«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі

Культура
Фрагменты экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі (вул. Фоксаль, 11) адкрылася выстава «Нічога асабліва новага», прысвечаная штодзённаму жыццю беларускіх палітычных зняволеных.

Наша аўтарка Ліза Мас паразмаўляла са стваральнікамі выставы і паразважала пра сэнсы няпростай экспазіцыі.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Уваход на выставу «Нічога асабліва новага» ў Музеі Вольнай Беларусі. Фота: Вікторыя Адамава

Фраза «Нічога асабліва новага» невыпадкова вынесеная ў назву. Менавіта гэтыя словы часта сустракаюцца ў лістах беларускіх палітвязняў да родных і сяброў. За лаканічнасцю штодзённасці хаваюцца драматычныя абставіны турэмнага жыцця: так зняволеныя спрабуюць падбадзёрыць блізкіх, схаваць боль, страх і манатоннасць зняволення. Па сутнасці, гэта іронія лёсу – «нічога новага» для чалавека за кратамі азначае штодзённае перажыванне несвабоды.

Экспазіцыя размясцілася ў невялікім пакоі музея, які сваім выглядам нагадвае турэмную камеру. У памяшканні – вялікія вокны з металёвымі кратамі, што міжволі выклікае асацыяцыі з турэмнай рэальнасцю. Асвятленне мяккае, стрыманае: спалучэнне дзённага святла праз краты і накіраванага святла ліхтароў на экспанаты. На паліцах – дробныя прадметы побыту: алоўкі, пластыкавыя кубкі, нататкі, малюнкі з турмы, шахматная фігурка пад шклом, дакументы. Турэмная вопратка вывешана асобна – яна зданямі вісіць на адмысловай канструкцыі, распрацаванай беларускім мастаком Аляксандрам Адамавым.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Куратарка праекта Вольга Кліп адзначае: «Гэта мастацкая выстава, заснаваная на рэальных падзеях. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя артэфакты – іх няшмат, і яны настолькі паўсядзённыя, што без разумення кантэксту цяжка ацаніць іх гістарычную вагу. Таму праца мастакоў, якія разам стварылі імерсіўную прастору, адыграла ключавую ролю: мэтаю было перадаць унутраны стан палітычных зняволеных. Чула водгукі гледачоў: ажно мурашкі па скуры».

Ідэю праекта прапанавалі супрацоўнікі Музея Вольнай Беларусі, а ўвасобіла куратарка Вольга Кліп. Дызайн экспазіцыі распрацаваў беларускі мастак Аляксандр Адамаў, а дызайн гуку – Ілля Семашкевіч.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Сцены ў зале пафарбаваныя ў шэра-зялёны колер, падобны да тыповай фарбы дзяржаўных калідораў і турэмных памяшканняў. Адметна, што цалкам белай з’яўляецца толькі адна сцяна: на ёй змешчаныя малюнкі палітзняволенага.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Малюнкі палітвязняў на выставе «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Белы фон візуальна выносіць малюнкі за межы турэмнай камеры, надае ім эфект прысутнасці ў іншай рэальнасці, у прасторы ўнутранай свабоды.

Гэта не экспанаты з няволі, а вобразы, што звонку пранікаюць у прастору зняволення. Сюжэты малюнкаў уключаюць ілюстрацыі да «Алісы ў краіне цудаў» і «Палёту над гняздом зязюлі». Асобна стаіць каляровы малюнак з рамонкамі, які выклікае амаль дзіцячае пачуццё спакою і надзеі.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

На зялёным фоне асабліва вылучаюцца рэчы з яркімі колерамі. На сцелажы ляжыць чырвона-белы цюбік дэзадаранту, побач знаходзяцца блакітныя ручкі бяспечнай брытвы. Гэтыя прадметы лёгка пазнаць, але ў музейным кантэксце яны выглядаюць​​ неўласціва, нібы трапілі сюды з іншага пласта рэальнасці. Асобна – ружовая сукенка, якая кантрастуе з манатоннай прасторай. Да сукенккі прымацаваная жоўтая бірка – статус «палітычнай».

Паводле Праваабарончага Цэнтру «Вясна», станам на 3 чэрвеня 2025 года ў краіне 1208 палітычных зняволеных, з іх каля 100 дзеячаў культуры.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Большасць арыгінальных прадметаў, прадстаўленых на выставе, захоўваюцца ў фондах Музея Вольнай Беларусі. Іх перадалі былыя зняволеныя ці іх родныя – гэта асабістыя рэчы, якія мелі непасрэднае дачыненне да жыцця ў няволі. Фота: Вікторыі Адамавай

Падлога зробленая з шэрага бетону. Як адзначае куратарка выставы, мастак Аляксандр Адамаў наўмысна зрабіў перад асобнымі, ключавымі экспанатамі пацёртую, знарок зношаную паверхню падлогі. Гэты прыём стварае адчуванне часта наведвальнай прасторы і выклікае асацыяцыі з працяглай увагай, быццам людзі спыняюцца тут зноў і зноў.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Падлога на выставе «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

«Адпраўной кропкай для пошуку візуальнага рашэння сталі артэфакты: іх паўсядзённасць, пазнавальнасць і колькасць, — расказвае Аляксандр Адамаў. — Асабліва ўразіў просты цэлафанавы пакецік, пажоўклы і парваны з аднаго боку – менавіта ў ім захоўваўся сціплы гігіенічны набор.

Жадаючы стварыць прастору канцэнтрацыі на кожным з аб’ектаў, я пачаў праектаванне экспазіцыі. Прастора, у сваю чаргу, была спецыфічнай з пункту гледжання геаметрыі: вузкая, з двума зрэзанымі кутамі і трыма высокімі вокнамі.

Каб сфарміраваць кантралюемае асвятленне, мы заклеілі вокны святлопаглынальнай плёнкай, якая перахоплівае каля 85 працэнтаў дзённага святла. А для таго, каб накіраваць і падрыхтаваць гледача, мы збудавалі дадатковы калідор, вузкі і нізкі. Канечне, важным элементам выставы з’яўляецца гук, бо літаральна неабходна было «распавесці гісторыі». Таму ў наведвальніка ёсць магчымасць паслухаць паэзію і фрагменты лістоў.

Сюррэалістычную і напружаную атмасферу прасторы ўзмацняюць дэталі: гарызантальнае люстэрка, у якім адлюстроўваюцца вокны з кратамі і самі гледачы; лямпачка над паліцай з лістамі; няроўна выцертая шэра-брудная падлога».

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

«У цеснай зале скрозь цішыню пастаянна і манатонна чутны гул рапартаў палітвязняў. Калідор, праз які праходзіць глядач, гаворыць іх словамі – гучаць штодзённыя справаздачы, што зняволеныя вымушаныя агучваць.

За сцяной гэты рытм падхоплівае спецыяльна створаны кампазітарам эмбіент, які ўзмацняе адчуванне замкнёнасці і сістэмнага ціску», – тлумачыць экспазіцыю куратарка праекта Вольга Кліп.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Самая моцная частка выставы – словы саміх зняволеных. Гэта тыпавыя штодзённыя рапарты, якія палітвязні вымушаныя былі прамаўляць услых: «Я, прозвішча, асуджаны па артыкуле, схільны да экстрэмізму»… Лісты, прачытаныя беларускімі акторамі Вольгай Каралёнак і Андрэем Саўчанкам, а таксама вершы ў выкананні саміх аўтараў, былых палітвязняў, гучаць на выставы, узмацняючы ўздзеянне матэрыяльных артэфактаў. Пакуль прадметы расказваюць пра побыт, словы адкрываюць унутраны свет тых, хто знаходзіцца за кратамі, іх думкі, эмоцыі і перажыванні. «У мяне ўсё добра, нічога асабліва новага…» – гэты кароткі радок з ліста раскрывае перад намі лад жыцця ў няволі. За спакойным тонам могуць хавацца знаходжанне ў карцары, ціск адміністрацыі або праблемы са здароўем.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Выстава даступная на трох мовах: беларускай, англійскай і польскай. Надпісы, інфармацыйныя матэрыялы і частка аўдыякантэнту спецыяльна адаптаваныя для замежнай аўдыторыі. Тэксты, напісаныя за калючым дротам, тут успрымаюцца як дакументы эпохі і сведчанні супраціву. Кожны верш, кожны ліст з’яўляецца праявай свабоды духу, якая мацнейшая за сцены.

Арганізатары выставы спадзяюцца, што яна не толькі раскажа пра рэпрэсіі, але і ўзмацніць салідарнасць з палітвязнямі. Бо пакуль нічога новага ў беларускіх турмах: дні ідуць, а людзі застаюцца за кратамі. Наш абавязак на волі памятаць пра іх і рабіць усё, каб наблізіць тую раніцу, калі для іх скончыцца ноч няволі.

«Нічога асабліва новага»: драматычныя абставіны турэмнага жыцця паказваюць на выставе ў Музеі Вольнай Беларусі
Фрагмент экспазіцыі выставы «Нічога асабліва новага». Фота: Вікторыя Адамава

Фінансавая і арганізацыйная падтрымка праекта: Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, мэрыя Варшавы, фундацыя «Trzy Trąby».

Суарганізатары і партнёры – праваабарончы цэнтр «Вясна», беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі», Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Выстава «Нічога асабліва новага» будзе працаваць да 1 ліпеня ўключна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости