Фота: Matt Humphrey.
Вядомы брытанскі драматург, сэр Том Стопард (Tom Stoppard), памёр 29 лістапада 2025 года ва ўзросце 88 гадоў. Пра ягоную смерць паведаміла агенцтва United Agents, якое прадстаўляла яго інтарэсы.
Стопард, які часта называўся найвялікшым брытанскім драматургам свайго пакалення, памёр «мірна» ў сваім доме ў Дорсеце, Англія.
Том Стопард стаў сусветна вядомым дзякуючы сваім інтэлектуальна насычаным і гуллівым п’есам.
«Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» (Rosencrantz and Guildenstern Are Dead) — п’еса, якая прынесла яму сусветную славу ў 1968 годзе і стала адным з яго самых вядомых твораў.
Брытанскі драматург атрымаў пяць прэмій «Тоні» (Tony Awards) за найлепшую п’есу, сярод якіх — «Травесці» (Travesties), «Сапраўдная рэч» (The Real Thing) і яго позні, эмацыйна насычаны твор «Леапольдштат» (Leopoldstadt), які даследуе ягонае ўласнае яўрэйскае паходжанне і лёс сям’і ў часы Халакосту.
Многія крытыкі лічаць шэдэўрам драматурга «Аркадыю», п’есу, якая перамяшчаецца паміж XVIII стагоддзем і сучаснасцю, даследуючы матэматыку, садоўніцтва, фізіку і рамантычнае каханне.
Уладальнік прэміі «Оскар» за сцэнарый да фільма «Закаханы Шэкспір» (Shakespeare in Love) у 1998 годзе. Сярод асноўных сцэнарных прац Тома Стопарда ў кіно: «Ганна Карэніна» Джо Райта, «Бразілія» Тэры Гіліяма, «Залаты компас» Крыса Вайца, «Імперыя сонца» Стывена Спілберга ды «Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», якія Стопард паставіў сам па сваім творы.
У 1997 годзе каралева Елізавета II пасвяціла драматурга ў рыцары за ўнёсак у тэатральнае мастацтва.
Том Стопард быў вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і падтрымкай правоў чалавека, у тым ліку ў Беларусі.
Шмат гадоў ён быў адным з самых актыўных патронаў і абаронцаў Беларускага Свабоднага тэатра. Драматург неаднаразова называў БСТ «адным з самых мужных і значных тэатральных пачынанняў у свеце», прыцягваючы ўвагу сусветнай грамадскасці да праблем беларускіх мастакоў. Яго ўплыў спрыяў таму, каб БСТ атрымаў міжнародную легітымнасць і магчымасці для фінансавай падтрымкі ў перыяды найбольшых рэпрэсій.
Стопард нарадзіўся як Томаш Штраўслер у 1937 годзе ў Чэхаславакіі. Ён быў вымушаны пакінуць краіну з сям’ёй з-за нацысцкай акупацыі. Гэты досвед, а таксама далейшыя пошукі ідэнтычнасці, сталі асновай для яго позняга, эмацыйна насычанага твора «Леапольдштат».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram