Нямы фільм паводле габрэйскіх казак і дакстужка пра волю сталі пераможцамі фестывалю Bulbamovie

Стылізацыя пад нямое кіно «Чароўныя нажнічкі» беларускай рэжысёркі Ганны Авота стала пераможцай Конкурсу маладога беларускага кіно фестывалю Bulbmovie-2024. Фільм паводле габрэйскіх казак быў прызнаны найлепшым сярод ігравых стужак конкурсу. «Залатая бульба» ў дакументальным кіно дасталася карціне Мікіты Пандэкі «Champion 471», якая ўразіла журы нечаканай канцоўкай. Учора ўвечары ў варшаўскім кінатэатры «Ілюзіён» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

Таксама журы, у склад якога ўвайшлі рэжысёр, прадзюсар, кіраўнік Школы Анджэя Вайды Філіп Марчэўскі, беларуская кінарэжысёрка Улада Сянькова, польскі кінакрытык Міхал Канарскі і ананімны кінакрытык з Беларусі, вылучыла Спецыяльнымі адзнакамі яшчэ дзве стужкі.

Так, траўма сачэння і пераследу службамі беларусаў была дасціпна пераасэнсавана ў ігравым кароткім метры Кіры Альшэўскай «Скажыце Сыр». А ў дакументальным кіно не абмінулі ўвагай стужку «Вяселле сына», у якой рэжысёр Глеб Старавераў захаваў на камеру вяселле ў невялікім мястэчку — як «грымучая сумесь» абрадаў і звычаяў розных культурных пластоў выглядае цяпер. І варта адзначыць працу Глеба Стараверава, якому ўдалося пазбавіцца дыстанцыі ў кантакце з героямі карціны.

Кадр з фільма «Champion 471» Мікіты Пандэкі. Фота: сайт фестывалю.

Сёлета арганізатары «Бульбамуві» прапанавалі і гледачу прагаласаваць за найлепшую на іх погляд карціну. І выбар публікі супаў з выбарам журы: прызы глядацкіх сімпатый забралі «Champion 471» і «Чароўныя нажнічкі» ў дакументальным і ігравым кіно адпаведна.

Некалькі словаў пра «Чароўныя нажнічкі», якія можна назваць перлінай у праграме Маладога беларускага кіно, над фарміраваннем якой працаваў экс-каардынатар Нацыянальнага кіно «Лістапада» Мікалай Лаўранюк.

Кадр з фільма «Вяселле сына» Глеба Стараверава. Фота: сайт фестывалю.
Кадр з фільма «Скажыце сыр» Кіры Альшэўскай. Фота: сайт фестывалю.

Праект, які ў вынаходлівым ключы дае магчымасць гледачу трапіць ва ўмоўны свет габрэйскага мястэчка, ствараўся на працягу шасці гадоў у Беларусі. Рэжысёрка Ганна Авота вырашыла ўвасобіць гісторыю пра небараку-краўца Шмуэля ў стылістыцы нямога чорна-белага кіно. І калі напачатку гледачу патрабуецца крыху часу, каб прызвычаіцца да рытму і мовы стужкі, то потым хвіліны ляцяць незаўважна — і толькі шкадуеш, што «фільма» скончылася.

Кадр з фільма «Чароўныя нажнічкі» Ганны Авота. Фота: сайт праекта.

Безумоўна, «Чароўныя нажнічкі» — гэта і цудоўная габрэйская ды беларуская музыка, якая гучыць з экрана ў выкананні капэлы беларускіх музыкаў. Для стварэння аўтарскага саўндтрэку творцы выкарыстоўвалі матэрыялы, знойдзеныя ў архівах даследчыкаў беларускай і габрэйскай традыцыі. Аўтарамі праекта была зроблена вялікая праца, каб публіка хоць на нейкі час — 60 хвілін — здолела патрапіць у страчаны габрэйскі свет. І, безумоўна, гэты эфект узмацніўся б у разы, калі б «Чароўныя нажнічкі» дэманстраваліся б пад жывую музыку. Спадзяемся, што глядацкі і мастацкі патэнцыял гэтай стужкі будзе ацэнены культурнымі менеджарамі і кіраўнікамі фэстываляў — гэта кіно мусіць паказвацца на вялікім экране.

Фільм-стылізацыя, які стаў плёнам высілкаў актораў-валанцёраў, музыкаў, мастакоў, перакладчыкаў, пастаноўшчыкаў і міжнародных экспертаў — у стварэнні саўндтрэку прымала ўдзел і цьютарка па клезмеры Алеўціна Парланд — пераносіць глядача ва ўмоўны габрэйскі Барысаў, дзе на кірмашы даведваліся ўсе навіны, у карчме па спрэчцы і не толькі маглі танчыць усю ноч, і ўсе ведалі, што «слова габрэя мацней за жалеза». І гэта тое падарожжа, пабываць у якім вялікая радасць.

Кадр з фільма «Чароўныя нажнічкі» Ганны Авота. Фота: сайт праекта.

10-ты фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві», які ладзіўся ў Варшаве з 22 па 24 лістапада, прайшоў пры падтрымцы Нацыяльнай фільматэкі Польшчы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!