Найбуйнейшы французскі музей Луўр стаў ахвярай беспрэцэдэнтнага рабавання, якое лідар французскіх ультраправых Жардан Бардэла назваў «невыносным прыніжэннем» для краіны. Зламыснікі дзейнічалі надзвычай аператыўна, выкраўшы каштоўнасці з калекцыі Напалеона і імператрыцы. Адміністрацыя Луўра паведаміла, што музей зачынены на ўвесь дзень з «выключных прычын», паведамляе Euronews.
Узлом за сем хвілін
Паводле папярэдніх звестак, рабаванне было надзвычай аператыўным і добра спланаваным. Кіраўнік МУС Ларан Нуньес пацвердзіў, што злачынства доўжылася ўсяго сем хвілін і было здзейснена «вопытнай» злачыннай групай.
Як паведамляе BFMTV, зламыснікі прыбылі на месца на скутэрах. Выкарыстоўваючы знешні грузавы ліфт, яны дабраліся да вокнаў, разбілі іх і праніклі ўнутр. Апублікаваныя BFM TV кадры сведчаць пра выключную дзёрзкасць: адзін са злачынцаў, апрануты ў жоўтую камізэльку, узломваў стэнд цыркулярнай пілой проста ў той час, калі ў залу заходзілі наведвальнікі.
Выкрадзена спадчына
Злодзеі выкралі каштоўнасці з калекцыі імператарскіх скарбаў, у тым ліку прадметы, звязаныя з Напалеонам і імператрыцай. Выданне Le Parisien удакладніла, што было выкрадзена 9 каштоўнасцяў. Праўда, дзве з іх, сярод якіх карона імператрыцы Яўгеніі (жонкі Напалеона III), былі пазней знойдзеныя. Знакамітыя дыяменты «Рэгент» і «Сансі» не былі скрадзеныя.
Кіраўнік МУС Ларан Нуньес падкрэсліў, што выкрадзенае з’яўляецца культурнай і «неацэннай» спадчынай краіны.
Рэакцыя ўладаў
Пракуратура Парыжа распачала расследаванне па факце арганізаванага крадзяжу і злачыннай змовы. Расследаванне вядзецца брыгадай па барацьбе з бандытызмам сумесна з Цэнтральным упраўленнем па барацьбе з незаконным абаротам культурных каштоўнасцяў.
У той жа час, лідар французскіх ультраправых Жардан Бардэла назваў інцыдэнт «невыносным прыніжэннем» для краіны, паставіўшы пытанне пра «распад дзяржавы». Прэзідэнт Эманюэль Макрон, паводле звестак Елісейскага палаца, «інфармуецца ў рэальным часе» пра ход расследавання.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram