Памёр патрыярх беларускай дыяспары Вітаўт Кіпель

Вітаўт Кіпель (30.05.1927 — 03.12.2022) быў грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам і адным з арганізатараў і каардынатараў беларускага нацыянальнага руху ў ЗША. З 1982 года ўзначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтваў у Нью-Ёрку, быў ініцыятарам і фундатарам інстытуцкіх выданняў, аўтарам шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у тым ліку артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях.

Вітаўт Кіпель нарадзіўся ў Менску ў сям’і працаўніка Інбелкульта Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай. Пасля арышту бацькі па справе Саюза вызвалення Беларусі жыў у выгнанні ў Расіі. Па вызваленні бацькі з ГУЛАГу сям’я вярнулася ў Мінск і эмігравала ў Германію. Спадар Вітаўт стаў арганізатарам беларускага моладзевага скаўцкага руху ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. У 1953 г. скончыў Лювэнскі ўніверсітэт у Бельгіі і атрымаў ступень доктара ў мінералогіі.

З 1955 г. у ЗША, некалькі дзясяткаў год працаваў як навукоўца ў знакамітай Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, разам з жонкай Зорай сабраў і апісаў беларускія выданні ў адмысловую калекцыю, што сталася потым асновай іх унікальнага бібліяграфічнага даведніка Belarusian Publishing in the West.

Быў прыкметным дзеячам рэспубліканскай партыі. 1972 г. у Вашынгтоне абраны намеснікам старшыні Нацыянальнай канфедэрацыі амерыканскіх этнічных груп. У 1975 г. узнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра. У 1978–1982 гг. – старшыня Этнічнай Рады штата Нью-Джэрсі.

З 1982 года ўзначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтваў. Выдаў кнігу “Беларусы ў ЗША”, якая вытрымала некалькі перавыданняў, а таксама кнігу ўспамінаў “Жыць і дзеіць”.

Цягам апошніх чатырох дзесяцігоддзяў Вітаўт Кіпель курыраваў і ў тым ліку фундаваў даследаванні беларускай эміграцыі, новыя кнігі, выданні твораў пісьменнікаў дыяспары, выдавецкія серыі. Быў ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-Цэнтру, сябрам Вялікай рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Вітаўт Кіпель быў канстантай беларускага руху. Пасля смерці такіх людзей звычайна гавораць: сыходзіць эпоха. Таму ў сацсетках яго згадваюць праз змястоўныя сімвалічныя фразы: чалавек-глыба, вялікі беларус, амбасадар нашай культуры на Захадзе, выдатны вучоны і літаратар, сведка цэлай эпохі, “кніжны” чалавек, што захоўваў і нястомна ствараў беларускую навуковую і кніжную прастору несавецкае традыцыі.

Генадзь Бураўкін некалі сказаў, што без такіх людзей, як Вітаўт Кіпель, цяжка ўявіць беларускую справу.

Інфармацыю пра час і месца развітання і пахавання паведамяць пазней.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!