Фота:сацсеткі Алеся Плоткі.
Стаў вядомы доўгі спіс міжнароднай прэміі Drahomán Prize, якая штогод адзначае найлепшых перакладчыкаў з украінскай мовы на мовы свету. У ліку намінантаў сёлета — беларускія перакладчыкі Алесь Плотка і Наталля Русецкая.
Эксперты ПЭН-Украіна адабралі іх сумесную працу — зборнік выбранай паэзіі Юрка Іздрыка «Human Right», які пабачыў свет у берлінскім выдавецтве hochroth Minsk (2025). Заяўнікам намінацыі выступіла грамадская культурніцкая кампанія «Годна» (Hodna).
Drahomán Prize — адна з самых прэстыжных узнагарод у галіне перакладу, заснаваная Украінскім інстытутам, ПЭН-Украіна і Украінскім інстытутам кнігі. Сёлета ў спісе фігуруюць пераклады на англійскую, італьянскую, польскую, арабскую і партугальскую мовы. Прысутнасць беларускага выдання ў гэтым шэрагу — сведчанне высокай якасці працы нашых перакладчыкаў і развіцця беларуска-ўкраінскіх культурных сувязяў.
Юрка Іздрык — украінскі пісьменнік, мастак, музыкант, культуролаг. Выбітны прадстаўнік украінскага постмадэрнізму. Лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі (2025). Заснавальнік легендарнага літаратурнага часопіса «Четвер». Аўтар вядомых раманаў «Воццех» (1996) і «АМTM» (2004) і іншых, а таксама вершаў, аднолькава папулярных як у онлайн публікацыях, так і ў кніжных выданнях. Творы перакладаліся на беларускую мову, асобнай кнігай выйшаў паэтычны зборнік «Папяросы» (2020).
Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва hochroth Minsk. Імя пераможцы прэміі будзе абвешчана пасля фармавання шорт-ліста.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram