15 чэрвеня мастачка Анастасія Бурко-Дземідзюк прадставіць сваю персанальную выставу «Успаміны на дне сэрца» ў межах юбілейнага XX фестывалю «Адкрытыя Сады» ў горадзе Мілянувэк пад Варшавай.

Мастачка працуе з тэмамі памяці і культурнай прыналежнасці, выкарыстоўваючы ў сваіх працах фальклорныя матывы, элементы прыроды, сімволіку і асабістыя архівы. Яё «ціхі жывапіс» — гэта дыялог з унутраным светам, дзе расліны і арнаменты становяцца носьбітамі памяці.

Памяць — адна з цэнтральных тэм у творчасці Насты Бурко. Яна ўвасабляе свае ўласныя перажыванні і адаптацыю да новага асяроддзя праз вобразы, сімвалы і абстрактныя формы. Яе працы перадаюць пачуцці страты, расстання і адзіноты, але таксама надзею і імкненне да прыняцця новай рэальнасці.

Ідэнтычнасць з’яўляецца яшчэ адной важнай тэмай, якую закранае мастачка. Яна даследуе, як карані і культурная спадчына аказваюць уплыў на фарміраванне асобы.

Любоў да родных мясцін мастачка перадае праз сімволіку прыроды, пейзажаў і элементаў народнай культуры. Гэта дапамагае ёй захоўваць сувязь з каранямі і ўвасабляць эмацыйны вопыт свайго мінулага.
Яе мастацтва – спроба захаваць уласную гісторыю паміж дзвюма прасторамі: той, адкуль яна родам, і той, у якой цяпер жыве.

***
Фестываль «Адкрытыя Сады» ў горадзе Мілянувэк пройдзе з 13 па 15 чэрвеня 2025 года ў дваццаты раз.
На працягу трох дзён уладальнікі прыватных садоў адкрываюць свае прасторы для наведвальнікаў, запрашаючы далучыцца да шматлікіх культурных і мастацкіх мерапрыемстваў. У гэтым годзе на карце горада — каля сарака мастацкіх падзей. У садах можна будзе прыняць удзел у канцэртах, выставах, майстар-класах, сустрэчах з творцамі і іншых ініцыятывах, падрыхтаваных мясцовымі жыхарамі.
Тут уся праграма фестывалю.
Выставу Насты Бурко можна наведаць 15 чэрвеня з 11.00 да 16.00 па адрасе: Milanówek, вул. Owocowa 8, у садзе Магдалены і Паўла Хмеліньскіх. У 13.00 адбудзецца сустрэча з мастачкай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram