўнасці – гарэлка, бутэлька, рыбалка, тэлевізар, сябры і піва. Яны думаюць пра нізкія пабытовыя рэчы – гэта савецкая спадчына, нуль духоўнасці, яны на выставы не ходзяць. Як казаў Ян Павел ІІ, дзве хваробы ХХ стагоддзя – гэта нямецкі нацызм і савецкі камунізм. «Савок» і тут, і тут, і тут… Савок людзей проста спыняе — і ў галаве, і ў сэрцы. І вось гэта праблема. Вось гэта трагедыя.
— У лютым ты быў сярод абаронцаў Курапатаў. Чаму ты там апынуўся?
— Мой дзед быў у ГУЛАГу. Ён усё жыццё храмаў, бо яго там збівалі бальшавікі. Ягонага роднага брата публічна павесілі ў верасні 1946-га года ў Горадні на плошчы як здрайцу савецкага народу. Таму я не магу не абараняць такое месца, як Курапаты. Сэрца крывёй абліваецца, што па беларускіх гарадах на плошчах стаяць помнікі Леніну — чалавеку, які пісаў «чем больше мы убьем и повесим священников, тем лучше, ибо церковь защищает совесть, а совесть является главным врагом советского человека, а наша задача освободить человека от совести и сделать его свободным».
Быў вось такі Ленін… а зараз такія ж змаганні з рэлігіяй, веравызнаннем і стасункам з богам — што ёсць прыватнаю справаю чалавека! — вядзе вялікі пласт нашай інтэлігенцыі, што атакуе папоў ды ксянзоў. Інтэлігенцыя, што пачынае паліваць брудам хрысціян, для мяне трошку як бальшавікі. Яны мяне нават пужаюць: «слава богу, что у нас неверующих стало больше, чем верующих». Гэта асабістая права кожнага чалавека! Я хачу – я каталік, я хачу – я пратэстант, я хачу – я праваслаўны. Не крытыкуйце мяне, як я не крытыкую вас. Гэта мая асабістая рэч.
— Але ж даволі часта духавенства крытыкуюць за несупадзенне ягонага лайфстайлу з ідэалогіяй царквы?
— Я разумею, якія эмоцыі, калі бацюшка ездзіць з кіроўцам на «Мэрсэдэсе» S-Klasse, і таксама дужа гэта не падтрымоўваю. Лічу, што гэта ўсё павінна быць сціпла. Таму мне падабаецца Папа Францішак, які адмовіўся ад папскіх апартаментаў і жыве ў гатэлі Святой Марты ў пакоі меншым за той, дзе мы зараз. Я таксама за сціпласць сярод святароў. Але святар можа мець пяты «айфон» і машыну за 5000 даляраў. Бо калі святара, майго сябра, выклікаюць а трэцяй уначы, калі памірае чалавек, у яго павінна быць машына, што завядзецца, а не дрындулет за тысячу. Ну чаму ксёндз мусіць абавязкова мець дрэнную машыну?
— Каталіцкі ксёнз можа езціць на S-Klasse?
— Е-Klasse гэта прымальна, я б сказаў, але S гэта перабор. На S-Klasse я не сустракаў каталіцкіх святароў, а праваслаўных – так. Ну, зноў жа, я зараз не крытыкую, проста фіксую, што так ёсць.
— Калі б была такая патрэба, ты бы пайшоў абараняць Беларусь са зброяй?
— Ну, слухайце, я грамадзянін Рэспублікі Беларусь…
— Я не кажу пра армію, я кажу пра цябе асабіста. Ты б стаў дабраахвотнікам падчас замежнай агрэсіі?
— Не вельмі хачу браць зброю ў рукі, я чалавек не агрэсіўны, не гвалтоўны. Я думаю, каб нешта такое было, то я б спяваў бы жаўнерам на фронце і як-небудзь падтрымоўваў бы войска фінансава, як мог бы. Я лічу, што музыка павінен рабіць музыку, лекар лячыць, а інжынер каб пушка страляла, кожны павінен выконваць сваю справу. Я б краіну абараняў сваёю справаю.
— Ты баішся вайны?
— Не, не баюся.
— А чаго ты баішся?
— Я баюся татальнай адсутнасці мэты ў жыцці. Калі я сустракаю людзей і бачу, што ў чалавека няма ні мары, няма ні мэты, няма нічога — бо ён жыве сённяшним днём. Для мяне гэта страшна. Тады чалавек ператвараецца ў расліну. Мяне гэта пужае.
— Ты ведаў Рому Англічаніна?
— Канешне так.
— У яго была мэта?
— Безумноўна.
— Якая?
— Ягоная мэта была угар, рок-н-рол, музло.
— У яго атрымалася?
— Так.
— А якая мэта ў цябе?
— Жыццё, музыка, дзеці, каштоўнасці і ўгар.
— Што з гэтага ўжо зроблена?
— Дзіцё. Музыка… нейкая… але я незадаволены, таму што, я лічу, што зрабіў толькі 19%, у мяне ўсё яшчэ наперадзе. Я лічу, што ў мяне пасля 30 ўсё будзе. Ува мне яшчэ ёсць гарэза. Угар быў, ёсць і будзе! Я хачу яшчэ дзяцей, але гэта ў будучыні. У мяне зараз мая дачулька, мая прынцэска, мая каралева, гэта маё ўсё. Мая дачка… я за яе богу удзячны.
— Але гэта будуць дзеці ад іншых жанчын?
— Мы з маёй былой у выдатных стасунках. Ну, напэўна, так, ужо звялі памідоры, але ёсь павага, бязмежная павага, таму што яна — маці маёй дачкі, я яе вельмі любіў, малады быў…
— А магчыма, што вы вернецеся адзін да аднога?
— Ноу… Зараз такія часы… Я лічу, што трэба жаніцца пасля трыццаткі. Але я быў малады, упэўнены ў сабе… і закахаўся. Тады мне было дваццаць адзін і я быў даволі недурны. Можа, не кожны саракагадовы будзе такі, як я быў у свае 21. Але. Мне было 21. Што гэта за ўзрост? Але зараз праблема што хлопцы заводзяць сем’і, дзяўчын сваіх пакідаюць… я сваю сям’ю падтрымаўваю.
Мама маёй дачкі ніколі не скажа, што я пакінуў сваю дачку – бо я заўсёды з ёю, калі я ў Беларусі. Яна не скажа, што я кінуў сям’ю. А хлопцы масава, кідаюць свае сем’і, робяць дзяцей, потым іх не бачуць. Гэта бедная дзяўчына ў 24 гады з дзіцём адна, бацькі дапамагаюць, гэты хлапец там ужо з новай. Я б не змог спаць, калі б не ведаў, што маё дзіцё напоена, пакормлена, абута. Мяне так мама выхавала, я не магу па-іншаму. Я лічу, што мужчына можа быць моцны, калі ў яго моцная маці. А моцнай дзяўчыне патрэбен моцны тата. Ну, гэта мая асабістая алегорыя, можа я не маю рады.
Таму, дзяўчаты, трэба рабіць кар’еру самім і жаніцца пасля трыццаці – каб не застацца, калі што, без грашэй дваццаціпяцігадовай сам насам з дзіцём. Лепш нарадзі ў трыццаць два, але пры гэтым май нейкую базу, бо хлопцы зараз такія — кідаюць дзяўчат масава. У нас разводаў больш паловы!
— У нас з табою апроч амаль аднолькавай біяграфіі ёсць яшчэ адно падабенства: мы абодва згубілі маці каля 5 год таму. Як змянілася тваё жыццё з таго часу?
— Дзень пайшоў за тыдзень, тыдзень за месяц. Прыйшлося вырашаць праблемы сям’і, дапамагаць. Леакадзія Чэславаўна Клюева была знакамітай прыватнай доктаркай. Пацыенты былі распісаныя на год наперад. Прыём каштаваў дорага, але і праца была цяжкая, бо ў Беларусі выклікаюць адэкватнага доктара калі ўжо крышка. Яна вывучала шмат навук, у тым ліку і ірыдалогію — гэта вельмі сумнеўная навука для многіх. Назва яе паходзіць ад лацінскага слова «вока».
Мама глядзела на радужкі вока па мэтодзе, якую вывучала ў нейкага кітайскага чувака, супастаўляла з іншымі аналізамі і вельмі дакладна ставіла дыягназы. Тата быў ейным бухгалтарам і менеджэрам, запісваў пацыентаў. Яна ведала, што хутка памрэ, у яе былі праблемы з ціскам. Яна проста заўсёды хвалявалася за ўсіх пацыентаў, да яе бывала ноччу прыязджалі, што толькі не было. І ад яе, напэўна, перадалася гэта харызма, энергетыка і жаданне. Яна была вельмі адукаваная, вельмі харызматычная, сябравала шмат з кім. І гэта адказна быць сынам такой мамы. Яна, напэўна, зверху на мяне злуецца, бо я дужа заганны.
— Колькі ёй было?
— Пяцьдзесят роўна.
— Ты часта прыязджаеш да яе?
— 16 кастрычніка будзе гадавіна яе смерці. Я прыязджаю мала, 2 разы ў год. Хацелася б часцей. Гэта цяжка, я жыву ў іншым горадзе. Для мяне Горадня – разрыў. Я прыязджаю, іду па гэтых вуліцах – плачу. Дзяцінства, успаміны, адразу ўспамінаю маму. Гэта і прыемна, і балюча. У мяне такое дваякае пачуццё: з аднаго боку сум, а з іншага – першы пацалунак пад замкам, польская школа, касцёл.
— Ты казаў, што быць еўрапейскім беларусам – гэта размаўляць па-беларуску….
— Прынамсі разумець і паважаць мову, так.
— … размаўляць па-беларуску, быць неабыякавым да таго, што адбываецца навокал, а таксама дабівацца справядлівасці і выканання законаў. А ты калі-небудзь парушаў закон?
— Так, канешне, у мяне «по линии ГАИ», як кажуць. Але, насамрэч, рознае бывала.
— Што было да таго, як ты стаў вядомым?
— У свой час у мяне быў прыватны бізнес — я стварыў на Сурганава і Казінца адныя з першых хостэлаў у Беларусі. І той бізнес ледзь не cкончыўся турмой — задушылі праверкамі і штрафамі. Яны не разумелі, што $15 за ноч у іншых месцах было занада дорага для туркменаў ці таджыкаў. Быў вялікі поспех і да мяне прышлі праверкі — як па Булгакаву, калі Швондзер прыходзіў. Санстанцыі, гарвыканкам, пажарнікі, міліцыя: «что вы здесь устроили, вы бы еще пятиярусные кровати поставили!. «Дзякуй», кажу, «выдатная ідэя!». «Что за детдом?». Маімі «вот за это можно к нему придраться» былі «нелегальныя» — па версіі правяраючых — масавыя мерапрыемствы, «нелегальныя» адукацыйныя семінары, «нелегальная» прадпрымальніцкая дзейнасць. Былі штрафы, былі суды…
Быў час, калі музыка мяне не карміла, я граў каверы. Каверамі можна займацца да 26 год, проста каб зарабіць досвед. Маладому можна паспяваць, каб пачуць сябе ў іншай скуры, знайсці сваю манеру. Я прапускаў песні праз сябе, спяваў па-свойму — і гэта мне дало досвед. Яшчэ пасля тых кавераў я магу зараз спяваць з ангінай і тэмпературай 39. Ці выпіць літр віскара і адпрацаваць вечар так, што ніхто нават не пабачыць, што я нармальна пад гэтым самым — бо калі чалавек даў тыя 20 даляраў за мой канцэрт, то я яму цалую рукі за гэта, я не магу падвесці ці падмануць. Але я катэгарычна стаўлюся да музыкаў, якія ўсё жыццё толькі каверы граюць.
— Якая галоўная песня ў тваёй кар’еры на дадзены момант? І чаму?
— «Асцярожна, лістапад». Па-першае, з-за знаёмства з Генадзем Бураўкіным, якое было нібы дзыгнуць у апошні цягнік. Аднойчы Генадзь Мікалаевіч, за паўтары гады да смерці, прыйшоў на нейкі семінар у маім хостэле. Ну і я яму сказаў, што для мяне была бы вялікім гонарам атрымаць ад яго нейкі тэкст для песні… І аднойчы, калі я быў на гастролях у Вільні, ў роўмінг тэлефануе Генадзь Бураўкін. Я падняў тэлефон рукой, што трэслася. Не верыў, што гэта ён. «Пятро, я маю для цябе тэкст».
Я вярнуўуся ў Менск і прыйшоў да яго ў госці: мяне сустракае яго жонка з торцікам і каньячком і сам спадар Бураўкін. Выдатнае пачуццё гумару, ён паказывае кабінет, дзе вісяць партрэты з Бушам, захоўваюцца ягоныя пераклады Белавежскіх пагадненняў… Мы з ім інтэлігентна размаўлялі, ён яшчэ крыху няёмка сябе адчуваў, бо ягоная маці памерла калі ёй было 103, і я неяк так сказаў, што, атрымоўваецца, мая мама магла пражыць яшчэ 53 гады. Мы з ім паразмаўлялі шчыра і ён дае мне капэрту, якую я захаваў, на ёй напісана «Пятру Клюеву». І ўнутры — на жоўтай ад часу паперы — тэкст, што быў набраны ў 1970-х на машынцы. «Асцярожна, лістапад». Калі я толькі атрымаў той тэкст, я думаў што за «асцярожна лістапад, асцярожна» ён мне даў. Тры словы, так прымітыўна! Проста, як дзверы. А потым я сеў – і «закружылася мяцеліца». Яна была напісаная ў адзін год з песняроўскай «Зачараванаю», памятаеце такую песню? «Гэ-э-эта я з табой веча-а-а-арую».
Гэта бясцэнны гонар – слухаць канцэрт «Песня году-82», дзе Песняры спяваюць песню на вершы таго ж паэта, што падарыў мне, малакасосу, гэты тэкст. Яна каштуе мільёны. Гэтая песня мае магію, яна працуе. Яна рэзануе ў людзях. Я адыграў у мінулым годзе, можа, трыццаць вяселляў – і гэта «Асцярожна, лістапад» пад піяніна была першым танцам усіх гэтых закаханых. Гэта песня – нефармат, на радыё ў мяне яе так і не ўзялі, але яна ўжо даўно пайшла ў народ, яна рэзануе ў беларусах. Людзі пра таго Клюева ніколі не чулі, а запытай пра песню «Асцярожна, лістапад» – «о, конечно, знаю!». У параўнанні з хайпам ЛСП – гэта нішто, але я лічу, што гэтая песня змяніла шмат у гэтым свеце: людзі пад яе кахаліся, цалаваліся – і для мяне гэта вельмі важна.