Падчас запісу альбома «Whisper». Фота: facebook.com/Port.Mone.Trio
Сёння выйшаў альбом «Whisper» беларускага гурта Port Mone. «Неверагодна прыгожая паштоўка з іншага вымярэння, імпрэсіянісцкая карціна, якую намалявалі не фарбамі, а гукам, — апісвае альбом аўтар тэлеграм-канала «Беларуская музыка». — Шэпт беларускіх вятроў і вітальная энергія сонца, магія музычнай медытацыі ў мінімалістычным сэтынгу — усё гэта Whisper».
Дарэчы, папярэдні альбом гурта беларускія музычныя журналісты назвалі найлепшым альбомам дзесяцігоддзя ў айчынная музыцы. Новы альбом музыканты запісвалі з дапамогай узнаўляльных крыніц энергіі: сонечных батарэй ці ветравых станцый. У пошуку прыдатных для запісу лакацый музыкі праехалі па Беларусі каля трох тысяч кіламетраў і абралі дзве пляцоўкі: сонечны парк у Рудашанах і ветрапарк каля вёскі Пудоўня ў Магілёўскай вобласці. Каб уплесці ў музычную тканіну жывую акустыку месца, у кожнай лакацыі выставілі дзясяткі мікрафонаў, запісваючы не толькі інструменты, але і «спагадлівую навакольную прастору».
«Гэта запіс быў зроблены дзякуючы сіле беларускай прыроды. Калі вы будзеце слухаць альбом, уявіце сабе: вось яго рухае вецер, а вось зараджае сонца — так будзе прасцей зразумець моц гэтага запісу», — піша аўтар «Беларускай музыкі».
«Быць часткай нечага большага значна складаней, чым проста быць», — нагадваюць музыкі ў сацсетках і адзначаюць, што, магчыма, гэта апошні альбом Port Mone trio: «Мінула шмат гадоў і падзей, свет змяніўся, нас раздзялілі межы, і мы ўжо не існуем у тым выглядзе, у якім існавалі калісьці. Магчыма, пройдзе час, і мы яшчэ дзеля чагосьці аб’яднаемся, але пакуль – чакайце «Whisper», каб паслухаць анлайн або прыдбаць вініл у сваю калекцыю».
На вокладцы альбома змешчаны фрагмент жывапіснай працы Лявона Тарасэвіча.
Слухаць альбом можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram