Сёння, 13 лютага, беларусаў Беластока запрашаюць на чарговы занятак «Мова Нанова», госцем якога стане паэтка і перакладчыца кнігі Далі Грынкявічутэ «Літоўцы ля мора Лапцевых» Ванда Марцінш душ Рэйш. Яна таксама раскажа пра жыццё карэнных беларусаў у Літве.
Пераклад кнігі Далі Грынкявічутэ «Літоўцы ля мора Лапцевых» быў выдадзены напрыканцы 2022 года. Гэта культавая ў Літве кніга, пра якую варта пагаварыць асобна. Яна апавядае пра пакуты людзей, высланых за Палярнае кола Саветамі.
У шматлікіх інтэрв’ю перакладчыца Ванда Марцінш душ Рэйш, якая нарадзілася на беларуска-літоўскай мяжы, а экзатычнае прозвішча атрымала ад мужа-партугальца, расказвае, чаму ўзялася за пераклад трагічнай гісторыі літоўскіх перасяленцаў.
Галоўная прычына — падабенства лёсу беларусаў і літоўцаў. У тым ліку і ў сённяшніх паваротах беларускай гісторыі: спадарыня Ванда прызнаецца, што рабіла прэзентацыі сваіх кніг у Літве з намерам звесці беларускіх эмігрантаў і пажылых літоўскіх рэпрэсаваных, бо гэта такая ўнікальная магчымасць вучыцца таму, «як літоўцы выслізнулі з гэтых кіпцюроў».
Дзядуля перакладчыцы таксама быў вывезены на восем гадоў, з высылкі яму ўдалося ўцячы, праз знаёмых падрабіць дакументы і легалізавацца.
Яе дзядзька 19-гадовым юнаком трапіў у сталінскі лагер. Яму прыпісалі антысавецкую дзейнасць і стварэнне групоўкі. Ён усё адмаўляў, аднак пасля катаванняў выдаў усіх, каго ведаў. У выніку ўсіх забралі. Пасля ён ваяваў у Арміі Андэрса.
14 чэрвеня з’яўляецца ў Літве Днём жалобы. У 1941 годзе, за тыдзень да пачатку вайны ў СССР, пачалі масава вывозіць літоўцаў, латышоў, эстонцаў і г. д. — амаль 19 тысяч чалавек.
Сярод высланых была і 14-гадовая дзяўчынка Даля Грынкявічутэ, якая апынулася ля халоднага і далёкага мора Лапцевых. Большасць людзей, высланых на той востраў, памерла ад голаду і хвароб. На пачатку 1950-х Даля Грынкявічутэ запісала свае ўспаміны. У незалежнай Літве іх выдалі кнігай.
Ванда Марцінш душ Рэйш займаецца перакладамі літоўскіх паэтаў на беларускую мову, бо лічыць, што мы як суседзі вельмі мала ведаем адно пра адное. А таксама піша вершы, апошнюю кнігу яе паэзіі «Мора мары» можна прачытаць тут.
«Мова нанова» адбудзецца сёння, 13 лютага, у 19:30 у Беларускім хабе «Новая Зямля» (Kard. Stefana Wyszyńskiego, 6A).
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: