Яраслаў Еўдакімаў. Фота: @evdokimovyaroslav
Не стала артыста беларускай і савецкай эстрады Яраслава Еўдакімава. Выканаўца вядомых песен «Поле памяці», «Міласэрнасць», «Майскі вальс», «Фантазёр», «Між двух агнёў» сышоў ва ўзросце 78 гадоў.
Пра смерць спевака напісаў у сваіх сацсетаках паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў, песні на словы якога Яраслаў Еўдакімаў выконваў.
«Сёння не стала Яраслава Еўдакімава. Аднаго з нямногіх артыстаў, які і выглядаў, і паводзіўся па-мужчынску, і па-мужчынску спяваў мужчынскія песні: «О товарищах, о товарищах пой…».
Вечны спакой табе, Слава…», — развітаўся з артыстам Уладзімір Пракопавіч.
Паведамілі пра сыход спявака і яго блізкія.
Нягледзячы на тое, што Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ва Украіне, станаўленне яго як музыканта адбылося ў Беларусі. У 1980-м ён уразіў сваім выкананннем песні «Поле памяці» (музыка Леаніда Захлеўнага, словы — Уладзіміра Някляева) Пятра Машэрава. Супраца з кампазітарам Леанідам Захлеўным прынесла спеваку прызнанне — ён быў намінаваны на Дзяржпрэмію Беларускай ССР.
Адмыслова для артыста напісаў цыкл балад кампазітар Валер Іваноў — «Будзьце доўгу верныя».
У выкананні Яраслава Еўдакімава сталі папулярнымі песні і на музыку Ігара Лучанка -— «Зачараваная мая», «Майскі вальс».
Плённай была супраца спевака з Эдуардам Зарыцкім — «Лісток календара», «Палынавая ростань».
Яраслаў Еўдакімаў гастраляваў за мяжой і меў вялікі поспех у міжнароднага слухача — выступаў у Італіі, Грэцыі, Нарвегіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Швейцарыі, Швецыі, Ісландыі.
Заўважным сталася і яго супрацоўніцтва з кампазітарам Віталём Окаракавым, вынікам якога стала плыта «Не рві кашулю» (1994), з кампазітарам Аляксандрам Марозавым — кампакт-дыск «Фантазёр» (2002).
З 1996 года артыст жыў у Расіі.
Яраслаў Еўдакімаў быў вядомы прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй.
У 2020 годзе ён падтрымаў і апазіцыйных кандыдатаў у Беларусі.
«Я шмат гадоў жыў і працаваў у Беларусі. Па нацыянальнасці я ўкраінец, больш за 20 гадоў жыву ў Маскве. Сёння я з тымі, хто супраць фальсіфікацыі і гвалту! Сёння я беларус!», — напісаў ён тады ў сваім Інстаграме.
Таксама ў 2017 годзе ў інтэрв’ю спявак абвінаваціў расейскія ўлады ў развязванні вайны на паўднёвым усходзе Украіны: «Я лічу, што гэта трагедыя страшная. Я абвінавачваю ва ўсім Крэмль, Пуціна, гоп-кампанію крамлёўскую. Украінцы ім ніколі гэтага не прабачаць. Яны загубілі маладыя жыцці, каля 10 000 чалавек. Завошта? Завошта? Завошта? Што, ім Данбас патрэбен? Крым патрэбен?».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram