У Беларусі на 97-м годзе жыцця памёр легендарны акадэмік Радзім Гарэцкі, доктар геолага-мінералагічных навук, сын аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік расстралянага бальшавікамі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
«Не стала Радзіма Гарэцкага… Калі казаць пра найсветлага чалавека, з якім пашчасціла сустрэцца ў жыцці і нават, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, пасябраваць, дык гэта пра Яго…», — пракаментаваў сумную навіну Уладзімір Някляеў.
«Дзякуй, Радзім Гаўрылавіч, што ў вызначальны для Беларусі час у пачатку 90-х Вы былі з намі. Радзім Гарэцкі (1928-2025) – акадэмік, сябра Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ у ВС-12, сын выбітнага беларускага навукоўцы і пляменьнік расстралянага НКВД геніяльнага беларускага пісьменьніка. Вечная Памяць», — напісаў палітык Сяргей Навумчык.
Радзім Гарэцкі — акадэмік і член-карэспандэнт НАНБ, доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі. З 1992 па 1997 год быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Радзім Гарэцкі — актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
З 1990 года — член Рады, а ў 1993–2001 гадах прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». На Першым з’ездзе беларусаў свету (Мінск, 1993) выступіў з агульным дакладам «Нацыянальная ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці». Актыўна працаваў з беларускай дыяспарай, быў адным з арганізатараў усіх сямі з’ездаў беларусаў свету.
Быў сябрам Рады ТБМ імя Францыска Скарыны, сябрам Рады Беларускага Фонду Культуры, членам Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва» і іншых грамадскіх арганізацый.
У 2000 годзе ён стаў сустаршынёй Усебеларускага з’езда за незалежнасць.
Аўтар мноства навуковых даследаванняў і публіцыстычных кніг, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram