Сышоў у іншы свет французскі кінарэжысёр, актор, сцэнарыст і пісьменнік Бертран Бліе. Аўтар такіх фільмаў як «Вальсуючыя», «Прыгатуйце вашы насоўкі», «Занадта прыгожая для цябе», «Халодныя закускі» памёр у сябе дома ў Парыжы ў атачэнні родных 21 студзеня. Яму было 85 гадоў, паведамляе Le Figaro.
Кар’еру рэжысёра ў кінематографе Бліе пачаў у 1963 годзе з дакументальнай карціны «Гітлер? Не ведаю такога» (Hitler, connais pas). Затым былі створаны «Грымаса» (1966) і «Калі б я быў шпіёнам» (Si J’Etais Un Espion (1967) .
Шырокая вядомасць прыйшла да Бліе ў 1974 годзе, пасля выхаду яго стужкі «Вальсуючыя» (Les Valseuses), якая таксама паслужыла штуршком у кар’еры Жэрара Дэпардзьё, Патрыка Дэвера і Міу-Міу.
Камедыя кінематаграфіста «Прыгатуйце вашыя насоўкі» (1978) атрымала прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове. Вельмі прыкметнай стала сюррэалістычная карціна «Халодныя закускі» (1979), дзе заўважны ўплыў тэатра абсурду.
У 1984 годзе Бліе паставіў фільм «Наша гісторыя» з Аленам Дэлонам у галоўнай ролі. За гэтую працу Дэлон атрымаў сваю адзіную ў кар’еры прэмію «Сезар» за найлепшую мужчынскую ролю. Бліе ж за гэта кіно быў удастоены «Сезара» за найлепшы сцэнар.
А ў 1989 годзе трыумф чакаў яго карціну «Занадта прыгожая для цябе» з Жэрарам Дэпардзьё, Караль Буке і Жазіян Баласка ў галоўных ролях — фільм быў адзначаны Гран-пры Канскага фестывалю і чатырма прэміямі «Сезар».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.