АМАП і КДБ прыйшлі да стваральніка «Акупацыі. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі: рэжысёр вымушаны быў пакінуць краіну

Главное
Януш Гаўрылюк і Андрэй Кудзіненка. Фота: сацсеткі Януша Гаўрылюка.

Беларускі кінарэжысёр Андрэй Кудзіненка пакінуў Беларусь. Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках паведаміў яго сябра і паплечнік, дырэктар фестывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie Януш Гаўрылюк.

Паводле яго словаў, рэжысёр ужо ў бяспецы:

«На шчасце, Андрэй ужо ў бяспецы. Але гэтая гісторыя чарговы раз паказвае, у якіх умовах даводзіцца жыць і працаваць беларускім творцам», — напісаў Гаўрылюк.

Пераслед рэжысёра суправаджаўся жорсткім сілавым ціскам: у ягонай кватэры і ў прыватнай кінашколе «КінаКалайдар», дзе Кудзіненка працаваў дырэктарам, амаль 15 гадзін цягнуліся ператрусы. У іх удзельнічалі восем супрацоўнікаў АМАПу і два супрацоўнікі КДБ. У рэжысёра забралі пашпарт і тэлефон.

Януш Гаўрылюк піша, што сілавікі пагражалі творцу тэрмінам ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «экстрэмізме».

Важнае папярэджанне: усе мэсэнджары і акаўнты Андрэя Кудзіненкі ў сацыяльных сетках цяпер знаходзяцца пад кантролем КДБ. Любыя паведамленні або спробы кантакту ад яго імя могуць быць небяспечнымі.

Нягледзячы на складаную сітуацыю ў краіне, Андрэй Кудзіненка ўвесь гэты час заставаўся ў Беларусі. Ён узначальваў і працаваў апошні час у прыватнай мінскай кінашколе «КінаКалайдар», якая падтрымлівала кінакультуру і кінатворчасць.

Андрэй Кудзіненка — беларускі рэжысёр, сцэнарыст і актор. Шырокую вядомасць яму прынес мастацкі фільм «Акупацыя. Містэрыі» (2003) — скандальная і рэзанансная карціна пра Другую сусветную вайну.  У даробку кінематаграфіста — і першы беларускі містычны трылер «Масакра» (2010), зняты на «Беларусьфільме», стужкі «Бітва пяці воінстваў», «Розыгрыш»,  «Hard Reboot», «Фанат». Куратар мультымедыйнага праекта «ХРОНОТОПь». Сузаснавальнік фестывалю Bulbamovie.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.