Яўген Барышнікаў. Фота: сацсеткі
Праект Музея Вольнай Беларусі «Дуды: музыка мінулага і сучаснасці» ўвайшоў у праграму Варшаўскай ночы музеяў-2026. Ён адкрываецца 16 траўня выставай «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал».
Калі і чаму дуда стала культурным сімвалам беларусаў? Калі літаратары сталі называць сябе дударамі і як выкарыстоўваюць гэты сімвал сённяшнія беларускія ўлады? Пра гэта паразмаўлялі з куратарам выставы, музыкам і даследчыкам дударскай традыцыі Яўгенам Барышнікавым.
— Як даўно вы займаецеся дудамі?
— Граю з 2008 года, з 2010 па 2017 гады арганізоўваў вечарыны «Дударскага клуба», з 2012 года займаюся навуковымі даследаваннямі дуды, і на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі арганізоўваю адмысловую секцыю, дзе збіраюцца спецыялісты з усяго рэгіёна. Цяпер мы з двума суаўтарамі пішам калектыўную манаграфію па беларускіх дудах на базе Вроцлаўскага ўніверсітэта. Адзін з іх – прафесар Збігнеў Пшэрэмбскі, польскі гуру па дудам, другі — беларускі этнограф Уладзімір Лобач. Кніга выйдзе на беларускай і ангельскай мовах.
Матэрыялаў сабрана настолькі шмат, што любы са стэндаў на выставе, які паказвае гістарычную эвалюцыю традыцыі дударства, можна было б разгарнуць у асобную экспазіцыю. Для мяне, як для чалавека, што глыбока даследуе гэту тэму, галоўны выклік быў не ў тым, што паказаць, а як выкінуць лішняе, каб уціснуцца ў рамкі выставы.
— Дзе вы ў эміграцыі знайшлі столькі дудаў?
— Я не калекцыянер, маіх інструментаў там толькі чатыры. Дуды на выставу былі сабраныя па польскіх і беларускіх музыках.
Мае чатыры дуды – гэта працоўны інструмент, нядаўна мы стварылі гурт у Гданьску пад назвай «Kapela Tryhradzka». Старая дыяспара называла Труймяста Трыгарадам.
Цяпер актыўна інтэгруемся ў мясцовы музыкальна-танцавальны варушняк.
У палякаў ёсць дуды ў музычнай традыцыі, але ў іх гэта проста народны вясковы інструмент, у якім няма нашага міфлагічнага складніка. А ў нашым нацыяльным наратыве, пачынаючы прыкладна з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, некалькі пакаленняў беларускай інтэлігенцыі стваралі міф дудара, «Нашаніўцы» яго падхапілі, і нават 1920-30-я савецкая ўлада яго эксплуатавала, напрыклад, у 1924 годзе ў Менску быў выпушчаны зборнік нашых паэтаў пад назвай «Чырвоны дудар», а беларускіх дудароў вазілі нават у Парыж.
Так што рамантычнаму вобразу беларускага дудара больш за паўтара стагоддзя.
— Цікава, што гэты міф з’явіўся, калі дуды яшчэ бытавалі, бо традыцыя была страчана ў 1950-я гады…
— Так, дуда была выцеснена, як і ўсе астатнія інструменты, гармошкамі. Лічыцца, што апошні публічны выступ аўтэнтычнага дудара адбыўся ў 1951 годзе: на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Менску выступіў Язэп Гвозд з Вушаччыны. І ўсё, у публічнай прасторы застаўся толькі міф.
Цікава, як з’яўляўся гэты міф. Спачатку дудар – гэта прыкмета побыту. Першая згадка пра дуду з’яўляецца ў ХVІ стагоддзі – там няма ніякай сакральнасці, бо гэта аповед пра карчму на Падзвінні, пра мядзвежыя танцы і алкаголь.
Міф пра дуду з’яўляецца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, у часы рамантызму, калі мясцовая інтэлігенцыя пачынае цікавіцца народнай культурай. Аўтарства міфу належыць хутчэй літаратарам, чым этнографам, якія трымаліся навуковых падыходаў. У беларускай літаратуры з сярэдзіны XIX стагоддзя з’яўляецца такі рамантычны вобраз дудара. І ў ананімных творах «Тарас на Парнасе» і «Энэіда навыварат», у вершы Паўлюка Багрыма, а таксама ў Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага, Юльяна Ляскоўскага.
Літаратары адзін аднаго пачынаюць называць дударамі. Напрыклад, зборнік Дуніна-Марцінкевіча называецца «Дудар беларускі». Арцёма Вярыгу-Дарэўскага сябры называлі «наддзвінскім дударом». А ён падпісваў свае творы як «Беларуская дуда».
Адраджэнне дуды ў 1980-х працягвае гэтую міфалагізацыю ХІХ стагоддзя.
Апошняе пакаленне перад знікненнем традыцыі ў 1950-х, для якіх дуда была важным сімвалам, гэта літаратары 1920-х, але іх пасля рэпрэсуюць. Напрыклад Ластоўскі ў 1913 годзе ў «Нашай Ніве» публікуе гісторыю, запісаную польскім аўтарам Казімірам Тэтмаерам, пра тое, як скрыпач гураль патрапіў у вырай, зайграў на скрыпцы, і калі ўсе сталі танцаваць, анёлы адправілі яго дадому. Ластоўскі, пераказваючы гэтую гісторыю, замяняе скрыпача гураля барысаўскім дударом. Бо для яго дудар мае больш сімвалічную вагу. Змітрок Бядуля ў 1922 годзе ў «Палескіх байках» дае дуду ў рукі Богу, які стварае зямлю гэтым граннем на дудзе.
У 1930-я дуду сталі выкарыстоўваць у самадзейнасці. І найбольш трагічная для мяне гісторыя, калі ў 1937 годзе праходзіць радыёфестываль народнай творчасці, дзе на ўвесь Савецкі Саюз грае дудар. І гэтая трансляцыя адбываецца за пару дзён да ночы расстраляных паэтаў, а ў турме КДБ чакаюць расстрэлу Мойшэ Кульбак, які на ідышы напісаў верш пра дуду, і Алесь Дудар. І калі б я пісаў сцэнар для якога-небудзь мастацкага фільма, там бы была сцэна, дзе Алесь Дудар і Мойшэ Кульбак на допыце слухаюць па радыё гэтага дудара.
Напрыканцы 1930-х падчас канцэртаў дудары сімвалізавалі старую вёску, а потым выходзілі гарманісты і паказвалі новую савецкую радасную вёску. Так гэта выглядала. І ўсё – паступова традыцыя перарвалася.
З адным з гэтых дудароў ёсць інтэрв’ю 1939 года, дзе ён кажа, што ляжыць без справы скрыпка, кларнет, цымбалы, а ўсе на гармошках іграюць. Моладзі стала нецікава.
— Ніхто не захацеў пераймаць майстэрства, таму традыцыя перарвалася. І атрымліваецца, што гадоў праз 30 яна аднаўляецца. Якім чынам гэта адбывалася?
— Менавіта той міф, што нарадзіўся ў ХІХ стагоддзі, прывёў да адраджэння інструмента.
Звяртаецца да вобраза дудара ў прыватнасці Караткевіч. Дуды з’яўляюцца ў «Дзікім паляванні караля Стаха», «Сівой легендзе», «Каласах пад сярпом тваім», а ў аповесці «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Дудар «Братачка» — гэта рамантычны вобраз трыкстэра-змагара, голасу народу, які ў часе «ночы белых крыжоў» грае на званіцы над горадам, каб падтрымаць народнае паўстанне.
У 1979 годзе выходзіць манаграфія Іны Назінай «Беларускія народныя інструменты», якая ўвяла ў шырокі зварот цэлы корпус этнаграфічнай і гістарычнай літаратуры, пачынаючы з ХІХ стагоддзя. Так да міфу далучылася навуковая канкрэтыка. Практычныя веды майстрам даводзілася аднаўляць з нуля, паводле этнаграфічнай літаратуры, рэдкай іканаграфіі, музейных экспанатаў, а таксама на прыкладах дударскай традыцыі суседзяў.
