«Павільён-аднадзёнка» ці прарыў: што думаюць эксперты пра беларускі ўдзел у Венецыянскай біенале
Reform.news · 26 ноября 2026, 18:08
https://reform.news/pavilyon-adnadzyonka-czi-vazhny-prary-shto-dumayucz-eksperty-pra-belaruski-dzel-u-veneczyyanskim-bienale/Праект Беларускага свабоднага тэатра на Венецыянскай біенале «Official. Unofficial. Belarus.» стаў адной з самых абмяркоўваемых культурных падзей года. Ён атрымаў добрыя водгукі ў замежнай прэсе, захопленыя пасты ў сацсетках, аднак ад беларускага прафесійнага асяроддзя публічных выказванняў амаль не прагучала. Каб выправіць гэты перакос, Reform.news сабраў меркаванні і ацэнкі мастацкай супольнасці. Стварыць сапраўдны полілог пазіцый нам удалося па завяршэнні La Biennale di Venezia.
Па прычыне бяспекі некаторыя імёны спікераў схаваныя.
Праект «Official. Unofficial. Belarus.» быў прэзентаваны на Венецыянскай біенале Беларускім Свабодным тэатрам у Паралельнай праграме. Куратаркі – Даніэла Каляда і Наталля Каляда. У праекце ўдзельнічалі: Уладзімір Цэслер, Сяргей Грыневіч, Мікалай Халезін, Расмус Мунк, Вольга Падгайская. Праект змяшчаў у поле увагі палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, практыкі падпарадкавання і кантролю. «Споведзь тут ператвараецца ў прастору метаназірання, дзе ідэнтычнасць больш не з’яўляецца прыватнай, а яе недатыкальнасць скасаваная», — адзначалася ў анатацыі. Імерсіўная прастора, створаная ў Царкве Chiesa di San Giovanni Evangelista, уключала ў сябе інсталяцыю, жывапіс, музыку, водар і нават смак — «Смак нічога» (Taste of Nothing) ад вядомага шэф-кухара Расмуса Мунка.
Профільнае міжнароднае выданне Artnet уключыла «Official. Unofficial. Belarus.» у шасцёрку галоўных адкрыццяў Венецыянскага біенале (Best in Show: 6 Standouts at the 2026 Venice Biennale). Пра «Official. Unofficial. Belarus.» пісалі ў The Art Newspaper, Financial Times, Gazeta Wyborcza. Ён быў падтрыманы беларускай незалежнай прэсай — «Наша Ніва», «Радыё «Свабода»; «Люстэрка» прадставіла розныя меркаванні грамадскасці пра праект, як і ўзважанае прафесійнае меркаванне ад Сяргея Шабохіна выйшла на Reform.news.

La Biennale di Venezia-2026: агульны кантэкст
Венецыянскае біенале амаль ад пачатку было зладжана па прынцыпе дзяржаўнага прадстаўніцтва, а таму хутка ператварылася ў інструмент дыпламатыі і «мяккай сілы».
Краіны-ўдзельнікі арганізуюць свае павільёны, якія фінансуюцца ўрадамі ці міністэрствамі культуры. Праз мастацтва дзяржавы ўмацоўваюць міжнародны імідж і атрымліваюць магчымасць, а часам – непераадольную спакусу трансляваць пэўныя ідэі ці нават прасоўваць прапаганду, як гэта зрабіў урад Беніта Мусаліні ў 1930-я.
Мастацтва становіцца даволі эфектыўным інструментам падчас войнаў і вялікіх палітычных супрацьстаянняў.
Сёлетняе біенале ператварылася ў адно з самых скандальных у нядаўняй гісторыі — праз допуск да ўдзелу Расіі і Ізраіля, што выклікала масавыя пратэсты, роспуск журы і фінансавыя санкцыі з боку Еўрасаюза. З пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія прымае ў біенале ўдзел першы раз, а міністэрства культуры Беларусі ігнаруе форум з 2020-га.
Незалежныя беларускія актары прадпрымалі невялікія «вылазкі» і ладзілі праекты – часам правакатыўныя, часам цалкам інстытуцыялізаваныя, аднак паўнавартасна заявіць пра беларускі ўдзел – хоць і альтэрнатыўны – атрымалася толькі сёлета.
Сама назва праекта Беларускага свабоднага тэатра «Official. Unofficial. Belarus.» утрымлівала напружанасць супрацьстаяння. І праект трапіў у топы міжнарожных выданняў, аднак у беларускіх гледачоў узніклі пытанні, якія тычыліся як арганізацыі, так і непасрэдна яго мастацкай формы.
Канцэпцыя галоўнай выставы была распрацавана вядомай куратаркай камерунскага паходжання Коё Куо (Koyo Kouoh), якая, на жаль, памерла перад адкрыццём.
У сувязі з сыходам вясной у адстаўку міжнароднага журы, якое павінна было вызначыць лаўрэатаў да адкрыцця, кіраўніцтва форуму вырашыла ўручаць замест традыцыйнай узнагароды — «Залатых львоў» — «Глядацкія львы». У выніку ўчора, 25 лістапада, былі названы іх ўладальнікі на падставе галасавання гледачоў. Узнагароды атрымалі амерыканскі мастак Нік Кейв, удзельнік асноўнага праекта «У мінорных танах» і нацыянальны павільён Індыі з праектам «Geographies of Distance: Remembering Home» (куратар — Амін Джафер).
Усяго 61-я біенале за час працы наведалі 714 015 чалавек.

«Прысутнасць, адсутнасць і сама форма рэпрэзентацыі набываюць палітычны сэнс»
R, незалежны эксперт:
— Венецыянская біенале «In Minor Keys» задумвалася куратаркай Коё Куо, дырэктаркай Zeitz MOCAA, як прастора ўважлівага слухання, эмпатыі і салідарнасці. Пасля яе смерці 10 мая 2025 года канцэпцыю ўвасобіла каманда супрацоўнікаў. Аднак гуманістычная праграма выставы ўвайшла ў супярэчнасць з допускам прадстаўніцтваў Расіі і Ізраіля. Крызіс закрануў межы мастацкай аўтаноміі і адказнасць інстытуцый: пяцёра членаў міжнароднага журы сышлі ў адстаўку, адмовіўшыся ацэньваць прадстаўніцтвы дзяржаў, на кіраўнікоў якіх выдадзены ордары Міжнароднага крымінальнага суда. Замена «Залатых львоў» галасаваннем публікі выклікала пратэст каля 40 павільёнаў і дзясяткаў мастакоў. Крызіс агаліў супярэчнасць паміж мастацтвам як крытычнай практыкай і артвошынгам.
Расійскі павільён «The Tree Rooted in the Sky», даступны толькі падчас перадпаказаў, нагадваў кветкавую краму з цыркавымі персанажамі, танцамі і канцэртамі; да бясплатнага бара стаялі чэргі. На пытанне «Чаму кветкі больш не пахнуць?» беларускія мастакі і актывісты адказалі акцыяй: разлівалі мачу па падлозе павільёна. Побач пратэставалі Pussy Riot і FEMEN.
Аднак крытыка дзяржаўнага прадстаўніцтва не павінна ператварацца ў адмаўленне права мастакоў на выказванне праз іх паходжанне. На гэтым фоне праект «Official. Unofficial. Belarus.» актуалізуе тэмы рэпрэсій, палітвязняў і незалежнай культуры.

Гісторыя беларускай прысутнасці ў Венецыі — ад выставы 2005 года з удзелам Руслана Вашкевіча, Ігара Цішына і Уладзіміра Цэслера і сімвалічнага «Беларускага павільёна 53-й Венецыянскай біенале» ў Мінску ў 2009-м да афіцыйных паказаў 2011, 2015, 2017 і 2019 гадоў — заўсёды суправаджалася спрэчкамі пра права рэпрэзентацыі. Пасля 2020 года яны набылі новую вастрыню.
У многіх краінах нацыянальныя прадстаўніцтвы вызначаюцца праз адкрытыя конкурсы, якія дазваляюць супаставіць розныя куратарскія і мастацкія канцэпцыі. Гэтым разам ініцыятыва зыходзіла з асяроддзя Belarus Free Theatre, якое распрацавала ўласную канцэпцыю і знайшло сродкі на яе рэалізацыю. Праект трапіў у афіцыйную Паралельную праграму ў выніку куратарскага адбору, аднак не з’яўляўся нацыянальным павільёнам Беларусі.
Куратаркамі выступілі Наталля Каляда і яе дачка Даніэла; сярод удзельнікаў — муж Наталлі, сузаснавальнік тэатра Мікалай Халезін. Гэта сведчыць пра магчымасці самаарганізацыі ў эміграцыі, але адначасова ставіць пытанні рэпрэзентатыўнасці і легітымацыі. Як адзначае Сяргей Шабохін у Reform.news, выстава апелюе найперш да тэатра і сцэнаграфіі. Святло, гук, пах і архітэктура касцёла аб’ядналі творы ў адзіную драматургію; аўтаркай шэрагу ключавых інсталяцый стала сама Даніэла Каляда.
Пытанне не ў правамернасці міждысцыплінарнасці, а ў тым, ці пакідае такая інсцэніроўка творам аўтаномію, а гледачу — свабоду інтэрпрэтацыі. Варта прызнаць арганізацыйныя намаганні стваральнікаў і важнасць міжнароднай увагі да Беларусі. Але ці магчыма асэнсаваць рэпрэсіі і выгнанне па-за звыклымі вобразамі пакуты і супраціву?
Біенале паказвае: прысутнасць, адсутнасць і сама форма рэпрэзентацыі набываюць палітычны сэнс. Крытычны патэнцыял мастацтва, аднак, пачынаецца там, дзе яно пераасэнсоўвае не толькі рэчаіснасць, але і ўласную мову, не зводзячыся да ілюстрацыі нават самых справядлівых ідэй.

«Праект пра тых, хто пазбаўлены голасу ў афіцыйнай Беларусі»
Вольга Архіпава, куратарка, мастацтвазнаўца. Працавала вядучай навуковай супрацоўніцай Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, куратарка шэрагу міжнародных выставачных праектаў беларускіх мастакоў у Еўропе (у тым ліку ў Варшаве і Познані).
— На мяне беларускі павільён зрабіў вельмі моцнае ўражанне. Перш за ўсё — сваёй эстэтычнай цэласнасцю: выбраная сакральная прастора арганічна суадносіцца з прадстаўленымі аб’ектамі і творамі мастацтва. Гэта прымушае наведвальніка разважаць над катэгорыямі сакральнага і прыватнага, мемарыяльнага і ахвярнага.
Спалучэнне мастацкіх стратэгій Сяргея Грыневіча і Уладзіміра Цэслера акцэнтуе разбурэнне мяжы паміж індывідуальным і грамадскім вопытам, узмацняючы тэму экзістэнцыяльнага існавання чалавека ў свеце татальнага назірання. Асобна варта адзначыць напружанне паміж бачным і нябачным. У праекце лёгка счытваюцца механізмы кантролю, вобразы множнасці, уніфікацыі і падпарадкавання. Аднак беларускае, нацыянальнае і індывідуальнае прысутнічае тут амаль нябачна — у выглядзе знакаў, алюзій і культурнай памяці. Магчыма, гэтыя коды не заўсёды будуць распазнаныя міжнародным гледачом, але яны вельмі выразныя для беларусаў. Беларуская мова тут не гучыць, а існуе як след, як прысутнасць — праз літары.
Металічныя павукі над іржавым полем нараджаюць цэлы спектр асацыяцый: ад вобразнага свету Караткевіча да дзяржаўнага культу «дажынак», «жніва», дзе традыцыя ператвараецца ў ідэалагічны інструмент. Асабліва цікавая дэканструкцыя сімвала «колас», які ў афіцыйным дыскурсе ўвасабляе народнае адзінства, дастатак і агульную працу. Аднак у кантэксце экспазіцыі ён можа чытацца як вобраз чалавека, якога сістэма імкнецца пазбавіць адметнасці і ператварыць у элемент агульнага поля. Так традыцыйны сімвал жыцця набывае амбівалентны характар і становіцца метафарай уніфікацыі, дзе рознасць успрымаецца як пагроза.
На мой погляд, праект сугучны агульнай канцэпцыі біенале, якая звяртаецца да таго, што застаецца па-за межамі афіцыйных наратываў і грамадскай бачнасці. У гэтым сэнсе беларускі павільён выявіўся вельмі нацыянальным. Менавіта беларускае грамадства апошніх гадоў набыло ўнікальны вопыт жыцця ў свеце паламаных сэнсаў, калі паняцці «экстрэміст», «тэрарыст», «патрыёт», «дом» або нават «свой і чужы» страцілі адназначнасць і сталі інструментамі палітычнай маніпуляцыі.
Праз мову мастацтва праект дэманструе, што такія катэгорыі, як традыцыя і ідэалогія, індывідуальнае і калектыўнае, нацыянальнае і ўніверсальнае, значна больш складаныя, чым здаюцца на першы погляд. Гэты праект дазволіў прагучаць тым, хто сёння пазбаўлены голасу ў афіцыйнай Беларусі. Нягледзячы на сваю мінімалістычнасць, ён канцэнтравана перадае моцны эмацыйны досвед. Створаная прастора не навязвае гледачу гатовых інтэрпрэтацый, а ўцягвае яго ў неспакойны і небяспечны свет, дзе нават самыя звыклыя сімвалы перастаюць быць адназначнымі і патрабуюць новага прачытання.

«Моцны павільён — гэта прадукт моцнага інстытуцыйнага асяроддзя»
Лена Прэнц, куратарка, гісторык мастацтва, арт-крытык. Узначальвала берлінскую галерэю сучаснага мастацтва Prater Galerie, сакуратарка міжнародных выставачных і даследчых праектаў пра сучаснае беларускае і ўсходнееўрапейскае мастацтва. Жыве і працуе ў Берліне.
— Поле пшаніцы, над ім — абстрагаваныя павукі з металу, на ўскрайку — астравок з маленькімі экранамі, на якіх мы бачым пляценне гэтых павукоў з саломы: так адкрываецца наведвальніку прастора беларускага павільёна, і гэтая прастора ўражвае. У параўнанні з многімі венецыянскімі цэрквамі Chiesa di San Giovanni Evangelista невысокая, яе бакавы неф, праз які мы трапляем у касцёл, — кампактная, інтымная, нават крыху ціснучая прастора. Апорныя калоны і чорныя падпоркі драўлянай бэлечнай столі літаральна вырастаюць з пшанічнага поля. Яго прапорцыі і вышыня каласоў ідэальна ўпісваюцца ў памяшканне, святло ўмела інсцэнуе гульню ценяў. Эксплікацыя цытуе Цэслера: «As Vladimir Tsesler reflects, the spiders are not only about Belarus. They form a universal image of how fragile structures of human life can be deformed by force». Нават і без гэтай цытаты крохкасць і недаўгавечнасць, меланхолія і пачуццё трывогі счытваюцца целам.
Пра другую частку павільёна нічога не скажу. Мне не блізкая эстэтыка гіпертрафіраванага сімвалізму — ні ў жывапісе, ні ў слове, ні ў манеры прэзентацыі. Хаця каляжанка з Грузіі, з якой я глядзела павільён, пакінула цалкам пахвальны водгук. На фоне невыразнага, па-вучнёўску ляпаватага і пазбаўленага ўсялякіх амбіцый грузінскага павільёна беларускі выглядае салідным «дзядзькам».
Аднак галоўная ахілесава пята беларускай прысутнасці на біенале ў Венецыі не ў параўнаннях. Якім бы беларускі павільён ні быў — як сёлета ў выглядзе палітычнага жэсту вядомых тэатральных дзеячаў і выдатных фандрэйзераў або ў нейкім іншым годзе як павільён, чые куратары былі б празрыста абраныя прафесійным асяроддзем, а мастакі былі б па-сапраўднаму ўкаранёныя ў сістэму сучаснага мастацтва, — ён усё адно застанецца павільёнам-аднадзёнкай.
Моцны павільён — гэта прадукт моцнага інстытуцыйнага асяроддзя асобна ўзятай краіны. У якой у ідэале дзяржаўныя структуры, рэнамаваныя арт-інстытуцыі і ініцыятывы, вядомыя ў міжнародным полі сучаснага мастацтва куратары і куратаркі, а таксама выдатна адукаваныя мастакі і мастачкі працуюць у шчыльным, узгодненым і дружным супрацоўніцтве. Ну, ці хаця б у прыязным. У якой музеі і цэнтры сучаснага мастацтва выгадавалі сваю публіку, і яна жвава цікавіцца, ездзіць паглядзець, абмяркоўвае, вучыцца і аргументавана гаворыць пра сучаснае мастацтва. У якой ёсць арт-крытыка і арт-крытыкі, чыёй думкі чакаюць і да яе прыслухоўваюцца. Таму маё пытанне прынцыповае: ці не варта нам прапусціць яшчэ некалькі біенале і ўсе свае сілы, уменні, веды, сродкі накіроўваць на ўстойлівае развіццё ўстойлівых моцных арганізацый сучаснага мастацтва, інфраструктур і сувязяў?

«Не пакідае адчуванне знаёмых, ужо бачаных раней элементаў і хадоў»
Андрэй Дурэйка, мастак, куратар, архівіст. Сябра экспертнай рады праекта «KALEKTAR / ZBOR», удзельнік і куратар шматлікіх міжнародных выстаў і арт-праектаў у Еўропе. Жыве ў Дзюсельдорфе.
— Я лічу, што рэалізацыя праекта «Official. Unofficial. Belarus» у межах 61-ай Венецыянскай біенале — гэта важкае дасягненне, бо па сутнасці быў створаны альтэрнатыўны нацыянальны павільён — насуперак шматгадоваму дзяржаўнаму ігнараванню і мноству перашкод. Ранейшыя спробы заснаваць альтэрнатыўны павільён, нягледзячы на асобныя ўдзелы беларускіх аўтараў, не давалі такіх маштабных вынікаў. У цэлым гэта паўнавартаснае мастацкае, тэматычнае і крытычнае выказванне.
Як гэта гучыць і выглядае — ужо іншае пытанне, безумоўна. Атмасфера тэатральнасці і бутафорыі ў нечым адпавядае агульнаму пахавальнаму «мінорнаму» трэнду і кветкаваму распаду сёлетняга біенале — і, верагодна, менавіта таму ідэя трапіла ў рэзананс і прайшла вялікі конкурсны адбор.
Спроба акумуляваць у адной прасторы розныя медыяльныя практыкі — ад традыцыйнага жывапісу і фалькларызаваных аб’ектаў да інтэрактыўных відэаінсталяцый — і імкненне выйсці за межы візуальнасці праз музыку, водар і нават смак — гэта ўсё яшчэ той самы працяглы спектакль Свабоднага тэатра. Паводле задумкі сцэнарыста, ён яшчэ далей разнясе актуальныя тэмы рэхам галасоў зорных акцёраў, але наўрад ці скажа нешта пра новыя формы.
Якой бы элегантнай ні была колеравая і смакавая нейтральнасць і няўлоўнасць аблаткі, створанай запрошаным кухарам, ад прычасця астатнімі аб’ектамі застаецца паслясмак стандарту і банальнасці. Падспудна, якімі б актуальнымі і смелымі ні здаваліся знакі кантэмпарары-цэнзуры і мадэрна-рэпрэсій «вялікага наглядчыка», таго і гэтага, не пакідае адчуванне знаёмых, ужо бачаных раней элементаў і хадоў.
Ці звязана гэта з доўгім шляхам і ўзростам прадстаўленых аўтараў, якія затрымаліся ў постмадэрнісцкай іроніі — калі ўжо не смешна, а сапраўдная вера так і не прыйшла? Ці гэта трагедыя інсцэніроўкі куратарскай ролі, за якой праступае другаснасць нагледжанасці і посттэатральная праекцыя аднаго жанру на іншы? Вынаходлівая гульня — гэта стратэгія, але не прэзентацыя ўлады мастацтва.
«Крок унутр страчаных свабод». Дэталі рэпрэзентацыі выкрываюць сапраўдную несвабоду, у якой знаходзіцца сённяшняе беларускае мастацтва. І звязана яна не столькі з палітычнымі рэпрэсіямі, колькі з падменай мастацкага тэматычным. Дэталі страшнейшыя за сведчанні камер назірання — яны і ёсць споведзь, без усмешкі. «Уваход» у рэтрансляцыю арт-рэальнасці.
Што палохае больш: алтар жаху ці карціна, якая ў XXI стагоддзі стаіць у раме на мальберце? Менавіта прысутнасць мальберта на біенале сучаснага мастацтва адганяе кожнага свабоднага духам далей за сярэднявечныя крыжы. Няздольнасць пазбавіцца ад пастаментаў не толькі адкідвае «аб’ект» у псеўдатрадыцыйную скульптурнасць, але і агаляе ўзровень рамяства. Мала нам коласаўскага віруса рэдзімэйда — мы яшчэ больш прысыпаем яго зямелькай натуралізму.

Ці варта выдаваць тэатральны рэквізіт, хай сабе і з выразнай метафарай, за аб’ект мастацтва? І яшчэ больш: давайце яшчэ больш карцін, каб тым, хто шукае дух часу, стаў відавочны перабор у пасьянсе. Можна і далей падкалваць і адшукваць рысы афіцыйнасці (Official) у павільёне. Бо люстраныя рысы сямейнасці пераследуюць і неафіцыйную арт-сцэну. А паўторнае прадстаўленне адных і тых жа беларускіх аўтараў ад першага да апошняга біенале наогул можа стаць «цудоўнай» традыцыяй, не абмежаванай толькі міністэрскай палітрай кандыдатаў. Як і неакансерватыўны фігуратыўны крэн — ці то да фальклорнага, ці то да сакральнага — сугучны беларускаму духу па абодва бакі бар’ера.
Аднак не варта ігнараваць хай і такую, але адметнасць і самастойнасць, выразна адрозную па форме, стратэгіі і рэалізацыі ад нашых бліжэйшых суседзяў — украінцаў, палякаў і расіян. І гэта шмат значыць для прасоўвання іміджу незалежнай беларускай культуры.
А ў будучыні ніхто не забараняе ўдзельнічаць у адкрытым конкурсе новаму пакаленню беларускага мастацтва, якое, верагодна, здолее быць больш дзёрзкім і сугучным нерву і духу часу.
«Візуальныя вобразы вышэйшай выразнасці»
Слава Маркавіч, куратарка, арт-крытык (аўтарка выкарыстоўвае псеўданім).
— У мяне ёсць некалькі меркаванняў наконт беларускага павільёна ў Венецыі. Тэарэтычных, на жаль, бо я яго не паглядзела. Апраўданнем служыць толькі той факт, што я бачыла шмат біенале апошніх 15 гадоў, у тым ліку архітэктурныя. І, напэўна, усе беларускія павільёны, за выключэннем самага першага праекту, які падрыхтаваў італьянскі куратар.
Царква Сан-Джавані Эвангеліста — прастора настолькі актыўная, што разгарнуць яе, раскрыць неверагодна складана. Практычна нерэальна, а максімум, які магчымы, – не спрачацца, а паспрабаваць знайсці агульную танальнасць, рытм. Мне даводзілася слухаць тут музыку: спачатку гэта было нешта венецыянскае, потым надвенецыянскае, потым па-за месцам і часам.
Таму і зараз, рызыкуючы праваліцца ў завочную палеміку, упэўнена, што толькі маштабныя, моцныя аб’екты тут арганічныя. Нават калі 42 тысячы ручных каласкоў здаюцца камусьці банальнымі, яны дарэчныя. І ўся экспазіцыя павінна быць глядацкай, у чым не адмовіш магутным аб’ектам Цэслера і жывапісу Грыневіча.
Чаму не, калі гаворка ідзе пра біенале, дзе цябе павінна ўбачыць шматаблічная і рознамоўная маса людзей на працягу паўгода? (У 2024-м было прададзена каля 700 000 квіткоў і яшчэ 30 000 чалавек наведалі прэв’ю). Гэта не (прыўкрасная) хіпсцерская вечарына, тут ва ўсім маштаб іншы.

У пэўным сэнсе, гэта можна параўнаць з добрым глядацкім фільмам, калі вы сапраўды ведаеце, што гэта аўтарскі кінематограф, але сюжэт і выявы настолькі моцныя, што іх не могуць не адзначыць ні адмыслоўцы, ні масавы глядач. А з цягам часу фільм толькі набірае аўдыторыю.
Хто, як не каманда з тэатральным досведам, добра разумее і ўмее працаваць з прасторай? Будзем сумленныя: мы ўсё, тым больш у такой складанай і адказнай сітуацыі, прыцягваем усе свае напрацоўкі, тэорыю і досвед, кантакты і навыкі, усе магчымыя прылады, каб падрыхтаваць новы, амбіцыйны выхад, прарыў, заяву.
Сцэнаграфія? Але гэта натуральна, і было б дзіўна, калі б у тэатральнай каманды быў падыход як у спартовай, а ў спартовай як у акадэмічнай. Таму залучаныя не толькі музыка Вольгі Падгайскай, але і пахі, смакі, – усе сэнсарныя каналы пагружэння, уцягвання глядачоў у ідэі куратараў. Напоўніць усю прастору, не спрачацца з ёй, а выкарыстоўваць усе магчымасці агульнай працы — у тым ліку, галасы сусветных селебрыці. Стывен Фрай, Джудзі Лоў, Джыліян Андэрсан – хтосьці мог пра гэта хаця б марыць? Атрымалася вынаходліва, але трэнд цалкам папулярны і зразумелы (медыйнасць, мультыдысцыплінарнасць, перфарматыўнасць і гэтак далей).
Гэта пра падыход, рэпрэзентацыю, пра якую спрачаюцца. Мне было б цікава іншае: змест і яго апісанне, ідэі, якія сапраўды трэба абмяркоўваць на новай мове. Бо пачаўся новы час. Тое, што зараз называюць «пошукам мовы апісання», з майго пункту гледжання, таксама натуральная неабходнасць, прычым для многіх гуманітарных дысцыплін. Апісанні існуючай рэальнасці, уяўнай рэальнасці, страчанай, шмат у чым згубілі ранейшыя значэнні. Якім будзе актуальны паняційны апарат, з дакладнасцю, з асэнсаваннем нашых рэалій? Спадзяюся, беларускі павільён дапаможа ў гэтым пошуку.
І яшчэ. Візуальныя вобразы вышэйшай выразнасці (адзін крыж з камерамі назірання чаго варты) сведчаць пра тое, што ў мастакоў ёсць сваё бачанне калі не будучыні, то агульных каштоўнасцяў, сённяшніх і заўтрашніх. А у нас, глядачоў? Бачанне будучыні і разуменне бягучых падзей – мастацтва рухаецца гэтым шляхам, і глядачы, у тым ліку свае, беларусы, таксама ў працэсе пошуку. Спадзяюся, ён працягваецца. Мне, дарэчы, спадабалася, што ў праекце няма прамых адсылак да гісторыі, свайго роду фільтраў, якія трэба выкарыстоўваць для інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў. Сто адценняў, здагадак, бясконцы зварот да мінулага. Яснасць, дакладнасць, нерв сэнсаў, на маю думку, зараз важней.

«Хто каго прадстаўляе і як размяркоўваюцца рэсурсы?»
Даследчыца з Цурыху:
— Праект Беларускага свабоднага тэатра ў Венецыі можна і, я б сказала, трэба абмяркоўваць з розных пунктаў гледжання. Аднак я хацела б спыніцца на некалькіх ключавых аспектах.
Першае — гэта пытанне рэпрэзентацыі і таго, хто і ад чыйго імя гаворыць. Гісторыя беларускіх павільёнаў у Венецыі доўгая і насычаная, але выглядае на тое, што Беларускі свабодны тэатр нават не спрабаваў пра яе даведацца, бо пазіцыянуе свой праект як першы. Тым часам яшчэ ў 2005 годзе каманда італьянцаў арганізавала падобную неафіцыйную выставу, дзе паказалі працы Ізраіля Басава, Леаніда Хобатава, Валерыя Шкарубы, Ігара Цішына, Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі, Руслана Вашкевіча, Наталлі Залознай і Андрэя Задорына. Нягледзячы на тое, што гэта быў беларускі праект, ён не прэтэндаваў на рэпрэзентацыю ўсяго мастацкага поля. Хутчэй, гэта быў своеасаблівы дыпламатычны жэст, бо сярод куратарскай каманды і на адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі афіцыйных культурных устаноў. Афіцыйны ж беларускі нацыянальны павільён з’явіўся ў Венецыі толькі ў 2011 годзе — як вынік шматгадовых дыскусій і супрацьстаяння паміж альтэрнатыўнымі мастацкімі коламі Беларусі і Міністэрствам культуры. Дарэчы, тыя павільёны потым таксама крытыкавалі, як і мастакоў, якія пагаджаліся ў іх удзельнічаць, бо, зразумела, дзяржаўныя праекты не адпавядалі — ні канцэптуальна, ні палітычна — той пазіцыі, якую адстойвала незалежная беларуская супольнасць. Тым не менш гэтая крытыка, як і дзейнасць Міністэрства культуры, была часткай агульнага дыскурсу.
Гэтым жа разам Беларускі свабодны тэатр не проста сказаў: «Мы знайшлі грошы і робім выставу», — яны заявілі, што прадстаўляюць «неафіцыйную Беларусь». Ужо сама гэтая дыхатамія — афіцыйная і неафіцыйная Беларусь — закладзена ў назве праекта. То-бок прэтэнзія менавіта на рэпрэзентацыю відавочная. На адкрыццё запрасілі ў тым ліку тых, хто так ці інакш палітычна асацыюецца з гэтай «неафіцыйнай Беларуссю», хаця і тут узнікае мноства пытанняў — а дзе, напрыклад, актывісцкая супольнасць? Тым больш што на выставе гучаць сведчанні палітычных вязняў. Гэта яшчэ адна асобная тэма для абмеркавання.
І менавіта ў гэтым моманце выяўляецца глыбіннае неразуменне стваральнікамі таго, як сёння функцыянуе не толькі поле сучаснага мастацтва, але і культурны, палітычны ды сацыяльны дыскурс у цэлым.

За апошнія дзесяцігоддзі — асабліва пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, хоць пачалося гэта раней, у тым ліку ва Украіне пасля 2014 года — вельмі прыкметна разгарнуўся дыскурс дэкаланіяльнасці. У яго межах пытанні пра тое, хто і ад чыйго імя кажа, хто каго прадстаўляе, як размяркоўваюцца рэсурсы, як пазбегнуць эксплуатацыі і «экзатызацыі» пакут (напрыклад, досведу палітычных вязняў), з’яўляюцца не проста фармальнымі, а цэнтральнымі. Таму паўстае цалкам заканамернае пытанне: на якой падставе Беларускі свабодны тэатр узяў на сябе права гэтага голасу? Хто яго дэлегаваў? Хто браў удзел у прыняцці рашэнняў? Ці прадстаўлена «неафіцыйная Беларусь» як разнастайная прастора? Які ўвогуле мэсэдж, акрамя ўжо вядомага наратыву пра «апошнюю дыктатуру», транслюе праект і як ён упісваецца ў глабальны кантэкст? Усе гэтыя моманты, відавочна, правісаюць.
Другі момант, які я хацела б адзначыць, — гэта размеркаванне рэсурсаў і тое, як наладжаны ўдзел розных актараў у гэтым праекце. Прыцягненне сусветна вядомых асобаў стала адным з цэнтральных элементаў медыйнага пазіцыянавання выставы: сведчанні палітвязняў зачытваюць Стывен Фрай і Джыліян Андэрсан. Я магу ўявіць, што ўдзел знакамітых акцёраў быў з іх боку жэстам салідарнасці, дабрачыннасці, унёскам у барацьбу супраць прыгнёту і за правы чалавека — сусветныя зоркі нярэдка далучаюцца да падобных кампаній менавіта на такіх умовах. Але ці быў такім жа жэстам дабрачыннасці ўдзел дацкага шэф-кухара Расмуса Мунка, напрыклад? Іншымі словамі, паўстае пытанне: ці атрымалі беларускія ўдзельнікі і ўдзельніцы праекта — мастакі і кампазітарка — такія ж ганарары, як і запрошаныя зоркі? Гэта прынцыпова важна, калі мы гаворым пра рэпрэзентацыю супольнасці ў кантэксце дэкаланіяльнасці. Бо вельмі часта тыя, ад чыйго імя гавораць, аказваюцца на валанцёрскіх умовах і мусяць яшчэ быць удзячнымі за саму магчымасць удзелу. У выніку яны не маюць доступу да размеркавання рэсурсу — ні матэрыяльнага, ні эпістэмалагічнага.

«Поўныя жаху вочы маці з карціны Грыневіча дагэтуль стаяць перада мной»
Вольга Кліп, мастацтвазнаўца, куратарка, культурная менеджарка. Куратарка шэрагу выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой, ментарка для мастакоў, мадэратарка і каардынатарка візуальнай панэлі Першага кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі (2023). Жыве і працуе ў Варшаве.
— У 2023 годзе, падчас арганізацыі Кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі, я ініцыявала дыскусію: ці патрэбнае беларускаму мастацтву незалежнае прадстаўніцтва на Венецыянскім біенале? Я заўсёды была перакананая, што беларускія мастакі павінны быць прадстаўленыя на адным з галоўных міжнародных арт-форумаў, таму навіна пра незалежны беларускі павільён мяне бязмежна ўзрадавала. Само ягонае з’яўленне — гэта ўжо добра.
Я трапіла на выставу толькі ў лістападзе, незадоўга да закрыцця. Дагэтуль бачыла фрагменты экспазіцыі толькі на фотаздымках і не бралася меркаваць пра мастацкае выказванне ці куратарскую працу. Я вельмі цаню жывапіс Сяргея Грыневіча і творы Уладзіміра Цэслера, але шматслойнасць і багацце аб’ектаў на здымках часам мяне палохалі.
Непасрэднае знаёмства з выставай змяніла гэтае ўражанне.
Экспазіцыя пераканаўча працуе з барочнай прасторай касцёла і трапна выказваецца на заяўленую тэму: Беларускі свабодны тэатр нагадвае, што палітычная сітуацыя ў Беларусі паступова адыходзіць на другі план сусветнага парадку дня на фоне глабальных узрушэнняў — хоць колькасць палітвязняў расце, усё больш людзей, у тым ліку мастакоў, апынаецца ў эміграцыі, а творчыя галасы ўнутры краіны сыходзяць у падполле або змаўкаюць. І для мяне важна, што гэтую тэму падхапіла міжнародная арт-прэса.

Рыхтуючы гэтую нататку, я вывучала замежныя публікацыі пра беларускі павільён. І да сваёй радасці — хоць і без асаблівага здзіўлення — выявіла, што Беларусь і беларускае мастацтва сапраўды прагучалі ў сусветных медыя, прычым не толькі ў інфармацыйных паведамленнях, але і ў змястоўных крытычных нарысах. Безумоўна, гэта заслуга не аднаго толькі факта прысутнасці на Венецыянскім біенале, але і велізарнай працы, праведзенай Беларускім свабодным тэатрам.
Аднак пераканаўчасць выставы як цэлага не здымае пытання пра месца ў ёй асобных мастацкіх твораў. Тэатральнасць для праекта Беларускага свабоднага тэатра цалкам заканамерная, але тут сцэнаграфія настолькі выразная, што часам пачынае супернічаць з працамі запрошаных аўтараў. Творы Грыневіча і Цэслера нібыта змешчаныя ў раскошную барочную раму — пазалочаную, з вензелямі, настолькі пышную, што за ёй часам губляюцца самі работы.
Крыж з камерамі назірання, спавядальня з маніторамі, велізарнае поле каласоў шмат у чым вызначаюць візуальную драматургію выставы. На фоне поля мінімалістычныя металічныя «павукі» Цэслера адыходзяць на другі план, а жывапіснае поле Грыневіча становіцца лагічным працягам прасторавай інсталяцыі. Кропкавае святло выхоплівае з касцельнага паўзмроку позіркі персанажаў яго карцін, узмацняючы драматычнае ўздзеянне. Так творы мастакоў уплятаюцца ў агульную сцэнаграфію, часткова губляючы сваю самастойнасць. Пры гэтым, насуперак сцэнаграфічнай раскошы, поўныя жаху вочы маці з карціны Грыневіча дагэтуль стаяць перада мной.

«Салідарнасць — гэта не толькі тэма, а як мы заўважаем адно аднаго»
Сафія Садоўская, мастацтвазнаўца, куратарка. Працавала ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Займаецца міждысцыплінарнымі праектамі на стыку мастацтва і экалогіі.
— Прысутнасць беларускай тэмы на Біенале вельмі важная. Мяркуючы па рэзанансе, выстава сапраўды змагла прыцягнуць увагу міжнароднай аўдыторыі да сітуацыі ў Беларусі. Выйшлі публікацыі ў буйных медыя, пра праект гавораць, гісторыі беларусаў зноў прагучалі на міжнародным узроўні.
Але далей пачынаецца больш складаная размова. Выстава пазіцыянуецца як незалежны павільён Беларусі. А павільён у гэтым кантэксце — гэта заўсёды больш, чым проста выстава, гэта прадстаўніцтва краіны і прафесійнай супольнасці. І вось тут можна задаць пытанні: хто гаворыць? Ад чыіх імя? І чаму менавіта гэты голас, гэтая оптыка, гэты адбор мастакоў?
Гэта адчувальная тэма. Таму што ў нас няма дзяржавы, якая б прадстаўляла незалежную культуру, многія інстытуцыі разбураныя або знаходзяцца ў эміграцыі, а сама прафесійная супольнасць рассеяная па розных краінах. І пры гэтым яна існуе — вялікая, актыўная, з назапашанымі ведамі: Архіў «Калектар», штоквартальныя даследаванні Андрэя Дурэйкі пра мастакоў у выгнанні, праца Амбасады Культуры, праекта Chrysalis Mag, ФШ1, конкурс PhotoArtDoc, агляды на Reform.news, куратарскія праекты Антаніны Сцебур, Аляксея Барысёнка, Ганны Карпенкі, Тані Арцімовіч, Веры Залуцкай, Ірыны Кандраценка, Уладзіміра Грамовіча і многіх іншых. Я цяпер пішу магістарскую працу і зрабіла мэпінг беларускіх сучасных мастакоў, якія жывуць і працуюць у выгнанні — у ім больш за сто імёнаў розных пакаленняў. Многія з гэтых мастакоў актыўна выстаўляюцца, перамагаюць на розных еўрапейскіх конкурсах і часта прадстаўляюцца ўжо іншымі краінамі.
У гэтай сітуацыі асабліва важныя праекты, якія выкарыстоўваюць калектыўныя формы існавання і рэпрэзентацыі ў новых умовах — Antiwarcoalition, «Кожны дзень», «ZBOR» і іншыя ініцыятывы. Яны паказваюць, што сістэмны і салідарны падыход магчымы. Ён дазваляе гаварыць разам, а не гаварыць за. Салідарнасць — гэта не толькі тэма, але, што важней, гэта спосаб, практыка, гэта тое, як мы будуем працэсы, як улічваем існуючыя экспертызы, як заўважаем адно аднаго. Мне здаецца, менавіта з гэтай практыкі з’яўляецца магчымасць і права прадстаўляць прафесійную супольнасць на міжнароднай падзеі і называцца «незалежным беларускім нацыянальным павільёнам».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
