На 94-м годзе жыцця памёр вядомы ўкраінскі паэт, грамадска-палітычны дзеяч, Герой Украіны Дмытро Паўлычка, паведаміла «Украінская праўда».
Яго песня «Два кольори» стала народнай.
Дмытро Паўлычка нарадзіўся ў 1929 годзе на тэрыторыі цяперашняй Івана-Франкоўскай вобласці (у той час Польшча). У 1945 годзе ваяваў у складзе Украінскай паўстанцкай арміі, быў на 8 месяцаў зняволены савецкай уладай.
З часоў перабудовы актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, заўсёды падтрымліваў нацыянальныя сілы.
Пераклаў на ўкраінскую мову творы Я. Купалы, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна ды інш.
Рыгор Барадулін прысвяціў украінскаму паэту верш:
ДЗМІТРУ ПАЎЛЫЧКУ
Сплыве па Дняпры
Набрыдзь,
Навалач,
Хлюсь.
Майдан праз вякі
Прывітае быліна.
Не схіліць чало
Спадарыня Беларусь,
Незалежная, як жыццё,
Нэнька Украіна.
1.ІІ.2014
Дмытро Паўлычка
Сутнасць
Тры дошкі знойдуцца мне на труну
Так, як знайшліся колісь на калыску,
Але калыска засталася людзям,
А дамавіна будзе толькі мне.
І словы знойдуцца на смутак мой
Так, як знайшліся для вясёлай песні.
Ды ці прымаюць гэту песню людзі?
Ды ці памрэ са мной мая туга?
Бо гэта надта цяжка – скласці песню,
Што, як калыска, з роду ў род ідзе,
Ад маміных вачэй да зор гайдае.
Бо надта ж цяжка – плакаць на самоце
І зберагчы ў душы сваю журботу
Такою ж непрытворнаю, як смерць.
Пераклаў з украінскай Ніл Гілевіч
***
Дзе вуллі пад назіркам аблачын,
Прылёг мой дзед на схіле дня.
І лазяць пчолы між яго маршчын,
Як па патрэсканым зрэзе пня.
І лазяць пчолы між яго павек,
А ён ляжыць, за дзьмухаўцоў сівей.
Здаецца, вочы яго навек
Зашыты белай ніткаю вей.
Не варухнецца яго рукаў,
Хай пчолы ўзятак бяруць як след.
Мой дзед да смерці сваёй звыкаў,
Як звыкае да славы паэт.
Пераклаў з украінскай Міхась Скобла