14 студзеня памёр віцебскі мастак Фелікс Гумен – выбітная асоба ў нацыянальнай школе графікі, лідар унікальнай віцебскай акварэльнай школы другой паловы ХХ стагоддзя.
Фелікс Гумен нарадзіўся на Амуры ў 1941 годзе ў сям’і вайскоўца, таму дзяцінства і юнацтва прайшлі ў частых пераездах. Школу скончыў у Ваўкавыску і ў 1958 годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.

Віцебск мастак называў родным горадам. «І любімы горад — Віцебск. А які яшчэ? Я жыву тут 63 гады», — сказаў некалі Гумен. У віцебскія краявіды быў закаханы і ўвасабляў іх не тапаграфічна, а як адбіткі любові, як формы сваіх эмацыйных станаў.
«Віцебску! Дарагому, душэўнаму, любімаму месцы, працятаму гісторыяй, вытканага з тысяч лёсаў унікальных людзей, які дыхае мастацтвам! Заўсёды, у сонца і ў дажджы, У снягах і ў красаванні — маляўнічаму натхняльніку, гораду сэрца сёння лепшыя словы і прызнанні!» — напісаў мастак у сваім Інстаграме, суправаджаючы публікацыю свайго новага гарадскога краявіду.
Сяргей Навумчык згадвае, што перад пісьмовым сталом Васіля Быкава ў пражскай кватэры была гуменаўская выява цэнтральнай віцебскай вуліцы, па якой Быкаў перад вайной штодня хадзіў у мастацкую вучэльню.

Ён тонка адчуваў акварэль, дасканала вырашаў плоскасць аркуша з дапамогай шырокіх залівак, рытмічных дэталяў, яркіх акцэнтаў і абсалютна незвычайных фактур, нібы не пра акварэль ідзе рэч, а, напрыклад, пра маёліку. Яго аркушы свецяцца, яны тэмпераментныя па колеры і выразныя па кампазіцыі.

У аснове кожнага твора — настрой, ідэя, менавіта яны вызначаюць напаўненне акварэлі, а не паўтор звыклых аўтарскіх прыёмаў. Таму кожны яго твор розны, хоць і пазнавальны па стылістыцы.

«Маё мастацтва вельмі аптымістычнае, сумных рэчаў не бывае. Таму што дзяцінства было добрым», — так мастак тлумачыў яркую гаму і энергетычную сілу сваіх акварэляў. Майстэрства яго ў тым, што пры выкарыстанні такіх яркіх і адкрытых колераў, ён спалучае іх у цэласную, ураўнаважаную і гарманічную структуру.

Таму для нацюрмортаў часта выбіраў кветкі і яркую садавіну, а ў краявідах любіў непасрэднае ўражанне, з гэтай прычыны часта працаваў на пленэры ў тэхніцы «па-сырому», калі фарба кладзецца на вільготную паперу, а вынік малапрадказальны. «Часам мне дапамагае нават кропля дажджу на лісце, знаходжу гэтаму прымяненне і сэнс, таму я аддаю перавагу працаваць на свежым паветры ў любое надвор’е, бо акварэллю можна паказаць імгненныя змены прыродных з’яў, настрою, выказаць тонкія нюансы быцця».

Некаторыя з яго твораў — абстрактныя, тут праявілася любоў мастака да філасофіі, эмацыянальнай сферы чалавечага быцця, касмагоніі.

Многія мастакі згадваюць Фелікса Гумена як свайго настаўніка: ён шмат гадоў выкладаў у Віцебскім педагагічным інстытуце, дзе выхаваў цэлую плеяду віцебскіх акварэлістаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