І на пачатку 1980-х гадоў працавалі над узнаўленнем інструмента Алесь Лось, Уладзімір Пузыня, Уладзімір Гром, Алесь Жукоўскі. У 1990-х далучыліся Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура, Віктар Кульпін, Сяржук Вінаградаў, Зміцер Сасноўскі. Праз шэраг памылак, так ці іначай, канструкцыю інструмента аднавіць удалося.
З’яўляюцца гурты – спачатку «Ліцьвіны», пасля «Стары Ольса».
А ў 1990-х адбыўся міжнародны балтыйскі дударскі фэст.
— Што адбываецца з дудой сёння? На апошнім постары выставы мы бачым злева фотаздымак з мітынгам пад нацыянальнымі сцягамі, а справа – афіцыёзнае мерапрыемства. І там, і там дудары…
— Гэта канцэрт з нагоды ўсебеларускага народнага схода. Ён адкрываўся дудой. Атрымліваецца, што дуда аб’ядноўвае. Так заўсёды было, бо калі вярнуцца ў 1920-30-ыя, дуда яднала і савецкую, і несавецкую Беларусі, пра дуды пісалі і Наталля Арсеньева, і Пімен Панчанка. Дуда існуе па абодва бакі палітычнай барыкады. У Варшаве адбываецца беларускі марш і на чале ідуць дудары. Канцэрт на беларускім народным сходзе адкрываецца дудамі. І тут мы падыходзім да аднаго палітычнага моманту.
Міністэрства культуры ў 2023 годзе надала дудзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры тым, што частка людзей, якія займаліся адраджэннем гэтага інструмента шмат гадоў, у эміграцыі, частка адседзела тэрміны за гранне на дудах.
І атрымліваецца вельмі нелагічная гісторыя.
З аднаго боку, яны саджаюць людзей, якія граюць на дудах, а з другога, кажуць, што дуды – наша каштоўнасць. Для гэтых інвертароў гісторыка-культурнай каштоўнасці трэба, каб былі пазначаны носьбіты традыцыі. І гэтымі носьбітамі папрызначылі нікому не вядомых мужычкоў з рэгіянальных дамоў культуры. Адбыўся моцны адкат у плане тэхнікі грання, рэпертуару, узроўню даследавання. Таму што сапраўдныя носьбіты або ў чорных спісах, або ў турмах, або з’ехалі.
Адбываецца прафанацыя. Зразумела, чаму гэта трэба міністэрству: ім трэба выйсці з ізаляцыі. Глядзіце, дарагое ЮНЕСКА, у нас развіваецца культура!
У 2024 годзе ўлады падалі гэты файл «Культура беларускай дуды» ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Павінна была быць шырокая грамадская дыскусія, але яе не было.
Гэта пытанне этычнае: ніхто з беларускіх дудароў не супраць таго, каб дуды былі ў спісе ЮНЕСКА. Але ці зараз. І ці мае права падаваць гэтае міністэрства з такімі механізмамі працы.
Падтрымліваць ці супрацьстаяць? Гэта вельмі далікатнае этычнае пытанне.
***
Выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» адкрыецца 16 мая ў суботу а 16-й гадзіне. Экспазіцыя распавядзе пра дуду як пра культурны сімвал і частку беларускай спадчыны.
А 18:00 і 20:00 пройдуць аўтарскія экскурсіі з Яўгенам Барышнікавым. Наведвальнікі змогуць пачуць гісторыі пра інструмент, ягонае значэнне і традыцыі выканання. З 19:00 да 23:00 будзе працаваць «Дударская майстэрня», дзе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з працэсам стварэння дуды і паспрабаваць сябе ў ролі музыкі.
Завершыць праграму дударскі опэн-эйр, які пачнецца а 23:00 і працягнецца да другой гадзіны ночы. У ім возьмуць удзел беларускія і польскія дудары. Арганізатары абяцаюць жывую музыку і танцы пад адкрытым небам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram