Памёр Марцін Пар — фатограф, які навучыў свет смяяцца з сябе. На пачатку 2010-х творца наведаў і выстаўляўся ў Мінску

На 74-м годзе жыцця памёр сусветна вядомы брытанскі фатограф-дакументаліст, член агенцтва Magnum Photos, Марцін Пар (Martin Parr). Пра яго смерць паведаміла Martin Parr Foundation. Смерць выбітнага мастака стала велізарнай стратай для сусветнай арт-супольнасці.

Марцін Пар увайшоў у гісторыю фатаграфіі як майстар сатырычнага, яркага і дэталёвага дакументалізму, які змяніў уяўленне пра жанр.

Творца быў вядомы тым, што адышоў ад традыцыйнай чорна-белай дакументалістыкі, выкарыстоўваючы насычаныя колеры і ўспышку. Ён фіксаваў феномен масавага турызму, глабалізму, спажывецтва і звычайны побыт, знаходзячы ў іх абсурднае і смешнае.

Найвядомыя серыя фатоаграфа — The Last Resort, Small World, Common Sense, British Food — навучылі цэлае пакаленне фатографаў паказваць рэчаіснасць не толькі з жалем, але і з іроніяй, пакінуўшы невычэрпную спадчыну ў візуальнай культуры.

Марцін Пар, з серыі Small World. 1990 год.
Марцін Пар, з серыі The Last Resort.
Марцін Пар. З серыі The Last Resort.1985 год.

Важна адзначыць, што ў 2014 годзе Марцін Пар наведваў Мінск у якасці спецыяльнага госця фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску» па запрашэнні куратара падзеі Андрэя Лянкевіча. Падчас візіту творца выступіў з лекцыяй і сустракаўся з беларускімі фатографамі, падкрэсліўшы сваю зацікаўленасць у падтрымцы беларускай фатаграфіі.

На прэс-канферэнцыі Пар тады падзяліўся сваім бачаннем Беларусі 2010-х:

«Мне вельмі спадабалася ў Беларусі. Тут усё па-іншаму, чым у Расіі. Тут яшчэ шмат рэчаў, якія нагадваюць пра Савецкі Саюз, але пры гэтым вы вельмі хутка рухаецеся да еўрапейскага спажывецкага грамадства. Гэта вельмі цікавы пераходны перыяд для фатаграфавання», — сказаў ён.

Марцін Пар у Мінску. Фота: Уладзімір Парфянок.

У галерэі «У нескладовае» экспанавалася выстава брытанскага фатографа, якая ўяўляла сабой падборку праектаў з розных этапаў ягонай творчасці. Мэтай выставы было прадэманстраваць унікальны стыль аўтара і метадалогію дакументавання спажывецкага грамадства і забаўляльнай культуры ва ўсім свеце.

Як адзначыў Фонд фатографа, разам з Magnum Photos яны будуць працаваць разам для таго, каб захаваць і дзяліцца спадчынай Марціна Пара. Больш падрабязная інфармацыя на гэты конт будзе апублікавана пазней.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!