«Непазбежнае вяртанне да жорсткіх часоў»: некаторыя селебрыці не хаваюць свайго расчаравання ў сувязі з пераабраннем Дональда Трампа

Перамога Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта выклікала шокавую рэакцыю ў шматлікіх артыстаў Галівуда, літаратараў, музыкантаў. Некаторыя селебрыці не сталі хаваць свайго расчаравання вынікамі прэзідэнцкай гонкі ў ЗША і падзяліліся сваімі эмоцыямі ды меркаваннямі з нагоды ў сацсетках.

Так, уладальніца «Оскара», вядомая амерыканская актрыса Джэймі Лі Керціс напісала ў Інстаграме, што перамога Трампа азначае «непазбежнае вяртанне да больш жорсткіх, і як некаторыя засцерагаюцца, драконаўскіх часоў».

«Шмат людзей засцерагаююца, што іх правы будуць ушчэмленыя, — піша пісьменніца і артыстка, вядомая па ролях у фільмах «Усё паўсюль і адразу», «Праўдзівая мана», «Рыбка па імені Ванда» ды іншых. — Шмат людзей, групы меншасцяў і моладзь будуць баяцца. Геі і трансгендары будуць баяцца яшчэ больш. Мы ведаем, што многім жанчынам цяпер будзе цяжка атрымаць рэпрадуктыўную дапамогу, у якой яны маюць патрэбу і якой заслугоўваюць. Сярод усіх гэтых людзей знойдуцца тыя, хто дапаможа вам. У тым ліку і я, — адзначае актрыса. — Але таксама гэта азначае, што мы павінны прачнуцца і змагацца. Замагацца за жанчын, нашых дзяцей і іх будучыню, змагацца супраць тыраніі, дзень за днём. Раз з разам. Пратэст за пратэстам. Вось што значыць быць амерыканцам».

Тэлевядоўца і комік Джымі Кімел так выказаў сваю пазіцыю ў дачыненні да пераабрання Дональда Трампа.

«Гэта была жудасная ноч для жанчын, для дзяцей, для сотняў тысяч працавітых імігрантаў, якія робяць гэтую краіну вялікай, для аховы здароўя, для нашага клімату, для навукі, для журналістыкі, для справядлівасці, для свабоды слова».

Эмоцыі захліснулі зорку серыяла «Мёртвы для мяне», амерыканскую актрысу і філантропа Крысціну Эплгейт.

«Калі ласка, адпішыцеся ад мяне, калі вы галасавалі супраць правоў жанчын. Супраць правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Адпішыцеся ад мяне, бо тое, што вы зрабілі, нерэальна. Не хачу такіх паслядоўнікаў». Лаўрэатка прэміі «Эмі» хацела закрыць сваю фанстаронку, але пазней з’явіўся допіс з выбачэннямі. «Я ўсё яшчэ хістаюся і ўсхліпваю. Але я ўжо не злуюся. Я проста збіраюся вярнуцца да сваёй бурбалкі і паглядзець кучу дзярмовых шоу Bravo, так што мір усім».

«Калі вы прагаласавалі за Трампа, я спадзяюся, што мір ніколі не прыйдзе да вас», — такой была рэакцыя амерыканскай спявачкі, аўтаркі песень Этэль Кейн. «Усе такія неверагодна ненавісныя. Мы — нацыя, якая не любіць і не паважае», — а гэтыя словы выканаўцы ўжо дадалі ў Вікіпедыю.

Амерыканскі пісьменнік, «кароль жахаў» Стывенг Кінг тонка нагадаў пра ўразлівасць дэмакратыі ў сувязі з вынікамі выбраў у Амерыцы: «У многіх крамах, якія гандлююць прыгожымі, але далікатнымі таварамі, можна ўбачыць надпіс: «Прыемна глядзець, прыемна трымаць у руках, але аднойчы вамі зламаныя — яны выстаўляюцца на продаж». Тое самае можна сказаць і пра дэмакратыю».

Іен Маккелен. Фота: https://moscow.theatrehd.com.

Брытанскі актор, сэр Іен Маккелен сёння працытаваў амерыканскага пісьменніка і рэдактара Х.Л. Менкена ў Х (былым Твітары).

«Вялікі амерыканскі пісьменнік і рэдактар Х. Л. Менкен напісаў гэта для «Baltimore Evening Sun» 26 ліпеня 1920 года, — адзначыў зорка кінатрылогіі «Валадар пярсцёнкаў», пакінуўшы два разважанні аўтара. —

Чым больш натоўп, тым цяжэй выпрабаванне. На невялікіх тэрыторыях, перад невялікімі выбаршчыкамі, першакласны чалавек часам прабівае сабе дарогу, захапляючы за сабой нават натоўп сілай сваёй асобы. Але калі справа тычыцца ўсёй краіны, і барацьба павінна весціся ў асноўным з другіх і трэціх рук, і сіла асобы не можа так лёгка даць пра сябе ведаць, тады ўсе шанцы на баку чалавека, які па сваёй сутнасці з’яўляецца самым вёрткім і пасрэдным[…]».

«З кожным годам прэзідэнцкая пасада ўсё часцей дастаецца такім людзям. Па меры ўдасканалення дэмакратыі гэты пост усё больш і больш адлюстроўвае ўнутраную душу народа. Мы рухаемся да ўзвышанага ідэалу. У адзін вялікі і слаўны дзень простыя людзі гэтай краіны нарэшце ажыццявяць запаветнае жаданне, і Белы дом ўпрыгожыць сапраўдны ідыёт».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!