Як гэта зроблена і што рыхтуе юбілейны пяты кінафестываль «Паўночнае ззянне»

Даведаліся ад каманды арганізатараў фестываля.

У траўні ў Мінску пройдзе ўжо пяты Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». 19 красавіка ў Прэс-клубе адбылася адкрытая лятучка з камандай фестываля, дзе арганізатары расказалі, якім чынам ім удалося стварыць і пяты год удаецца праводзіць адну з найцікавейшых беларускіх кінападзей.

Пяць гадоў таму, кажа дырэктарка фестываля Воля Чайкоўская, усё пачыналася як аднаразовы праект. У той момант Воля, якая шмат пісала пра кіно і даўно была «ў тэме», хацела перайсці ад выключна журналісцкай дзейнасці да чагосьці іншага.

— І тут я атрымала прапанову ад офіса пасольства Фінляндыі ў Беларусі дапамагчы з каардынацыяй праграмы нардычнага кіно. Гэта мусіла быць аднаразовая праграма, панарама сямі фільмаў з пяці краін — Фінляндыі, Швецыі, Даніі, Нарвегіі, Ісландыі. Рабілася ўсё амаль «на каленцы», было мала перакладчыкаў… Але атрымалася класна, быў вялікі попыт ў аўдыторыі, і мы з нашым галоўным партнёрам, офісам Савета міністраў Паўночных краін у Літве, вырашылі працягнуць. І вось працягваем ужо пяць гадоў – фестываль расце, каманда расце, растуць канцэпцыі і ідэі, — расказвае стваральніца «Паўночнага ззяння».

З сямі фільмаў у першы год фестываль дарос ужо да 18-ці стужак са Скандынавіі і Балтыі – і гэта толькі ў асноўнай праграме. Сярод іх і гульнявыя фільмы – у тым ліку ўпершыню грэнландскі, і дакументальныя. Акрамя таго, гледачоў чакае рэтраспектыва дакументальнага кіно латвійскай рэжысёркі Лайлы Пакальніня, дзіцячая праграма «Ззя-kids», сустрэчы з замежнымі рэжысёрамі, акторамі, экспертамі, дыскусія пра сузалежнасць, майстар-класы і нават сферычнае кіно ў планетарыі – вядома ж, пра паўночнае ззянне. Поўную праграму фестываля можна паглядзець тут.

Што ж тычыцца каманды, то сёння ўсёй арганізацыяй фестываля займаецца каля тузіна чалавек. Яны прыйшлі да гэтага рознымі шляхамі: хтосьці «стаяў ля вытокаў», а іншы працуе першы год, хтосьці быў валанцёрам і атрымаў запрашэнне далучыцца, кагосьці як добрых прафесіяналаў прывялі сябры. Цяпер любоў да паўночнага кіно і кінамастацтва наогул, жаданне ствараць новае і адкрываць іншым новыя вуглы зроку дазваляюць ім зладжана працаваць разам, ствараючы ў выніку незвычайны для Беларусі прадукт.

Дырэктарка кінафестываля «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская расказвае пра няпросты шлях фільмаў да гледача. Фота reform.by

Пачынаецца ўсё з падбору фільмаў – гэтым займаецца Воля Чайкоўская, дапамагаюць сябры-кінакрытыкі. У асноўным цікавыя стужкі знаходзяцца ў праграмах розных еўрапейскіх фестываляў – усе яны становяцца прэм’ерамі ў Беларусі. Калі фільм выбраны, трэба дамовіцца пра яго выкарыстанне з замежным праваўладальнікам. Калі аплочаная і атрыманая фільмакопія, ёй ужо можа займацца каманда перакладчыкаў і тэхнічных спецыялістаў. Разам з гэтым неабходна атрымаць для кожнага фільма ўзроставае абмежаванне – гэтым займаецца Дзяржрэгістр. Пакуль дакумент аб прысваенні ўзроставай катэгорыі не атрыманы, фільм не можа трапіць у кінатэатры, на яго нельга прадаваць квіткі.

— Мы перадаем Дзяржрэгістру закрытую спасылку ад праваўладальніка на прагляд фільма, каб з ім можна было азнаёміцца. Але праблема ў тым, што ў Дзяржрэгістры не вельмі любяць глядзець фільмы без перакладу ці хаця б субтытраў – хаця ўсе фільмы на розных мовах, якія мы перадаем, маюць англійскія субтытры, — тлумачыць намеснік дырэктара Уладзь Богдан. – Гэта замкнёнае кола, бо тэарэтычна нам могуць не дазволіць потым паказваць фільм, і таму не хочацца спачатку марнаваць сілы на выраб беларускіх субтытраў, але без перакладу дазвол не атрымаць.

Аднак на практыцы, кажа Уладзь, нават калі па нейкім фільме ўзнікаюць праблемы, у выніку ўсё адно атрымліваецца пра яго дамовіцца. Так, напрыклад, было сёлета з дацкім фільмам «Вакацыі» на тэму гвалту і сузалежных адносінаў: яму нават давялося прайсці камісію па супрацьдзеянні прапагандзе парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. У выніку дазвол усё ж атрыманы.

— Мы зразумелі, чаму ім так прынцыповы пераклад (хаця спецыялісты Дзяржрэгістра і могуць ведаць англійскую): ім важна ўбачыць, якім чынам мы будзем перадаваць нецэнзурную лаянку, — смяецца Уладзь.

Таму пакуль так і працуюць: калі зроблены субтытры, фільм перадаецца ў Дзяржрэгістр, там прымаюць рашэнне і выдаюць дазвол з узроставым абмежаваннем, пасля рыхтуецца фінальны пакет дакументаў для кожнага фільма, усё гэта аддаецца ў кінавідэапракат – і толькі потым кіно бачыць глядач. Сёлета на ўсе працэдуры для 18 фільмаў спатрэбілася больш за два месяцы.

Каманда кінафестываля «Паўночнае ззянне» — усяго каля тузіна чалавек (на адкрытую лятучку 18 красавіка прыйсці змаглі, канечне, не ўсе). Фота reform.by

Паралельна з гэтым працуе ўся астатняя каманда: гэта выпрацоўка канцэпцыі, візуальнага стылю, перамовы і пошук партнёраў, выраб промапрадукцыі, кампаніі ў медыя і сацыяльных сетках, праца з валанцёрамі.

Апошнія далучаюцца ў асноўным на этапе фінальнай падрыхтоўкі і правядзення самога фестываля. І іх больш з кожным годам. Сёлета, напрыклад, на вокліч стаць валанцёрамі адгукнулася 352 чалавекі – збор заявак нават давялося дачасна закрыць. Пасля гэтага з ахвотнымі правялі тры сесіі суразмоваў. Крытэрыі адбору – веданне беларускай (гэта асноўная мова фестываля) і англійскай (бо многа замежных гасцей), камунікабельнасць, актыўнасць. Але часам, адзначае каардынатарка валанцёраў Воля Нелюбовіч, дастаткова адной натхнёнасці ідэяй і гатоўнасці дапамагаць. Таму для ўсіх, хто хоча паўдзельнічаць у фестывальным руху, рэцэпт адзін: не прапускаць у сацсетках абвесткі аб пачатку набору валанцёраў.

Разынка сёлетняга юбілейнага фестываля – новы слоган «Усё магчыма» і яркая візуальная канцэпцыя. «Мы сцвярджаем, што магчыма рабіць незалежны кінафестываль у Беларусі ўжо 5 гадоў, размаўляць адкрыта на складаныя тэмы, знаходзіць рашэнні канфліктаў, весці дыскусію з пазіцыі win-win і паважаць адзін аднаго – усё магчыма!» — так тлумачаць арганізатары слоган. Асновай новага стылю стала адкрытая далонь – гэта і юбілейная пяцёрка, і «дай пяць», і сімвал адкрытасці і шчырасці. «Усё ў тваіх руках» – менавіта гэта ілюструе промаролік фестываля, дзе ў фокусе – жэсты.

— Раней мадэлямі для прома звычайна былі людзі з каманды і знаёмыя, а сёлета мы паспрабавалі запрасіць селебрыці, — кажа Воля Чайкоўская. – Гэта не проста выпадковыя людзі, а асобы, якія з’яўляюцца прыкладамі таго, што ўсё магчыма.

У роліку і для постэраў зняліся знакавыя асобы Беларусі: культавы музыка Лявон Вольскі, легендарны дызайнер Уладзімір Цэслер, рэжысёрка Дар’я Жук, чый фільм «Крышталь» быў намінаваны на Оскар, звышпаспяховы IT-бізнесмен Віктар Пракапеня і Міс свету на вазку Аляксандра Чычыкава.

— Мы доўга падбіралі людзей, якія будуць тварамі фестываля, дамаўляліся. Замахваліся, канечне, вельмі добра, — са смехам прызнаецца крэатыўны дырэктар Антон Мех. – Але, сапраўды, ўсё магчыма, і я лічу, што вынік атрымаўся вельмі добры.

Галоўны вынік працы каманды ацэнім на фестывалі. Ён адбудзецца 10-17 мая, асноўная пляцоўка – кінатэатр «Мір».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!