Адно са старэйшых выдавецтваў Вены ў наступным годзе апублікуе твор беларускай пісьменніцы Евы Вежнавец (Святланы Курс) «Па што ідзеш, воўча?», паведамляе выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм”.
У лютым 2023 года «балотная казка» Евы Вежнавец, уганараваная летась Прэміяй Гедройця, выйдзе ў перакладзе на нямецкую мову. Аўтарка перакладу — Ціна Вюншман (Tina Wünschmann), вядомая па супрацы з беларускімі літаратарамі Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай. Менавіта Ціна Вюншман перакладала творы слынных беларускіх аўтараў на нямецкую.
Публікаваць «Па што ідзеш, воўча?» будзе выдавецтва Паўля Жолнея (Paul Zsolnay), адно з вядомых выдавецтваў Аўстрыі, на рухунку якога выданне кніг такіх аўтараў як Генрых Ман, Генрых Эдуард Якаб, Франц Верфель, Жан-Рышар Блох, Франц Тэадор Цокар ды іншыя.
Пра твор «Па што ідзеш, воўча?».
Пісьменніца і журналістка Ева Вежнавец пісала сваю «балотную казку» дзесяць гадоў. Сюжэтна кніга распавядае пра вяртанне галоўнай героіні Рыны — алкагалічцы сярэдніх гадоў — у Беларусь — на радзіму, на пахаванне сваёй бабкі. Але насамрэч, як і належыць балотнай казцы, апавяданне заводзіць у невядомае месца, дзе чытач правальваецца ў вір… гісторыі. На прыкладзе жыцця адной невядомай «забытай богам глушэчы» разварочваецца страшная, паганская гісторыя змены ўладаў у Беларусі ХХ стагоддзя. Палякі, красныя, калектывізацыя, Другая сусветная, — і яўрэйскія пагромы-масакры ад сваіх ды чужых. Мова як кіпень, як замова, як гаротны плач, як тая самая страшная казка. У стопяцідзесяцістаронкавым рамане Евы Вежнавец Беларусь паўстае краем гора, болю, пралітай крыві і забыцця, краем найпрыгажэйшых і дзіўных імёнаў і мянушак, назваў месцаў і лапікаў, краем на краі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram